У цэнтры гарадскога пасёлка Любча, на невялікім узвышшы, размясціўся велічны беласнежны храм, асвечаны ў гонар Святога Ільі – аднаго з самых шануемых прарокаў не толькі Праваслаўнай Царквой, але і іншымі канфесіямі. Больш за 100 гадоў таму каменны храм быў узведзены на месцы старой драўлянай царквы, і з тых часоў яго дзверы не зачыняліся. Многія гады Свята-Ільінскі прыход з’яўляецца самым шматлікім сельскім прыходам Навагрудчыны, і сёння ён аб’ядноўвае каля тысячы праваслаўных хрысціян.
Праект "Духоўная радаслоўная краю"
Любча – адно з самых старажытных пасяленняў Навагрудчыны. Гэта ўнікальнае месца з багатай гісторыяй, культурай і вельмі прыгожай прыродай. Таму, вядома, мясцовы храм проста не мог быць іншым…
Велічны, беласнежны, пабудаваны ў форме крыжа, з бірузовымі купаламі і залатымі крыжамі. Фасад упрыгожваюць высокія вокны і фігурная ляпніна. З усіх бакоў падмурак абнесены дэкаратыўным каменем. Светлы ва ўсіх адносінах храм Святога Ільі ўзведзены на невялікім узвышшы і па перыметры абнесены нізкай каменнай агароджай. Сустракаюць прыхаджан і гасцей храма каменныя трохарачныя вароты. Храм не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, але адназначна з’яўляецца цікавым архітэктурным помнікам.
– Дакладная дата пабудовы першага праваслаўнага драўлянага храма ў Любчы невядома, да нашых часоў захавалася толькі інфармацыя, што царква некалькі разоў цярпела ад пажараў, – расказала старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. – Упершыню царква згарэла ў 1798 г. Затым была адноўлена, аднак будынак працягваў разбурацца і трухлець. У 1858 г. храм быў капітальна адрамантаваны. Наступныя гістарычныя звесткі паведамляюць, што ў 1910-1914 гг. на месцы старой драўлянай царквы быў пабудаваны новы велічны храм у выглядзе крыжа ўжо з цэглы. Будынак адносяць да псеўдарускага стылю, які злучае ў сабе элементы народнага мастацтва і старажытнарускага дойлідства. Як у пачатку ХХ ст. храм расчыніў свае дзверы, так і з’яўляецца пастаянна дзеючым.
Больш за 30 гадоў, са жніўня 1988 г., настаяцелем Свята-Ільінскага храма ў Любчы з’яўляецца протаіерэй Аляксандр Івойлаў – святар у трэцім пакаленні. Да слова, абодва яго сыны прадоўжылі дынастыю і сталі свяшчэннаслужыцелямі.
– Я лічу за вялікі гонар служыць у храме, які асвечаны ў гонар такога значнага ў гісторыі праваслаўя святога, – шчыра кажа протаіерэй Аляксандр Івойлаў. – Лічыцца, што прарок Ілья быў узяты на неба жывым. Пры жыцці ён рупліва змагаўся за чысціню веры, выкрываў ідалапаклоннікаў і бязбожных жыхароў ізраільскіх зямель. Ён быў адным з першых угоднікаў Божых, якіх сталі пачытаць на Русі.
Як расказаў айцец Аляксандр, да вайны настаяцелем храма быў протаіерэй Вячаслаў Чарвінскі. Даўжэй за ўсіх служыў у Любчы (з 1943 па 1977 г.) айцец Іаан Руновіч, які не проста прысвяціў прыходу вялікую частку свайго жыцця, а быў для мясцовых жыхароў сапраўдным духоўным айцом, прыкладам шчырай веры і пакоры. З удзячнасцю ўспамінаюць прыхаджане айцоў Барыса Малаху і Паўла Семенюка.
– Калі ўпершыню прыбыў у Любчу, справы на прыходзе ішлі не лепшым чынам. З канца 70-х да пачатку 80-х гг. змянілася некалькі святароў. Я быў дзявятым за той час, – успамінае айцец Аляксандр. – Спачатку думаў пра тое, каб з’ехаць з Любчы. Дапамагла падтрымка Мітрапаліта Філарэта, які мяне накіраваў на прыход, а пазней двойчы бываў у Любчы. І, вядома, маёй жонкі матушкі Людмілы, якая заўсёды была і застаецца побач. Яна – мой першы памочнік.
З Божай дапамогай і падтрымкай мясцовага насельніцтва крок за крокам духоўнае жыццё ў Любчанскім краі пачало адраджацца.
