Трагедыя і памяць вёскі Малочкі

Трагедыя і памяць вёскі Малочкі

Трагедыя і памяць вёскі Малочкі

22 марта 2022 1076

У Год гістарычнай памяці на Навагрудчыне стартавала акцыя ў памяць аб вёсках, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні сярэдняй школы № 5 актыўна далучыліся да збору інфармацыі пра вогненных сясцёр Хатыні. Разам з удзельнікамі пошукава-даследчай групы мы правялі вялікую работу па пошуку звестак пра вёску Малочкі Навагрудскага раёна, якую 18 снежня 1943 года спалілі фашысты.

22 сакавіка споўніцца 79 гадоў з дня, калі гітлераўскія карацелі знішчылі вёску Хатынь разам з яе жыхарамі. Памяць аб трагічных падзеях вайны абпальвае нашы сэрцы, нагадваючы аб святым абавязку – захоўваць гістарычную праўду, берагчы мір і спакой на роднай зямлі. Пошук звестак пра вёску Малочкі ўдзельнікі групы пачалі з даследавання архіўных дакументаў, але інфармацыя пра жыхароў гэтай вёскі захавалася толькі з 1944 года. Аднак пошукі працягваліся, і мы знайшлі ветэрана педагагічнай працы Леакадзію Яўгеньеўну Бужынскую (у дзявоцтве – Навіцкую) з аг. Забалаць Воранаўскага раёна, якая была жыхаркай вёскі Малочкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння Леакадзія Яўгеньеўна жыве ў дачкі ў горадзе Жодзіна. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі аб жыхарах вёскі Малочкі і страшных падзеях ваеннага ліхалецця. Гэта дапамагло даследчай групе сабраць інфармацыю і прыступіць да працы над макетам спаленай вёскі.

З успамінаў Леакадзіі Яўгеньеўны Бужынскай:

«Я нарадзілася і вырасла ў невялікай вёсцы Малочкі Навагрудскага раёна (у тыя часы Любчанскага). Да вайны ў вёсцы было 22 хаты і 102 жыхары. З усіх бакоў яна была акружана лесам. Цяпер гэтай вёскі няма. Вялікая Айчынная вайна ў маёй памяці засталася на ўсё жыццё. У 1941 годзе мне было няпоўных 3 гады (я нарадзілася ў лістападзе 1938 года). Здавалася б, дзеці такога ўзросту не павінны нічога помніць, але мая памяць захавала асобныя эпізоды. Пра іх я і хачу расказаць. Першыя ўспаміны: самалёты з чорнымі крыжамі на крылах ляцяць з захаду на ўсход. Людзі выбеглі на вуліцу, зразумелі, што пачалася вайна, сталі плакаць. Неўзабаве пачуліся выбухі. Бамбілі Навагрудак».

«Некаторы час у вёсцы стаяў партызанскі атрад»
Запомніўся і такі факт: у нас у кветніку стаяла досыць вялікая дошка, прыбітая да моцнай жэрдкі. На ёй было напісана, як мне потым патлумачылі, «стараста». Гэтая дошка ўказвала немцам ці паліцаям, дзе жыве стараста. Мой бацька Яўгеній Вікенцьевіч Навіцкі быў старастам цэлы ты дзень. Потым перанеслі гэтую дошку да суседа. Праз тыдзень яе панеслі далей. Усе дарослыя мужчыны па чарзе былі старастамі. У вёсцы не знайшлося чалавека, які б пагадзіўся выконваць абавязкі старасты пастаянна. Не магу сказаць, як хутка, але праз некаторы час у лясах з’явіліся партызаны. Часта яны заходзілі ў вёску адпачыць, зрабіць запасы кармоў, ежы. Некалькі маладых людзей пайшлі ў партызанскі атрад. Жыццё было няпростым. Днём прыязджалі немцы, паліцаі, патрабавалі вы даць партызан, забіралі прадукты харчавання, скаціну. Адбіралі моладзь і мужчын для адпраўкі ў Германію.

