За медыцынскай спецыяльнасцю – у каледж

За медыцынскай спецыяльнасцю – у каледж

За медыцынскай спецыяльнасцю – у каледж

23 июня 2021 895
Для таго, каб працаваць у медыцыне, не абавязкова мець вышэйшую адукацыю. Медсясцёр, фельчараў-фармацэўтаў рыхтуюць у 14 сярэдніх спецыяльных установах нашай краіны. У медыцынскі каледж абітурыентаў бяруць толькі з агульнай сярэдняй адукацыяй, пагэтаму пасля 9 класаў паступіць туды не атрымаецца.

З 2021 года ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы арганізуецца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці «Медыка-прафілактычная справа».

Тэрмін навучання – 1 год 10 месяцаў (на аснове агульнай сярэдняй адукацыі). Форма навучання дзённая, бюджэт, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, на платнай аснове. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю: «фельчар-гігіеніст», «эпідэміёлаг».

Для паступлення неабходна прадаставіць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай (рускай) мове і біялогіі.

Пасля заканчэння навучання выпускнікі дадзенай спецыяльнасці могуць працаваць у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, займаць наступныя пасады: памочнік урача (гігіеніста, эпідэміёлага, паразітолага), інструктар-дэзынфектар, фельчар-валеолаг, медыцынскі статыстык.

Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў Беларусі з’яўляюцца санітарна-­эпідэміялагічнымі арганізацыямі сістэмы Міністэрства аховы здароўя і ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд.

Яны прызваны забяспечваць санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва, займаюцца прафілактыкай захворванняў, аздараўленнем асяроддзя пражывання чалавека і ўмоў яго жыццядзейнасці.

Сярод асноўных задач і функцый такіх устаноў з’яўляюцца:

- арганізацыя і правядзенне дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы архітэктурных і будаўнічых праектаў; праектаў санітарна-ахоўных зон арганізацый, збудаванняў і іншых аб’ектаў, якія аказваюць уздзеянне на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, зон санітарнай аховы крыніц і сістэм пітнога водазабеспячэння; праектнай дакументацыі на капітальны рамонт і рэканструкцыю, пры якіх ажыццяўляецца пашырэнне або павелічэнне магутнасці, а таксама змяненне мэтавага прызначэння аб'ектаў сацыяльнай, вытворчай, транспартнай, інжынернай інфраструктуры; работ і паслуг, якія могуць прадстаўляць патэнцыяльную небяспеку для здароўя насельніцтва; умоў працы работнікаў і інш.

Напрыклад, у Навагрудскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі выпускнікі каледжа могуць працаваць на пасадах памочніка ўрача-гігіеніста і памочніка ўрача-эпідэміёлага.

Даведка

Медыцынскі каледж у Гродне адрозніваецца ад усіх профільных ССНУ тым, што тут ёсць асобная і адзі­ная ў Беларусі спецыяльнасць для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – «Лячэбны масаж». Паступ­ленне на спецыяльнасці («Сястрынская справа», «Лячэбная справа», «Медыка-прафілактычная справа» і «Лячэбны масаж») ажыццяўляецца на падставе сярэдняга бала атэстата.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 8 (0152) 44-73-15 – прыёмная камісія, +37529-889-97-78 (МТС) – адказны сакратар прыёмнай камісіі, а таксама на сайце ўстановы: www.medkolleg.grodno.by.

Алена Ермакова, «НЖ»