ГлавнаяНовостиОбществоМы будзем вечна памятаць … Ніколі не забудуць страшны зімовы дзень 17 снежня 1943 года жыхары вёскі Ацмінава
Мы будзем вечна памятаць … Ніколі не забудуць страшны зімовы дзень 17 снежня 1943 года жыхары вёскі Ацмінава
Мы будзем вечна памятаць … Ніколі не забудуць страшны зімовы дзень 17 снежня 1943 года жыхары вёскі Ацмінава
12 января 2024
875
Словы «гераізм», «помнік», «памяць», «успамін» мы ўжываем часцей за ўсё тады, калі гаворым аб тым, што не маем права забыць пра гераізм нашага народа, які выратаваў нашу Радзіму ад фашызму. Прайшло ўжо шмат гадоў. Аднак наступствы той вайны нагадваюць пра сябе і сёння. Ніколі не забудуць страшны зімовы дзень 17 снежня 1943 года жыхары вёскі Ацмінава. Гэты населены пункт, а таксама і мая родная вёска Бор, у ліку тысяч беларускіх вёсак, спаленых дашчэнту фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вёскі часта палалі ў агні разам з мірнымі жыхарамі… Наш абавязак – свята захоўваць памяць аб загінулых, каб абараніць праўду аб той страшнай вайне, зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай краіны.
Разам з аднавяскоўцамі трагічную памяць аб роднай вёсцы захоўвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко.
– Вёска Ацмінава (з 2011 года аграгарадок) са шматвяковай гісторыяй. Раскінулася яна сярод маляўнічага ляснога масіву. Менавіта такія вёскі, якія былі акружаны лесам, дзе базіраваліся партызанскія атрады, у гады Вялікай Айчыннай вайны пацярпелі больш за ўсё. 17 снежня – роўна 80 гадоў, як захопнікі спалілі Ацмінава. Такі ж лёс чакаў і навакольныя вёскі Малачкі, Дзетамлю, Бердаўку, часткова Генюшы і Альхоўку Уселюбскага сельсавета. Акрамя гэтых вёсак, спалена было амаль паўсотні іншых населеных пунктаў Навагрудчыны. Боль страты дагэтуль не сціхае ў сэрцах нашчадкаў. Штогод у нашай вёсцы праходзіць мітынг-рэквіем – напамін пра тыя страшныя падзеі. І сёлета аднавяскоўцы збяруцца разам, – расказвае Наталля Міхайлаўна. – А яшчэ ў гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць памяць святой Варвары. Успамінаючы сваіх сваякоў і аднавяскоўцаў, якія загінулі ад рук акупантаў, жыхары Ацмінава пякуць рытуальныя булачкі-варэнікі, частуюць землякоў. Пра гэту традыцыю, як і пра вайну, мне часта пры жыцці расказвала бабуля Аляксандра Аляксандраўна Жынко.
Ні Аляксандра Аляксандраўна, ні сотні іншых жыхароў Ацмінава не маглі і ў страшным сне ўявіць, што чакала іх родную вёску. У 1941 годзе ў канцы чэрвеня яны ўбачылі на сваёй зямлі першага фашыста. Тады быў расcтраляны старшыня сельвыканкама М.М. Мярляк. Немцы назначылі старасту, і добраахвотна ў паліцаі ўступілі 4 чалавекі. Гарнізона ў вёсцы не было, і немцы рэдка наведваліся. Ужо ў 1942 годзе ў тутэйшых лясах, якія цягнуцца на дзясяткі кіламетраў і злучаюцца з масівамі Налібоцкай пушчы, пачалі дзейнічаць партызанскія групы. Яны то тут то там наносілі адчувальныя ўдары па нямецка-фашысцкіх захопніках. Партызаны часта наведваліся ў вёску. Мясцовыя жыхары чым маглі, тым і дапамагалі ім.
Першым пайшоў у партызанскі атрад 18-гадовы юнак з Ацмінава Канстанцін Лапаць. Хлопец быў разведчыкам, часта тайком наведваўся да бацькоў. Бацька Сцяпан Сцяпанавіч і маці Зінаіда Іванаўна перадавалі яму інфармацыю аб немцах і паліцаях, іх дзеяннях і задумах.
