Парафіі Святога Міхала Арханёла ў г. Навагрудку і Святога Казіміра ў аг. Уселюб запрашаюць прыняць удзел у каляднай дабрачыннай акцыі «Кошык Дабрыні», якая праводзіцца ў Навагрудскім раёне ўжо чацвёрты год. Акцыя праходзіць з 15 снежня 2020 г. па 15 студзеня 2021 г.
Мэта акцыі – аказанне дапамогі (спажывецкімі таварамі, перш за ўсё харчовымі, канцтаварамі, дзіцячымі цацкамі, сродкамі асабістай гігіены і чысціні і інш.) дзяцям-сіротам, дзяцям-інвалідам, малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям.
Пакупнікам, кліентам гандлёвых кропак прадастаўлена магчымасць ахвяраваць прадукты і іншыя тавары ў так званыя «Кошыкі Дабрыні», якія будуць размешчаны пры выхадзе ля кас магазінаў.
– У гэтым годзе акцыя бярэ накірунак на дапамогу дзецям-інвалідам. Пасля завяршэння акцыі ўсе сабраныя тавары будуць накіраваны на дапамогу сем’ям, незалежна ад іх веравызнання, – расказаў ксёндз Юрый Жэгарын. – У калядны і навагодні час дабрачынныя акцыі праходзяць амаль што ва ўсіх краінах свету, незалежна ад іх матэрыяльнай забяспечанасці, маюць мэту не толькі аказання дапамогі тым, каму яна патрэбна, але і абуджаюць у людзях спачуванне, дабрыню, шчодрасць і чалавечнасць. Вынік акцыі ў мінулыя гады паказаў, што звычайныя людзі ставяцца неабыякава да патрэб сваіх бліжніх.
Таксама каталіцкія парафіі запрашаюць далучыцца да акцыі «Кошык Дабрыні» прадпрыемствы і індывідуальных прадпрымальнікаў Навагрудчыны.
Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»Фота з адкрытых крыніц і архіва рэдакцыі