Пашпартны стол – пашпартна-візавая служба – аддзяленне (аддзел) па грамадзянстве і міграцыі. 17 снежня прафесійнае свята адзначаюць работнікі і ветэраны падраздзялення органаў унутраных спраў, у якое рана ці позна звяртаецца кожны грамадзянін нашай краіны, а таксама іншых. Так званай пашпартнай службе Беларусі сёлета спаўняецца 100 гадоў. За час існавання яна зведала шмат змен, аднак і сёння яе галоўная задача – гэта рэалізацыя заканадаўства аб грамадзянстве, дакументаванні і прававым становішчы іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь.
Яшчэ з лістапада 1917 г. на органы ўнутраных спраў было ўскладзена выкананне адміністрацыйных функцый па афармленні віз і рэгістрацыі дакументаў замежных грамадзян, якія прыязджаюць у краіну.
Гісторыя пашпартнага стала Навагрудскага аддзела міліцыі пачалася ў 1945 г. Загадам Народнага камісарыята ўнутраных спраў ад 25.01.1945 г. на пасаду начальніка быў назначаны малодшы лейтэнант П.І. Варабей. Затым работай службы кіравала В.І. Няроўная (з 1957 па 1985 г.), якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была сувязной партызанскага атрада «Кастрычніцкі». Валянціна Іванаўна ўнесла вялікі ўклад у станаўленне і развіццё падраздзялення. Службу завяршыла ў званні падпалкоўніка.
– Асноўныя функцыі пашпартнай службы неаднаразова перажывалі змены, удакладняліся і паступова стабілізаваліся, – расказвае начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) Навагрудскага РАУС Сяргей Ліннік, які ўзначальвае падраздзяленне з 2016 года. – У цяперашні час на дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі ўскладзены задачы рэалізацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб грамадзянстве, выездзе і ўездзе ў краіну грамадзян, перамяшчэнні і выбары імі месца жыхарства, прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў рэспубліцы, прадастаўленні статусу бежанца ці прыстанішча на тэрыторыі Беларусі, знешняй працоўнай міграцыі; удасканаленне прававога рэгулявання пытанняў грамадзянства і міграцыі; арганізацыя кантролю за міграцыйнымі працэсамі і міграцыйнай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь; процідзеянне незаконнай міграцыі. Усе гэтыя задачы толькі ў межах раёна выконваем і мы.
З сярэдзіны 80-х падраздзяленнем-юбілярам кіравалі Б.Б. Мазур, К.К. Скрундзь, Л.Л. Краўчук, С.Д. Сёмуха, Д.В. Свораб. На ўсе 100 спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі дапамагаў прафесіяналізм работнікаў. Шмат гадоў службе прысвяцілі З.Д. Федарака, Н.М. Верамейка, М.М. Пісарук, А.І. Савасцюк, Т.В. Клебан, П.М. Поклад, Л.І. Бірук, А.М. Моніч і інш.
Аляксандр Мацко, Аляксандра Сазановіч, Таццяна Свораб і Сяргей Ліннік – прафесіяналы, якія забяспечваюць работу аддзялення сёння. Месяц таму калектыў папоўніла Марына Казловіч.
– Як і ва ўсіх падраздзяленнях міліцыі, для нас максімальна высокай застаецца адказнасць перад дзяржавай і грамадзянамі за выкананую работу, рэалізацыю іх правоў і законных інтарэсаў. Мы працуем з людзьмі і для людзей, – адзначыў Сяргей Генадзьевіч. – Служба не стаіць на месцы і пастаянна развіваецца, прымяняючы новыя тэхналогіі і ўдасканальваючы сістэму работы. Так, сёння мы знаходзімся на парозе вялікіх змен – у наступным годзе замест звыклых пашпартоў грамадзянам нашай краіны пачнуць выдавацца ID-карты, а для паездак за мяжу – біяметрычныя пашпарты. Гэта стане ключавым крокам у развіцці новых электронных паслуг.
– З нагоды прафесійнага свята і такога значнага юбілею ветэранам і цяперашнім супрацоўнікам падраздзялення хачу шчыра пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця, удачы і далейшых прафесійных поспехаў, – сказаў напрыканцы С. Ліннік.
«Увага і дакладнасць – стрыжань нашай работы»
Гэта падчас сустрэчы не раз адзначалі вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Аляксандра Сазановіч і спецыяліст 2 катэгорыі Таццяна Свораб. Абедзве жанчыны – навагрудчанкі. Працаваць у міліцыі, хоць і на грамадзянскіх пасадах, не імкнуліся, але ўдзячны лёсу за тое, што «звёў» іх з АГіМ.
Аляксандра Ігараўна ў аддзяленні працуе з 1 верасня 2008 г.
– Усе ішлі ў школу, а я на першае месца працы, – з усмешкай гаворыць А. Сазановіч. – Я закончыла Баранавіцкі эканамічна-юрыдычны каледж па спецыяльнасці «правазнаўства». Сяргей Дзмітрыевіч Сёмуха, які на той час узначальваў службу, прапанаваў мне заняць пасаду старшага пашпартыста. Згадзілася практычна без роздумаў і ніколькі не шкадую. Работа ў нас хоць і складаная, але вельмі цікавая. Па сваёй спецыяльнасці таксама завочна закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.
– Сёння ў мае абавязкі ўваходзіць выключна работа з рэгістрам насельніцтва, – працягвае размову спецыяліст. – Гэта дзяржаўная цэнтралізаваная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, аснову якой складае база персанальных даных грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Звесткі ў рэгістр уносяцца рознымі дзяржаўнымі органамі, а мая задача – сачыць за тым, каб яны былі правільнымі, без памылак і разыходжанняў. Да слова, без існавання падобнай інфармацыйнай сістэмы пераход на ID-карты быў бы немагчымы.
– Асабліва важна ў нашай рабоце мець глыбокія веды нарматыўных дакументаў і высокую асабістую культуру ў зносінах з людзьмі, – падкрэсліла Т. Свораб, якая сёння ў асноўным працуе з грамадзянамі іншых краін. – Пачынала я пашпартыстам. Спачатку замяняла работнікаў, якія знаходзіліся ў дэкрэтным водпуску, а з 2017 г. працую ў АГіМ пастаянна.
Таццяна Пятроўна закончыла Навагрудскі аграрны каледж, а затым Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Працавала ў Навагрудскім РСУП, а потым лабарантам у гімназіі № 2.
– Я вельмі рада, што змяніла звыклую для мяне дзейнасць на работу ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі, – падзялілася Т. Свораб. – Нехта можа падумаць, што ў нас маркотная работа, але гэта зусім не так. Працаваць з людзьмі вельмі цікава. А самае прыемнае – калі дапамагаеш чалавеку і чуеш у адказ шчырыя словы падзякі.
Анастасія Пятрова, «НЖ»