Плануючы адпачынак, многія беларусы шукаюць цікавыя і прыгожыя месцы, дзе можна было б атрымаць душэўную асалоду, далучыцца да гісторыі роднага краю. Упэўнены, што многія навагрудчане, госці маляўнічага мястэчка Уселюб не пашкадавалі, што 17 жніўня зазірнулі на фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам».
Святочнае мерапрыемства ў аграгарадку Уселюб, якое штогод праходзіць на тэрыторыі касцёла Святога Казіміра, даўно стала традыцыйным. Ва Уселюбе можна падмацавацца не толькі духоўна, але і адпачыць фізічна, паглядзець і паслухаць тут заўсёды ёсць што, а таксама зарадзіцца энергіяй і дабрынёй. Арганізатары мерапрыемства – парафія Святога Казіміра і аддзел культуры Навагрудскага райвыканкамама парадавалі ўсіх прысутных канцэртамі, разнастайнымі цікавымі лакацыямі, сустрэчай з творчымі людзьмі і не толькі.
Мерапрыемства пачалося з канцэрта арганнай музыкі і ўрачыстага набажэнства.
Падчас урачыстага адкрыцця свята ўдзельнікаў фестывалю вітаў старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чаркоўскі.
– Паважаныя госці, Навагрудская зямля шчыра вітае вас. Хачу адзначыць, што Уселюб даўно стаў цэнтрам духоўнага развіцця, куды людзі прыязджаюць адпачыць душой, правесці разам час. І ўсё гэта дзякуючы настаяцелю прыхода Святога Казіміра ксяндзу Віталію Цыбульскаму, які аб’ядноўвае вакол сябе людзей, захоўвае добрыя традыцыі, перададзеныя нам. Ва Уселюб усе едуць з вялікім жаданнем, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч і пажадаў усім гасцям свята адпачыць душой і сэрцам, моцнага здароўя і добрага настрою.
Да віншаванняў далучыліся настаяцель прыхода Святога Казіміра ксёнд Віталій Цыбульскі і іерэй Сяргей Капітан, клірык Тураўскай епархіі.
Вядома ж, якое свята без танцаў і спеваў! Іх было на фестывалі дастаткова.
Танцавальная праграма народнага ансамбля песні і танца «Свіцязь», музычная альтанка «Ад усёй душы з паклонам і любоўю» Уселюбскага сельскага Дома культуры не пакінула раўнадушным на свяце нікога.
Госці з задавальненнем слухалі канцэрт дзіцячага юнацкага ансамбля народнага эстраднага танца «Палеская зорачка» і ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Фарбы Палесся» г. Мазыр. Парадавала выступленне навучэнцаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў, ансамбля «Чароўны мікрафон» з аг. Геранёны Іўеўскага раёна і танцавальнай групы «Німфея» г. Мінск.
На працягу дня маленькіх і дарослых наведвальнікаў чакалі забавы, кірмашы-выстаўкі рамесніцкай прадукцыі. Не абміналі госці і фудкорт, дзе ўдзельнікам мерапрыемства прапаноўвалі грыль-меню, бліны, плоў і іншыя не менш смачныя стравы. У доме паломніка, які дзейнічае пры касцёле, на ўтульнай тэрасе гасцей частавалі свежай выпечкай, кавай і травяным чаем.
На літаратурным падворку, што размясціўся на тэрыторыі касцёла, супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі ўдзельнікам фэсту прапанавалі пачытаць вершы беларускіх паэтаў, а ў літаратурным салоне Дома-музея Адама Міцкевіча і творы нашага знакамітага земляка.
Шмат жадаючых скарысталіся магчымасцю сфатаграфавацца на фоне незвычайных фотазон, кветкавых кампазіцый. А дзеці бавілі час на спартыўных і гульнявых пляцоўках.
У завяршэнне свята аматарам класічнай музыкі прапанавалі прыняць удзел у дабрачынным канцэрце «Музычныя шэдэўры».
Калі вы жадалі, але па нейкіх прычынах не змаглі наведаць фестываль ва Уселюбе, то няма прычын хвалявацца. Фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам» праходзіць штогод і вы зможаце наведаць яго ў наступным годзе.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |