
Адкрыў свята вакальны гурт вучняў 2 «Б» класа песняй «Беларусь – мой родны кут». Вершы беларускіх аўтараў прадставілі Кірыл Кананец, Павел Кур’ян з матуляй Наталляй Андрэеўнай, Уладзімір Мокат, Міраслава Лось і Вераніка Алегаўна, Наталья Кавальчук з татам Яўгеніям Аляксандравічам.
Асабліва хвалюючым было выступленне Кацярыны Антановіч і яе матулі Дзіяны Мікалаеўны. Тэатральная пастаноўка на верш Марыі Цімінскай «Уся сям’я пад крыжом» нікога не пакінула раўнадушным, бо тэма Вялікай Айчыннай вайны назаўсёды ў сэрцы кожнага беларуса.
Беларуская песня… Яна бывае рознай, ад яе хочацца плакаць і хочацца весяліцца… У песні адлюставана само жыццё з яго радасцямі і нягодамі, з марамі і спадзяваннямі, з вялікімі пачуццямі. Менавіта народная песня з’яўляецца крыніцай, адкуль мы чэрпаем роднае слова, прыгожае, мілагучнае, ласкавае.

У выкананні Дар’і Урбановіч і яе матулі Іны Сяргееўны, Ангеліны Патук, Уладзіслава Талкачова, Кацярыны Мікалаеўны Мокат прагучалі народныя і сучасныя песні аб роднай зямлі, мове, любімай Беларусі. Ульяна Турчына і Аліна Генрыхаўна, Ганна Кот і Вераніка Юр’еўна выканалі матуліну «Калыханку».
Наступная сустрэча ўдзельнікаў і гледачоў была з беларускай байкай. Цікавасць да жанру байкі з цягам часу не змяншаецца: народ любіць гэты жанр. Па-майстэрску былі прадэкламаваны байкі ў выкананні Гардзея Ардзельянава і матулі Наталлі Артураўны, Савелія Кавалеўскага, Ксеніі Качан, Алісы Кулак і Кацярыны Аляксандраўны.
Фіналам свята стала выступленне настаўнікаў пачатковых класаў. У выкананні іх прагучала песня «Беларуская мова».
Дзякуючы таму, што свята праходзіла разам з бацькамі, настаўнікамі, яно атрымалася творчым, шчырым, цёплым.


Марына Жыдко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |


















