Стогадовы юбілей адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка

Стогадовы юбілей адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка

Стогадовы юбілей адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка

16 ноября 2024 433
16 лістапада ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алімпій Мікалаевіч Сечка адзначае 100-гадовы юбілей. Стагоддзе – салідная вяха нават для гісторыі, ну а для чалавека... хутчэй мара. Кожнаму з нас хоць раз жадалі дажыць да ста гадоў, але вось дасягнуць такога ўзросту атрымліваецца ў адзінак. І як жа выдатна, што наш зямляк Алімпій Мікалаевіч, жыццё якога прайшло праз цяжкія выпрабаванні, ваеннае ліхалецце, сустракае гэтую сур'ёзную дату ў добрай памяці, на сваіх нагах, у акружэнні вялікай дружнай сям’і.

У жыцці Алімпія Мікалаевіча, як у люстэрку, адбілася гісторыя краіны, складаны лёс і праца да сёмага поту простых людзей у найцяжэйшыя часы пералому эпох, любоў і адказнасць нашых прадзедаў за будучыню сваёй Радзімы. Маладосць была апалена вайной, якую ветэран прайшоў з гонарам, па-геройску, а ў пасляваенны час заслужыў сабе пашану і павагу сваёй працоўнай дзейнасцю. Сёння для нас, цяперашняга пакалення, успаміны гэтага неверагоднага, мужнага чалавека на вагу золата.

Алімпій Мікалаевіч Сечка нарадзіўся 16 лістапада 1924 года ў вёсцы Чарэшля Навагрудскага раёна. Дзяцінства было цяжкае, як і ў многіх у той час. З ранніх гадоў давялося шмат праца­ваць – ён быў старэйшым дзіцем у сям'і. Кожнае лета пасвіў кароў, а як пасталеў, пайшоў працаваць на будоўлю. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гэтыя гады засталіся ў памяці Алімпія Мікалаевіча як адны з самых шчаслівых: у сям'і заўсёды панавала атмасфера цяпла, узаемаразумення і любові.

– У шматдзетнай сям'і, акрамя мяне, выхоўвалася яшчэ трое дзяцей – сёстры Соф'я і Марыя, брат Пётр. Я быў старэйшым, таму немалую частку хатніх абавязкаў браў на сябе. Гаспадарка наша была невялікай, але працы заўсёды хапала, – расказвае Алімпій Мікалаевіч. 

Колькі б ні прайшло гадоў, ветэран вельмі добра памятае дзень пачатку вайны і нямецкія самалёты над роднай Навагрудчынай. Навіна аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны заспела васямнаццацігадовага юнака ў адзін з працоўных дзён. Алімпій Мікалаевіч пайшоў у партызаны. Пазней ваяваў у складзе рэгулярнай арміі, быў кулямётчыкам 606-га стралковага палка 317-й стралковай дывізіі. Першае сур'ёзнае раненне атрымаў пры вызваленні Будапешта. У эпіцэнтры баявых дзеянняў з роты ў складзе 76 чалавек у жывых застаўся толькі дзясятак. 

У шпіталі Алімпій Мікалаевіч прабыў месяц, а затым зноў вярнуўся ў баявы строй. Ветэран прайшоў дарогамі вайны праз усю Чэхію, пераможны май сустрэў у Празе. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», памятным медалём «70 гадоў заканчэння Другой сусветнай вайны» ад Чэшскай Рэспублікі, а таксама іншымі юбілейнымі медалямі.

Ваенную форму Алімпій Мікалаевіч зняў толькі ў 1947 годзе. Усё жыццё пражыў у роднай вёсцы, чвэрць стагоддзя працаваў у будаўнічай брыгадзе ў калгасе. Разам з жонкай выгадаваў дваіх дзяцей, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў.

Гераічным мінулым Алімпія Мікалаевіча ганарыцца ўся яго радня, а праўнук Мікіта Шабан лічыць прадзядулю ўнікальным чалавекам, прыкладам для захаплення. З высока паднятай галавой і нязменным аптымізмам крочыць ветэран па жыцці, а кожны яго пражыты дзень – гэта подзвіг духу і самаадданай працы для людзей. 

У дзень свайго юбілею Алімпій Мікалаевіч Сечка прымае шматлікія віншаванні. Калектыў рэдакцыі «НаваМедыяКампанія» далучаецца да віншаванняў і жадае Алімпію Мікалаевічу здароўя, увагі і клопату родных і блізкіх, цёплых, шчырых сустрэч, дабра, цяпла, бадзёрасці духу і дабрабыту!

У гэты святочны дзень павіншаваць ветэрана прыехалі старшыня Навагрудскага раённага Савета ветэранаў Рыгор Кананчук, дырэктар Навагрудскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Арына Гурына, старшыня Любчанскага сельвыканкама Сяргей Кавецкі.


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 
Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»