– Паступова храм прывялі ў належны стан як і патрэбна дому Божаму, – працягвае размову айцец Аляксандр. – Новы прастол, шмат ікон, добры рамонт, чысціня і парадак – усё гэта мы зрабілі агульнымі намаганнямі нашых людзей, мясцовых кіраўнікоў і вернікаў з іншых рэгіёнаў краіны. Вялікай падзеяй для ўсіх стала абуладкаванне ў храме сістэмы ацяплення. Парадак у нашым храме прыхаджане падтрымліваюць пастаянна. Нядаўна завяршылі чарговыя рамонтныя работы.
Настацель з вялікай цеплынёй расказваў пра вернікаў, якія ў розныя часы даравалі іконы, а таксама іншыя атрыбуты для абуладкавання храма. Ён не толькі пайменна помніць кожнага чалавека, але і абставіны, якія паўплывалі на ўмацаванне ў веры гэтых хрысціян. Ёсць у храме як нованапісаныя іконы, так і тыя, якім некалькі дзесяцігоддзяў, найбольш старадаўнія датуюцца канцом ХІХ ст. Кожная з іх падпісана: кім і калі падаравана. У цэнтры храма, як і павінна быць, вобраз Святога прарока Ільі. Ікона поўнасцю драўляная і выканана па заказе самога айца Аляксандра ў пачатку 1990-х гг.
– Адной з самых шануемых з’яўляецца ікона Маці Божай «Дастойна ёсць (Падліпская)». На месцы яе яўлення (недалёка ад былога маёнтка Войнава) пры падтрымцы нашых мецэнатаў і прыхаджан мы пабудавалі капліцу, – гаворыць протаіерэй Аляксандр Івойлаў. – Сама ікона была вывезена з тэрыторыі краіны ў гады Першай сусветнай вайны. Копія, напісаная ў 1931 г., падчас ганенняў на Царкву была схавана адным з мясцовых жыхароў. Цяпер яна займае ганаровае месца ў нашым храме. Дарэчы, пакланіцца ёй прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. Найчасцей гэта жанчыны, якія хочуць выйсці замуж і стаць маці. Хто моліцца са шчырай верай у сэрцы, таму Гасподзь абавязкова дапамагае.
За апошнія дзесяцігоддзі змянілася і тэрыторыя храма, якая стала добраўпарадкаванай і прыгожай. Ад варот да царквы вядзе дарожка, устаноўлены лаўкі, а ў мінулым годзе пасаджана алея з туй. З правага боку – яблыні, якія добрым ураджаем радуюць кожны год. Злева – рабіны. Усё, што датычыцца догляду за дрэвамі, айцец Аляксандр выконвае сам. І, канешне, менавіта ён з’яўляецца ініцыятарам, арганізатарам і актыўным удзельнікам усіх аднаўленчых работ. Так, у бліжэйшых планах рамонт агароджы і прыступак, якія вядуць на тэрыторыю храма.
Увогуле некранутым застаецца ваенны дзот, які знаходзіцца непадалёку ад варот. Яшчэ адзін напамін аб ваенным ліхалецці – мноства куль, якія па сённяшні дзень застаюцца ў сценах храма і нават у адной з ікон.
– Вядома, займаемся і духоўна-асветніцкай дзейнасцю. У гэтым накірунку працуем сумесна з дзіцячым садам і школай. Не забываем і пра нашых пажылых прыхаджан – па меры магчымасці дапамагаем адзінокім людзям і тым, хто знаходзіцца ў бальніцы сястрынскага догляду. Як і любому святару, мне вельмі хочацца, каб людзей у храме было больш. Таму што агульная малітва намнога мацнейшая, – адзначыў протаіерэй Аляксандр Івойлаў і падзяліўся, што за 32 гады свайго служэння ні разу не прапусціў ні аднаго богаслужэння, нават калі падводзіла здароўе. – Прыход – гэта другая сям’я святара. Хачу шчыра падзякаваць усім людзям, якія са мной усе гэтыя гады. Шчырыя словы ўдзячнасці Святазару Іосіфавічу Грэйбе, Аляксандру Яўгеньевічу Шаху, Алегу Пятровічу Жуку, сям’і Сакрэта, Андрэю Уладзіміравічу Садоўскаму, Івану Мікалаевічу Ярмацу і іншым. Шмат, вельмі шмат людзей хочацца назваць пайменна, хто па сваіх сілах і магчымасцях ахвяраваў і працаваў на карысць нашага прыхода. Упэўнены, што і далей мы разам будзем берагчы наш храм і клапаціцца аб ім. Гэта абавязак кожнага прыхаджаніна.
Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота аўтара, з архіва рэдакці і гістарычна-краязнаўчага музея