На тартаку ў суседняй вёсцы Бердаўцы немцы нарыхтавалі 5 тыс. шпал і 360 саней для адпраўкі на фронт. Смелы налёт партызан на чале з Канстанцінам – і перабіта ахова. Завод згарэў у агні. Разведчыкі ўзрывалі масты, знішчалі на дарогах машыны з гітлераўцамі.
Аднаго дня Канстанцін вяртаўся з задання, але яго запрыкмецілі немцы і пачалі акружаць. Разведчык доўга адстрэльваўся, а калі скончыліся патроны, кінуў пад ногі ворагам гранаты. І сам упаў на зямлю ад куль. У парыве дзікай злосці ворагі калолі яго штыкамі, білі прыкладамі… Паліцаі-здраднікі, якія былі сярод карнікаў, пазналі ў партызане сына Сцяпана Лапцева. Яны не раз выбіралі момант, каб расправіцца з яго сям’ёй, але ўсё не выходзіла. Мінуў час – і дорага заплаціла вёска за дапамогу партызанам…
– У 1943 годзе, калі пачалося вызваленне беларускіх гарадоў, немцам стала ясна, што яны хутчэй за ўсё пакі нуць нашы тэрыторыі. Таму праводзілі тут палітыку «выпаленай зямлі» – чым болей знішчым, тым менш застанецца. Для мяне асабіста вельмі трагічна тое, што ў гэтых акцыях масавага знішчэння вёсак прымалі ўдзел і землякі, – адзначае Наталля Жышко.
– Вёскі палілі немцы разам з уселюбскім гарнізонам. У вёсцы Дзетамля быў паліцай Сымонік, былы кулак. Ён асабіста ўзначальваў карную экспедыцыю супраць землякоў. Па ўспамінах маёй бабулі, 17 снежня 1943 года быў моцны мароз. Жыхары Ацмінава прачнуліся ад гулу машын, крыкаў і выстралаў. Фашысты і паліцаі выганялі людзей з дамоў і падзялялі: мужчын, у якіх былі коні і падводы, – асобна, жанчын і дзяцей – асобна. Жанчын, у тым ліку і бабулю з трыма маленькімі дзецьмі (старэйшай на той момант было 5 гадоў), пагналі ў канец вёскі да вялізнага хлява. Усе ўжо чулі, што немцы паляць людзей, і былі вельмі напалоханыя: плакалі, крычалі, падалі на калені, прасілі не забіваць. У хляве іх патрымалі да вечара і адпусцілі. З жахам людзі гля дзелі, як палалі родныя хаты. Са 130 хат уцалелі дзве. Ацмінаўцы засталіся без прытулку, а гэта каля 700 чалавек. Тут трэба адзначыць добразычлівасць нашых людзей, беларусаў. Жыхары з суседніх вёсак Плісы, Біцевіч, Уселюба і іншых даведаліся пра трагедыю ў Ацмінаве і сталі прыязджаць і забіраць жанчын з дзецьмі да сябе. Мая бабуля жыла ва Уселюбе ў сям’і Кандратовічаў, у якіх сваіх было шасцёра дзяцей, хатка невялікая. Аднак да вясны жылі разам, кожнаму знахо дзілася месца. Мужчын жа накіравалі на работы. Дзядулі з часам удалося ўцячы, і пасля таго, як адтала зямля, яны выкапалі зямлянку ў Ацмінаве, дзе і жылі да заканчэння вайны.
17 снежня 1943 года фашысты і паліцай Сымонік расстралялі сям'ю Лапцевых. Першымі ад куль упалі гаспадар дома, яго жонка Зінаіда. Фашысты закалолі штыкамі шасцігадовую Вару, чатырохгадовую Іру. Хату падпалілі. Самы малодшы – паўтарагадовы Віця – задыхнуўся ад дыму ў палаючай хаце. Як лілася нявінная кроў родных, бачыў адзінаццаці гадовы Аркадзій. Перад гэтым ён схаваўся пад печку і бачыў усю трагедыю. Ён паспеў выскачыць з падпаленай хаты. Фашысты стралялі ўслед дзіцяці, але хлопец выжыў. Уцалеў і Лёня, які ў момант расправы быў у суседзяў. Хлопчыкі расказалі аднавяскоўцам пра гэту жудасную трагедыю. На наступны дзень ацмінаўцы разгрэблі завалы і пахавалі сям'ю партызана ў цэнтры вёскі. Зараз на гэтым месцы невысокі мармуровы помнік. Хлопцаў-сірот апекавалі аднавяскоўцы, партызаны. Пасля вайны
Аркадзій жыў у Мінску, да апошніх дзён прыязджаў на Навагрудчыну, у родную вёску, у школу і ўспамінаў тыя жахі, якія перажыў дзіцем.
