Вернікі адзначаюць Радаўніцу. Гісторыя свята і традыцыі яго сустрэчы

Вернікі адзначаюць Радаўніцу. Гісторыя свята і традыцыі яго сустрэчы

29 апреля 2025 71
У хрысціянскай традыцыі гэты дзень напоўнены верай у вечнае жыццё.
История6.jpg
Радаўніца, або вясновыя дзяды, – гэта асаблівы дзень у праваслаўным календары, прысвечаны памінанню памерлых. Гэта ўнікальнае свята, якое спалучае глыбокую духоўную сімволіку і старажытныя народныя традыцыі.

Надмагiльныя вянкi, фартухi ды ручнiкi

Радаўніца мае свае карані з паганскіх традыцый усходніх славян, якія верылі ў сувязь паміж мірам жывых і памерлых. Культ продкаў, як і культ зямлі, былі важнымі ў жыцці старажытных славян, бо земляробства, збіральніцтва і паляванне кармілі іх. Таму зямлю-матухну стараліся ўсяляк “задобрыць”, каб яна дала добры ўраджай. А памерлых сваякоў прасілі ў гэтым дапамагчы.

Нездарма пра Радаўніцу казалі, што ў гэты дзень зранку пашуць, у дзень плачуць, а ўвечары скачуць. Згодна з матэрыяламі, сабранымі Янкам Крукам, даследчыкам духоўнай культуры беларусаў, лічылася, што калі ў гэты дзень вывезці на поле або ў агарод хоць адзін воз навоза, то будзе добры ўраджай. Такім чынам, рабіць у гэты дзень не толькі не забаранялася, але і раілася. Але зранку. Бо ўдзень ішлі ў храм, а потым – на могілкі, бо лічылася, што ў гэты дзень памерлыя чакаюць каля іх варот сваіх родных. Там, на надмагільныя крыжы вешалі белы вянок – калі пахавана дзяўчына, белы фартух – калі пахавана жанчына і белы ручнік – калі пахаваны мужчына. А каля магілы апошняга памерлага родзіча ладзілі рытуальную трапезу. Канешне, шмат успаміналі, плакалі, расказвалі малодшым нейкія падзеі з мінулага свайго роду. А ўжо ўвечары жыццё ішло сваёй чаргой – дазволены былі гулянкі з музыкай і танцамі.

У хрысціянскай традыцыі гэты дзень напоўнены верай у вечнае жыццё. Таму паходжанне назвы “Радаўніца” вядзе ад слова “род” і “радасць”, аб’ядноўваючы жывых і памерлых у агульнай велікоднай радасці –перамогі жыцця над смерцю.

Сучасныя традыцыі

За многія стагоддзі Радаўніца зведала шэраг істотных зменаў, але не страціла свайго галоўнага сэнсу. Яна адзначаецца на дзявяты дзень пасля Вялікадня (сёлета – 29 красавіка), бо ў праваслаўі лічыцца, што душа памерлага праз такі час адпраўляецца на нябёсы.

Што сёння можна назваць атавізмам у традыцыях Радаўніцы, а што вітаецца рабіць, паведаміў чытачам “ГП” Максім Цыгель, сакратар Лідскай епархіі:

– Сапраўды, гэта свята старажытнае і таму за стагоддзі паспела начапляць на сябе шмат непатрэбнага, не адпавядаючага сучасным хрысціянскім звычаям.

Каб менш дапускаць памылак, што тычацца царкоўных традыцый, важна дакладна ўяўляць сабе сэнс гэтага свята.

Тыдзень пасля Вялікадня называецца Светлай сядміцай. У гэты час не здзяйсняецца памінальных набажэнстваў. Першае памінанне спачылых пасля свята Уваскрэсення Хрыстова адбываецца менавіта на Радаўніцу. У гэтым яе галоўнае значэнне. Гэта не адзіны такі дзень у годзе, ёсць яшчэ Троіцкая і Дзмітрыеўская бацькоўскія суботы, пад час Вялікага посту тры суботы запар былі памінальнымі.

История5.jpg

Што тычыцца праявы нашых пачуццяў, то мы не можам па ўказанню радавацца або смуткаваць. Таму на могілках трэба сябе паводзіць так, як падкажа сэрца. Веруючыя ж людзі да смерці і спачылым адносяцца з пазіцыі уваскрашэння Хрыста з мёртвых. Таму і малітвы за памерлых людзей – гэта не пра адчай і жалобу, а пра надзею. У гэтыя патаемныя моманты мы просім у Госпада спачыну душы перад пачаткам наступнага ўваскрашэння.

З аднаго боку мы смуткуем, што нашы блізкія не з намі, а з другога – радуемся, што кожнага з нас чакае уваскрашэнне з мёртвых. У такія моманты чалавечы смутак аб’яднаны з духоўнай надзеяй.

У пасхальным слове свяціцеля Іаана Златауста (IV ст.) гучаць словы: “Смерць! Дзе тваё джала? Ад! Дзе твая перамога?! Уваскрос Хрыстос і ты скінуты!” Такім чынам Гасподзь пераадолеў смерць. І калі мы будзем ісці за ім, значыць, і для нас смерці няма. Гэта пераход у новае жыццё. Зямное жыццё – гэта толькі іспыт дзеля будучага.

Таму ніякага смутку, толькі радасць. І яе мы падзяляем з нашымі спачылымі. Яны нікуды не зніклі. Яны разам з намі. Толькі яны належаць Царству Нябеснаму, калі таго заслужылі, а мы – пакуль яшчэ тут, на зямлі.

