Ад народных вытокаў праз творчасць – у будучыню. Гаворым пра вынікі развіцця сферы культуры Навагрудчыны

Ад народных вытокаў праз творчасць – у будучыню. Гаворым пра вынікі развіцця сферы культуры Навагрудчыны

Ад народных вытокаў праз творчасць – у будучыню. Гаворым пра вынікі развіцця сферы культуры Навагрудчыны

27 Июля 2020 455

За шматвяковую гісторыю беларускім народам сфарміравана багатая і самабытная культурная спадчына. Беларусь валодае значным гісторыка-культурным патэнцыялам, прадстаўленым аб’ектамі архітэктуры, мастацтва, музейнымі калекцыямі, якія захаваліся да нашых дзён – шэдэўры беларускага мастацтва знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Найбольш значныя матэрыяльныя каштоўнасці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Для кожнага народа захаванне культурнай спадчыны мае асаблівае значэнне. Гісторыка-культурная спадчына істотна ўздзейнічае на свядомасць і самасвядомасць людзей, дазваляе адчуць сваё дачыненне да культурных традыцый многіх пакаленняў, з’яўляецца самым аб’ектыўным сведчаннем мінулага. Гэта неад’емная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры, створаная, захаваная і перададзеная сучаснікам як нязменная каштоўнасць.


– Шматвяковая гісторыя, прыродная ўнікальнасць Навагрудчыны, культурная спадчына знайшлі сваё адлюстраванне ў шматлікіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ўстановамі культуры горада і раёна. Наша зямля ўзгадавала нямала таленавітых людзей, творчыя здабыткі якіх натхняюць і радуюць землякоў, – адзначае начальнік аддзела культуры райвыканкама Марына Шабановіч. – Чалавек, які працуе ў культуры, заўсёды знаходзіцца ў бесперапынным творчым працэсе: спачатку трэба абдумаць ідэі, а потым – увасобіць іх у жыццё, данесці да сэрца кожнага жыхара, адкрыць найлепшыя струны яго душы. Галоўная мэта спецыялістаў культуры – захаваць наш адметны нацыянальны культурны код, багатыя, стваральныя славянскія традыцыі. Таму да кожнай падзеі трэба падыходзіць аднолькава адказна, незалежна ад яе масштабу і колькасці ўдзельнікаў. 


Сфера культуры  не прымае абыякавых людзей. Яна прадстаўлена наступнымі дзяржаўнымі ўстановамі: Навагрудская раённая бібліятэка (20 устаноў), Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (19 устаноў), Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей і Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, а таксама ўстановамі дадатковай адукацыі ў сферы культуры: Навагрудская дзіцячая школа мастацтваў, Любчанская дзіцячая школа мастацтваў. У раёне працуюць 15 калектываў са званнем «народны» і «ўзорны». Кожны год мінулай пяцігодкі быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі, канцэртамі, праектамі, удзелам нашых творчых землякоў у  шматлікіх конкурсах і фестывалях. Культурнае жыццё Навагрудка 2018 года фарміравалася пад знакам святкавання 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Адзначаны цікавымі мерапрыемствамі і падзеямі быў і 2019 год, які для жыхароў нашага раёна прайшоў пад знакам 975-годдзя ўпамінання горада Навагрудка ў пісьмовых летапісах. Святы і ўвогуле ўсе культурна-масавыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Навагрудку, нагадваюць людзям пра вялікія здзяйсненні і падзеі мінулага, а яшчэ робяць жыццё навагрудчан больш яркім і насычаным.

 

Яркія таленты – багатыя натуры

Актыўную работу ўстановы культуры вядуць па развіцці творчай дзейнасці. Вядучыя калектывы Навагрудчыны прадстаўляюць сваю творчасць і за межамі Навагрудскага раёна, а таксама за межамі Беларусі (Рэспубліка Польшча г. Эльблонг падчас святкавання «Свята хлеба»).