– Трагедыя ў тыя страшныя дні не абмінула суседнія вёскі Дзетамлю, Малачкі, бліжэйшыя хутары, – расказвае Наталля Міхайлаўна. – Моладзь і падлеткаў адбіралі з сем'яў і вывозілі на прымусовыя работы ў Германію. А людзі, якія засталіся без прытулку, пэўны час з дзецьмі, пакуль не пачалося будаўніцтва вёскі, жылі ў зямлянках ці на цагельні. За вёскай быў міні-завод па вытворчасці цэглы. Людзі жылі ў гэтых печах. Прапальвалі, усёй сям’ёй залазілі ў сярэдзіну і начавалі. А ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, хлопцы, знясіленыя, паўгалодныя, бо не было чаго есці, якія жылі ў гэтых печах, былі прызваны ў Чырвоную армію, ішлі змагацца з немцамі… Гэта было пакаленне сапраўдных герояў, моцных духам людзей.
Страшная трагедыя тых далёкіх гадоў сёння не забыта і ніколі не будзе сцёрта з памяці людской. Ацмінава – вёска святая, зямля якой паліта крывёю яе жыхароў, шчодра акропленая слязамі дзяцей і матуль.
У кожнага з нас свая памяць, свой боль, свае героі, успаміны…
Слухаючы расказ Наталлі Міхайлаўны, міжволі праводжу паралель з маёй роднай вёскай, з успамінамі бабулі Вольгі Адамаўны Каўцэвіч (Гірыс). Вёску Бор поўнасцю спалілі ў дзень Прэабражэння Гасподняга (Яблычны Спас), 19 жніўня 1943 года. У гэты дзень нечакана ў Бары з’явіўся атрад карнікаў, які складалі літоўскія памагатыя гітлераўцам пад камандаваннем немца; было іх некалькі дзясяткаў. Немец праз перакладчыка аб'явіў, што за дапамогу партызанам уся вёска будзе спалена. Праз некалькі хвілін яна ўжо палала, а жыхароў пагналі ў Любчу ў гета. Адтуль многім дапамагалі выратавацца любчане. А мой пра дзед, па расказах бабулі, сумеў дамовіцца з мясцовым паліцаем, і калі іх гналі абозам на прымусовыя работы праз вёску Сенна, той дазволіў звярнуць на падворак сваякоў.
Так мая бабуля і яе пяцёра братоў, бацькі засталіся ўжывых. Шасцярых жыхароў в. Бор пагналі на работы ў Германію і Чэхаславакію. Для астатніх пачаліся нягоды пагарэльцаў. Па першым часе прытулілі сваякі з суседніх вёсак, а затым, як і жыхары в. Ацмінава, доўгі час жылі ў зямлянках. Памяць аб гэтым захоўваецца ў кожнай сям’і жыхароў в. Бор.
Сёння нам, нашчадкам, нават страшна ўявіць, што такое магло быць з нашымі роднымі, бабулямі і дзядулямі. А яны ўсё гэта перажылі… І гэта не павінна паўтарыцца! Загартаваныя жыццёвымі выпрабаваннямі, яны ніколі не наракалі на лёс. А вось моладзь наша часам скардзіцца: то адно ім не падабаецца, то другое... Хочуць мець усё і адразу. Трэба цаніць тое, што сёння маем: перш за ўсё – мір і згоду, бо найвялікшае шчасце – не бачыць вайны і не быць рабом на сваёй зямлі. Родную краіну трэба берагчы, тады ўсё бу дзе. А магчымасці такія ў нас ёсць – было б толькі жаданне. А мы будзем памятаць!..