Некаторы час у вёсцы стаяў партызанскі атрад. Гэта была вясна 1943 года. Партызан было шмат, яны размясціліся па ўсёй вёсцы. Недалёка ад нас, у суседа, знаходзіўся штаб партызанскага атрада. Часта жыхары вёскі хадзілі ў штаб слухаць Маскву, вялі розныя гутаркі. У маіх бацькоў быў вялікі дом і гумно, таму ў нас размясцілася партызанская кухня. У доме жылі дзве дзяўчыны-партызанкі, якія гатавалі ежу. Ім дапамагалі двое мужчын-партызан, мая мама Марыля Янаўна і цётка. Яшчэ да нас прыходзіла дзяўчына-радыстка, расказвала пра навіны з фронту. Вельмі добра памятаю, што ў атрадзе быў урач. Малады, прыгожы, добры «дзядзька», які выратаваў мне жыццё. У мяне быў моцны прыступ болю ў жываце, ірвота. Пасля агляду ўрач паставіў дыягназ – востры апендыцыт. Патрэбна была тэрміновая аперацыя, але ён сказаў бацькам, што паспрабуе зняць прыступ і адцягнуць аперацыю на некаторы час. Калі не атрымаецца – будзе аперыраваць у хатніх умовах. Мне давалі лекі, якія знялі боль. Потым далі выпіць нейкі раствор, падобны на раствор мелу. Яго было шмат, шклянкі дзве, і пачалі патроху карміць. Я ачуняла. Урач стаў маім добрым сябрам. Праведваў, прыносіў падарункі: некалькі кавалачкаў цукру-рафінаду, «зайчыкаў хлеб», прыгожыя шышкі, гуляў са мной. А выдалілі апендыцыт мне праз 7 гадоў, у 1950 годзе.

«Велізарны пажар, крыкі і плач людзей»
Пасля таго, як партызанскі атрад перабазіраваўся ў іншае месца, вельмі частымі сталі нямецкія налёты. Прыязджалі на машынах, рабілі аблёты на самалётах, але нашу вёску не бамбілі. Больш за ўсіх ад бамбёжак пацярпела в. Альхоўка. Днём насельніцтва старалася схавацца ў лесе. Ужо была восень, холадна, грэліся ля вогнішчаў. Стараліся, каб вогнішчы моцна не дымілі – немцы маглі заўважыць іх з самалётаў.

18 снежня 1943 года немцы спалілі ў адзін дзень вёскі – Ацмінава, Дзетамля, нашы Малочкі, Люкевічы і бліжэйшыя хутары Лозы, Гніліцы, Пукачы, Дзяміды. Што я памятаю пра той дзень? У нас дома былі толькі мая мама, я (мне тады было 5 гадоў) і мой стрыечны брат Андрэй (9 гадоў). Тата, цётка Ганна і яе жаніх пайшлі ў Любчу, яны вырашылі ажаніцца, а бабуля пайшла за гаспадыню ў дом жаніха.

Ноччу нехта ціхенька пастукаў у акно і папрасіў: «Гаспадынька, дай хлеба, мы партызаны». Мама яшчэ раней заўважыла на ўскрайку лесу людзей у белых маскхалатах і зразумела, што гэта нямецкае ачапленне. Ды і стук быў не такі, як умоўлена з партызанамі. Яна пачала громка гаварыць: «Я ніякіх партызан не ведаю, хлеба ў мяне няма, не адкрыю, ідзіце». Пасля спрэчак яны пайшлі. Калі развіднела, вялікая колькасць немцаў і паліцаяў увайшлі ў вёску, па 2-3 чалавекі пачалі заходзіць у кожны дом. Да нас зайшло трое паліцаяў і сталі тлумачыць: «Тут будуць праходзіць вялікія баі, таму трэба вывезці мірнае насельніцтва. Не палохайцеся, збярыце цёплыя рэчы, прадукты на 3-4 дні. Мы вывезем вас у бяспечнае месца, паколькі вы адна з дзецьмі, мы дапаможам». Мама пачала збірацца і выпадкова пачула, як паліцаі гаварылі між сабой: «Няўжо вёску будуць паліць?». Мама зразумела, у чым справа, пачала плакаць і праклінаць немцаў.
Пагрузілі нашы пажыткі на дзве падводы, дзве каровы адвялі, жарабя і курэй выпусцілі на вуліцу, кабана забілі. Нас пасадзілі на падводу, вывезлі за вёску і паставілі ў калону з нашымі суседзямі. Ужо пачало цямнець. Немцы сталі падпальваць нашы хаты і гаспадарчыя пабудовы. Якое гэта было жудаснае відовішча: велізарны пажар, крыкі і плач людзей, роў жывёлы – а вакол узброеныя людзі.