Для захавання і развіцця нацыянальнай культуры, адраджэння традыцый, свят і абрадаў на Навагрудчыне праходзяць традыцыйныя святы і брэндавыя мерапрыемствы. У кожным аграгарадку з’явіўся свой брэнд. Гэта «Любчанскі шпацыр Радзівілаў» і «Вясёлы сыравар» у г.п. Любча, «Рыбалка ў графа Храптовіча» ў аг. Шчорсы, «Пятроўскі вянок» у аг. Пятрэвічы, «Яблычны фэст» у аг. Кашалева і «Мядовы вальс» у аг. Уселюб і інш. Летам Навагрудчына радуе жыхароў і гасцей святамі: «Хлеб, сыр, квас і добры настрой», «Народнаму – век не прапасці».



Пастаянны ўдзельнік не толькі раённых, але і рэспубліканскіх фестываляў – крэатыўны і творчы народны ансамбль песні і танца «Свіцязь». У мінулым годзе свой пяцігадовы юбілей адзначыла народнае аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс». А 30-гадовы юбілей адзначыў народны хор ветэранаў вайны і працы «Радасць».

Удзел у Фестывалі Саюзнай дзяржавы «Творчасць юных 2019» у г. Анапе прыняла салістка раённага Цэнтра культуры Сафія Грабовік.


Лепшыя традыцыі продкаў

Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў аб’ядноўвае таленавітых майстроў нашага краю. Тут адраджаюцца традыцыйныя рамёствы, вывучаецца вопыт папярэдніх пакаленняў і перадаецца майстэрства маладым талентам. Традыцыі выразання з паперы ў Навагрудскім раёне, адроджаныя майстрамі Цэнтра, былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

З мэтай падтрымкі народных умельцаў, развіцця традыцыйных рамёстваў пры Цэнтры рамёстваў працуюць 13 клубных фарміраванняў, у тым ліку і «Народны» клуб майстроў «Каляравая альтанка».

Майстры раённага Цэнтра рамёстваў дастойна прадстаўляюць наш раён на рэспубліканскім узроўні, а таксама за межамі краіны. У мінулым годзе работнікі ўстановы прадстаўлялі наш раён на выстаўцы традыцыйных мастацтваў у рамках Другога форуму рэгіенаў «Беларусь і Украіна».


Культурная спадчына

Насычана экскурсійная і выставачная дзейнасць у музеях.

За перыяд 2015-2019 гг. Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей прыняў 64 350 наведвальнікаў. Праведзены 2264 экскурсіі, у тым ліку 102 музейныя заняткі і 59 лекцый, 22 выстаўкі, 76 іншых культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. У параўнанні з 2015 г., у 2019 г. колькасць экскурсій павялічылася на 10 %, колькасць наведвальнікаў музея – на 9,7 %.

У мінулым годзе была ўрачыста адкрыта Сцяна Памяці і выстаўка пад адкрытым небам «Гісторыя будаўніцтва тунэля і ўцёкаў у сведках яго ўдзельнікаў» на тэрыторыі экспазіцыі «Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку». У ліку гасцей, што прысутнічалі на ўрачыстасці, быў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.


Адным з самых запатрабаваных як у беларусаў, так і замежных турыстаў застаецца Дом-музей Адама Міцкевіча, які штогод прымае больш за 31 000 турыстаў, 60 % з якіх – замежныя.



У 2015-2019 гг. у музеі арганізаваны і праведзены 63 выстаўкі. Сярод іх у 2017 годзе выстаўка «Прарок свайго часу. Адам Міцкевіч. Гравюры і медальёны» са збораў Польскага гісторыка-літаратурнага таварыства ў Францыі. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі (2012-2019) Павел Латушка і супрацоўнікі музея Адама Міцкевіча ў Парыжы.

У рамках мясцовай ініцыятывы «Асвета: паляпшэнне якасці жыцця сляпых і са слабым зрокам у горадзе Навагрудак» у рамках Праграмы развіцця ЕС-ПРААН Дом-музей набыў 15 аўдыягідаў.

У 2015 годзе быў праведзены бягучы рамонт музея, а ў 2018 годзе цалкам заменены драўляныя дахі будынкаў музея.

У гістарычным цэнтры Навагрудка шэсць гадоў таму была адкрыта персанальная карцінная галерэя мастака, члена Беларускага саюза мастакоў Кастуся Качана, якая ўключае дзве выставачныя залы і майстэрню мастака. Галерэя – адно з любімых месц гасцей горада.