Для душ нашых спачылых перш-наперш важна малітва. Таму патрэбна наведаць службы, якія адбываюцца раніцай на Радаўніцу, папрасіць Госпада дараваць ім вольныя і нявольныя грахі, памаліцца за вечны пакой іх душ.

А потым па традыцыі пайсці ці паехаць на месцы іх спачыну і там таксама памаліцца за іх.

Пра трапезу i аб парадку на могілках

Калі язычніцкая традыцыя “карміць” душы продкаў перайшла ў ранняе хрысціянства, захаванне яе ў той час яшчэ мела рацыю ў тым сэнсе, што пакінутую на магілах ежу сабіралі жабракі.

Сёння ж ўсё гэта дастаецца птушкам і жывёлам. Але задумайцеся самі: ці патрэбна, каб яны там сталаваліся, наносілі смецце на прыбраныя магілкі, ды яшчэ і раскапвалі іх, каб прыхаваць недаедзенае?

Што тычыцца цыгарэт і алкаголю, які пакідаюць у шклянках, ці, яшчэ горш, паліваюць на магілу, то гэтага праваслаўная царква не ўхваляе наогул.

А вось калі вернецеся з могілак дахаты, можаце накрыць памінальны стол, успомніць сваіх спачылых родзічаў, паўспамінаць, пагутарыць…

Людзі часта пытаюцца, калі можна прыводзіць у парадак магілы: на саму Радаўніцу ці напярэдадні?

photo_2025-04-28_08-35-22.jpg

– Свята на то яно і свята, каб, калі няма патрэбы, не займацца бруднай работай. Таму лагічна парадак навесці заранёў. Але так бывае, што людзі жывуць далёка ад магіл сваіх родных або працуюць па такім графіку, парушыць які не маюць магчымасці, і могуць трапіць на могілкі толькі на саму Радаўніцу. Таму, канешне, лепей прыбраць смецце ў гэты дзень, чым пакінуць яго наогул, – патлумачыў айцец Максім.

Найбольш масава прыбіраць могілкі пасля зімы людзі пачынаюць у перыяд пасля Вялікадня да Радаўніцы. І вось тут трэба не забыць праявіць даніну павагі не толькі да сваіх спачыўшых, але і да іншых, якія ляжаць побач, а таксама да іх родных.

Сваімі думкамі на гэты конт падзялілася Святлана Белапятровіч, начальнік участка па ўтрыманні могілак Лідскага ГУП ЖКХ:

– Хочацца звярнуцца да ўсіх людзей, каб падчас прыборкі магіл і іх добраўпарадкавання смецце выкідвалі ў адведзеных месцах, дзе ўстаноўлены кантэйнеры. У Лідскім раёне, напрыклад, усе могілкі маюць такія пляцоўкі, да гэтай пары нашай службай яны ўжо адноўлены, кантэйнеры і малыя архітэктурныя формы пафарбаваныя, вадой запоўнены тэхнічныя ёмкасці. Таксама прыведзены ў парадак надворныя туалеты на гарадскіх могілках.

Хачу яшчэ даць параду тым, хто ставіць кветкі на магілах. Лепей, калі яны будуць добра замацаваныя. Бо пры моцным ветры яны выдуваюцца і разлятаюцца па ўсіх могілках. Устанавіць дакладна, адкуль якая кветка прыляцела, немагчыма. Напачатку нашы супрацоўнікі ставілі іх на бліжэйшай магілцы. Але былі выпадкі, калі блізкія пахаваных бачылі гэтыя кветкі на чужых магілах, і тады здараліся канфліктныя сітуацыі, маглі абвінаваціць нявінных людзей у крадзяжы. Таму цяпер, каб не было такіх недарэчнасцей, а раскіданыя ўпрыгожванні не ператвараліся ў смецце, мы іх проста выкідваем.

Sp9L813IrPc.jpg

…У Беларусі на дзяржаўным узроўні захоўваюцца традыцыйныя чалавечыя каштоўнасці, патдрымліваюцца традыцыі, якія спрыяюць не толькі стварэнню, але і ўмацаванню сям’і. І адзін з такіх прыкладаў – афіцыйны выхадны дзень на Радаўніцу, каб даць магчымасць сваякам сабрацца на малой радзіме, каб успомніць мінулае, падзяліцца надзённым. І адчуць моц свайго роду, сваёй роднай зямлі.

Даехаць будзе не праблема

Як паведамілі ў ДУ “Аператар пасажырскіх перавозак”, і на Радаўніцу, і ў папярэднія дні па ўсёй Гродзенскай вобласці да месц пахавання будуць арганізаваныя дадатковыя рэйсы гарадскіх і прыгарадных маршрутаў.

Па інфармацыі Гродзенскага гарадскога аператара пасажырскіх перавозак, у сувязі з павелічэннем пасажырапатоку ў раён могілак “Аульс” і “Сакрэт” з 25 па 29 красавіка будуць дабаўлены дадатковыя рэйсы на аўтобусны маршрут №13 “Аўтавакзал – могілкі “Аульс”. А з 27 па 29 красавіка будзе арганізаваны тралейбусны маршрут №17 “Аўтавакзал – “Гродна Азот”, які будзе курсіраваць: прыпынак “Аўтавакзал” – праспект Касманаўтаў – прыпынак “Гродна Азот”. Назад – у тым жа накірунку.

Гродзенская праўда