Павезлі нас у вёску Уселюб. Там была нямецкая ўправа, яе называлі «пастарункам». Мама папрасіла ўладальнікаў фурманак не везці нас ва ўправу, а да знаёмых людзей – сям’і Арцімовіч. Там мы пераначавалі, а раніцай прыйшоў паліцай і загадаў ісці ва ўправу. Калі мы з мамай ішлі па вуліцы, паліцай адвярнуўся, а з аднаго з дамоў выбегла жанчына, забрала нас да сябе і схавала. Прыходзілі да яе паліцаі, шукалі пагарэльцаў, але яна адгаварылася. Жанчына адвяла нас у гумно, там у кутку стаяў вялікі стол. Мы залезлі пад гэты стол, і яна прыкрыла нас сенам. Так прасядзелі да таго часу, пакуль усіх, каму не ўдалося ўцячы, не павезлі ў Навагрудак. Там жанчын з дзецьмі і старых памясцілі ў турму. Моладзь і мужчын зачынілі ў канюшні, якая была пабудавана яшчэ палякамі для коней кавалерыйскага палка. Ва Уселюбе стала спакойна. Тады гэтая добрая жанчына прынесла нам гарачай ежы. Мы падсілкаваліся і пайшлі палявымі дарогамі ў вёску Біцевічы (кіламетраў 5-6), дзе жылі нашы далёкія сваякі. Цётка Ганна Хоміч вельмі добра нас прыняла. Мы былі ў цяпле, накормленыя.

«Некалькі разоў бацькоў выводзілі расстрэльваць»
На наступны дзень вярнуўся дадому тата. Замест дома і сям'і ўбачыў папялішча. Вядома, ён пайшоў шукаць нас і трапіў у нямецкую засаду, быў арыштаваны. Спачатку яго пасадзілі ў нямецкую турму, потым з іншымі павезлі на работу ў Нямеччыну. Пагрузілі ў вагоны без даху, моцна забітыя і абкручаныя калючым дротам. Па расказах бацькі, ён і чатыры чалавекі вырашылі ўцячы. У аднаго з іх былі металічныя абцугі. Аднаго чалавека, трымаючы за ногі, спускалі ўніз галавой пад вагон. Ён рэзаў калючы дрот. Чалавек не мог доўга вісець ўніз галавой, таму яны часта мяняліся. Ім удалося парваць дрот, выбіць дзверы вагона. Справа была ноччу. Ахова ехала ў першым і двух апошніх вагонах. На перагоне Наваельня-Ліда вязні пачалі скакаць у кусты або на чорную праталіну. Па дамоўленасці збіраліся ў групу. Не ўсе прыйшлі. Некаторыя ніколі не вярнуліся дадому. Ішлі пешшу, абыходзілі населеныя пункты, трымаліся лесу. Гэта было недалёка ад нашай мясцовасці – кіламетраў 30-40. Бацька знайшоў нас у Біцевічах. Там яго адмылі, ачысцілі ад вошай. Мая мама была родам з вёскі Лелюкі Юрацішкаўскага (цяпер Іўеўскага) раёна. Там жылі яе бацька і тры браты з сем'ямі. Бацька мамы і яе малодшы брат прыехалі і забралі нас. Андрэя забрала яго маці. Жыць было няпроста. Калі прыязджалі немцы, хаваліся ў падвале, хляве, пабудовах суседзяў. Некалькі разоў бацькоў выводзілі расстрэльваць. Потым за хабар ва ўправе далі нам нейкі дакумент, па якім мы мелі права пражываць у радні. Спачатку і ў партызан быў да нас недавер. Але ў партызанскім атрадзе, які базіраваўся ў той мясцовасці, партызаніў бацькаў стрыечны брат – Мікша Генадзій Аляксандравіч. Для іх мы былі свае людзі.