Гонар нашага краю

Гісторыка-культурная спадчына Навагрудчыны мае сваю непаўторнасць, свае спецыфічныя рысы і з’яўляецца нашым гонарам і паўсядзённым клопатам. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 84 гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь. У іх складзе – 83 нерухомыя матэрыяльныя аб’екты і адна нематэрыяльная каштоўнасць (навагрудская выцінанка-выбіванка). Сярод аб’ектаў, якія маюць еўрапейскую значнасць, у першую чаргу, Навагрудскі замак, Свята-Барыса-Глебская царква, Фарны касцёл, Дом-музей А. Міцкевіча і інш. З 13 замкаў Беларусі два знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. Для прыцягнення патоку турыстычных груп былі распрацаваны дадатковыя анімацыйныя праграмы: «На зямлі легендарнай Ліцвінкі» і анімацыйная праграма  «Навагрудскія пацехі». Са дня адкрыцця ў 2015 г. эколага-інфармацыйнага цэнтра «У гасцях у 12 месяцаў» на беразе возера Свіцязь праводзяцца інтэрактыўныя забаўляльна-гульнявыя праграмы, тэатралізаваныя паказы для дзяцей і дарослых.



Сузор’е юных талентаў

За час работы дзве дзіцячыя школы мастацтваў і дзіцячая музычная школа далі пуцёўку ў жыццё не адной сотні сваіх выпускнікоў, многія з якіх дастойна прадстаўляюць сваю малую радзіму за яе межамі. У Навагрудскай ДШМ навучанне вядзецца па чатырох напрамках дзейнасці: музычнай, харэаграфічнай, выяўленчай, народнай творчасці. У 2015 г. адкрыты клас віяланчэлі і кірунак дзейнасці «народная творчасць». У 2017 г. адкрыты клас кларнета і ў 2018 г. – кірунак дзейнасці «харэаграфія».

У перыяд 2015-2019 гг. перспектыўныя навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, па выніках 22 выхаванцы школы адзначаны заахвочвальнымі прэміямі і матэрыяльнай дапамогай з уручэннем пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Прыемна, калі юных музыкантаў заўважаюць на такім высокім узроўні.

У школе працуе 4 калектывы са званнем «народны» і «ўзорны». На базе дзіцячай школы мастацтваў штогод праводзяцца творчыя фестывалі: «Уся мая радня – артыстычная сям’я», «Салавейка» і «Вясёлка надзей». Штогод умацоўваецца матэрыяльная база школы, набываюцца новыя музычныя інструменты.


Адкрыты свет бібліятэкі

У 2015 г. арганізацыяй бібліятэчнага абслугоўвання займаліся 25 бібліятэк. Паступова была праведзена аптымізацыя, і сёння ў раёне працуюць 20 бібліятэк. Бібліобус абслугоўвае жыхароў маланаселеных аддаленых вёсак раёна.

Навагрудская раённая бібліятэка рэалізуе шмат цікавых праектаў і тэматычных мерапрыемстваў. У 2016 годзе эксклюзіўным стаў праект па стварэнні экспазіцыі міні-макетаў старажытных будынкаў Навагрудчыны «Страчаная спадчына». У 2019 г. макет гарадской ратушы на абласным конкурсе адзначаны дыпломам II ступені.


У 2018 годзе ў рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» бібліятэкай рэалізавана мясцовая ініцыятыва «Празорлівасць: паляпшэнне якасці жыцця сляпых і слабавідушчых у горадзе Навагрудку».


Дзякуючы набытаму тыфлаабсталяванню, інваліды па зроку зараз могуць самастойна чытаць кнігі, часопісы, газеты.

Важная падзея 2019 года – прэзентацыя і ўрачыстая перадача ў дар факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля. А яшчэ бібліёграф раённай бібліятэкі Святлана Чубрык атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры на рэалізацыю наватарскага культурнага праекта «Рэтра-фотаатэлье».


Падрыхтавала Вольга Пісар, «НЖ»