Вясной бацькі вырашылі ехаць дадому. Сваякі далі нам сані, старога каня, прадуктаў, і дзесьці ў канцы сакавіка пачатку красавіка мы рушылі ў дарогу. На гэты раз нам не пашанцавала. На нашым шляху быў Нёман і пераправа на пароме. У гэтую ноч партызаны напалі на нямецкі гарнізон, які быў раскватараваны ў вёсцы Барова і разбілі яго. Але адзін мясцовы паліцай прабраўся балотам у Іўе за дапамогай. Немцы на абарону свайго гарнізона накіравалі танкі, самалёты, таму партызанам прыйшлося адступаць. Да парома мы пад'ехалі адначасова з партызанамі. Я бачыла, як паром бамбілі 2 самалёты. Яны ляталі вельмі нізка, скідвалі бомбы. Праз шмат гадоў я даведалася, што ў гэтым баі ўдзельнічаў ветэран вайны Мялешка Іван з Радуні, але пагаварыць з ім я не паспела.

«Памятаць патрэбна, але помсціць нельга»
Нам прыйшлося вярнуцца ў Лелюкі, а дадому мы паехалі пазней. Дарога была вельмі дрэнная. Снег раставаў, і ехаць на санях была адна пакута. Конь выбіваўся з сіл. Бацькі частку грузу здымалі, пакідалі на абочыне. Сані разам з канём цягнулі на сабе, а потым вярталіся і прыносілі астатнія рэчы. Нарэшце даехалі. І ўбачылі голае папялішча, печку, металічныя часткі ад сельгасінвентару. Так выглядала ўся вёска, усе 22 хаты. Каля лесу захавалася «сушня». Гэта вялікая зямлянка з каменнай печчу, дзе раней сушылі льнотрасту перад тым, як яе церабіць. Туды мы і накіраваліся, але там ужо жыла сям'я суседзяў. Мы там і пасяліліся, а потым і яшчэ некалькі сем'яў. Размясціліся так: на вышыні метр-паўтара вакол усіх сцен з жэрдак зрабілі палаткі. Там спалі дзеці, а дарослыя на зямлі. Цесната страшная. Ваду трэба было прыносіць з вясковых калодзежаў. Ежу гатавалі часцей за ўсё на сваіх папялішчах, там жа і мыліся. Аб нармальнай санітарыі не прыходзілася і думаць. Таму з'явіўся тыф. І я таксама перахварэла. Харчаванне было вельмі бедным. У нас і ў некаторых іншых сем'яў у лесе былі закапаны бульба, збожжа. Бульбу варылі або пяклі на вогнішчы. У адной сям'і былі ручныя жорны. На іх збожжа размолвалася не цалкам, а проста трохі драбнілася. З яго таксама на вогнішчы варылі кашу. Калі камусьці сваякі з іншых вёсак давалі крыху сала, тлушчу або масла, то гэта было вялікае свята. Жылі вельмі дружна, усім дзяліліся. На ўсю вёску была адна карова. Малако па чарзе атрымлівалі дзеці. На конях, а то і ўручную апрацоўвалі зямлю. Стараліся пасеяць збожжавыя, пасадзіць бульбу, градкі. Калі пачало спець жыта, зразалі каласкі, сушылі, малолі. Кашы стала дастаткова. Час ішоў.

Потым пачалі будаваць жыллё. Усе дапамагалі адзін аднаму: спілаваць дрэва, дацягнуць яго на папялішча, пры неабходнасці падняць на вышыню. Летам 1944 года нас вызвалілі. Пачала ўсталёўвацца Савецкая ўлада. Мужчын сталі прызываць у Чырвоную армію. Да адыходу ў войска бацька паспеў пабудаваць толькі сцены, паклаў на іх неачэсаныя жэрдкі і прыкрыў яловай карой невялікі куток, дзе мы з мамай спалі. На час мабілізацыі майму бацьку было 49 гадоў, таму яго не паслалі на фронт, а накіравалі на нарыхтоўку лесу. Падчас моцнага дажджу ён прамок, прастудзіўся і захварэў цяжкім запаленнем лёгкіх. Амаль месяц ляжаў у бальніцы, а потым яго камісавалі. І восенню ён вярнуўся дадому. З дапамогай радні хату дабудавалі, бацька паставіў дзверы, акенца, «зляпіў» рускую печ. Жылі пры лучыне, у доме было холадна, але спакойна. Вялікая Айчынная вайна пазбавіла мяне і маіх аднагодкаў нармальнага дзяцінства. Але да сучаснай Германіі і нямецкага народа стаўлюся добразычліва, зла не трымаю. Лічу, што памятаць патрэбна, але помсціць нельга».

Г. ІГУМІНАВА,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 5.