Шлях даўжынёй у 30 гадоў. Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва прайшла ў Навагрудку

Шлях даўжынёй у 30 гадоў. Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва прайшла ў Навагрудку

Шлях даўжынёй у 30 гадоў. Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва прайшла ў Навагрудку

11 июля 2024 654

У Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь. У ёй прынялі ўдзел старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чаркоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Каралько, намеснік старшыні райвыканкама Людміла Мароз, прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскіх арганізацый, актыўная моладзь.


30 гадоў таму, 10 ліпеня 1994 года, прайшоў другі тур выбараў Прэзідэнта Беларусі. Больш за 80% беларусаў падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі і вызначылі будучыню нашай краіны на дзесяцігоддзі наперад. Гэтай гістарычнай падзеі ўжо тады было наканавана ўвайсці ў гісторыю.

Што азначае для нас інстытут прэзідэнцтва, вынікі 30-гадовага развіцця краіны з дня першых выбараў прэзідэнта – гэтыя і іншыя моманты абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы – людзі старэйшага пакалення і моладзь, якая вырасла ў суверэннай Беларусі, ужо ў перыяд прэзідэнцтва Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Жышко пачала мерапрыемства са слоў Прэзідэнта: «Каб захаваць сябе, сваю зямлю і свой народ, трэба ведаць сваю гісторыю і чужую». 



Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў нашу краіну ў складаны перыяд глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу, выкліканага развалам Савецкага Саюза. Талоны на прадукты харчавання і прамысловыя тавары, вялізныя чэргі ў магазінах, мізэрныя заробкі, якія часам не выплочваліся доўгі час, працуючыя не на поўную магутнасць прадпрыемствы – такая спадчына дасталася маладому кіраўніку дзяржавы. Час быў няпросты. Але паступова, крок за крокам краіна ўпэўнена рухалася наперад. Дзякуючы мудрасці і дальнабачнасці Прэзідэнта, яго граматнай і ўзважанай палітыцы наша Беларусь стала моцнай, свабоднай і незалежнай дзяржавай.


 – 30 гадоў таму наша краіна зрабіла правільны выбар, – адзначыла Святлана Каралько. – Час, які папярэднічаў выбарам, быў вельмі цяжкім. Распад Савецкага Саюза, эканамічны крызіс, пустыя прылаўкі, талоны, адсутнасць перспектыў. У той час я была маладой маці і памятаю, як немагчыма было купіць малочныя сумесі для дзяцей, а дапамогі на дзіця хапала толькі на 10 пачак дзіцячага харчавання. Добра, што дапамагалі бацькі.

Пасля выбараў сітуацыя ў краіне пачала мяняцца. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка Лукашэнка паставіў дакладныя і зразумелыя задачы і мы пачалі працаваць.

– Я таксама помню той перыяд, помню, як цяжка жылося бацькам, калі не хапала самага неабходнага. Самы яркі ўспамін – мне купілі прыгожыя боты за мільён рублёў. Такія былі цэны, бо вялікая была інфляцыя, – расказвае Людміла Мароз. – Але людзі верылі, што гэтыя цяжкасці часовыя, так і атрымалася.

Каб ацаніць дынаміку перамен, якія адбыліся ў краіне, не трэба далёка хадзіць за прыкладамі. Нам, навагрудчанам, ёсць магчымасць параўноўваць. Стабільна працуюць прадпрыемствы, якасна абноўлены навучальныя ўстановы, у раённай бальніцы выконваюцца складаныя высокатэхналагічныя аперацыі, пастаўка малочнай прадукцыі  ажыццяўляецца ў 19 краін свету.  І гэта толькі некалькі фактаў, якія сведчасць пра якасць нашага жыцця.

– Такая я сітуацыя ў кожным горадзе Беларусі, – падкрэсліла Людміла Васільеўна. – Дзякуючы мудрасці Кіраўніка дзяржавы ў краіне выбудавана цэлая сістэма развіцця рэгіёнаў. Мы жывём у мірнай, свабоднай краіне і ўпэўнены ў заўтрашнім дні.

Уладзімір Батурля стаў старшынёй калгаса якраз у 1994 годзе.  Ён прыгадвае, што ў тыя гады ў гаспадарцы паўгода людзі не атрымлівалі зарплату. Разлікі вяліся, так бы мовіць, натуральнымі прадуктамі – цукрам, грэчкай. Вяскоўцы трымалі хатнюю гаспадарку – кароў, свіней, здавалі мяса і малако. І так жылі. У калгасе не хапала тэхнікі. Жыццё амаль што спынілася. Да 1998-1999 года сітуацыя пачала стабілізавацца. Якім было шчасце, калі людзі пачалі рэгулярна атрымліваць зарплату! Аграгарадкі, новая сельскагаспадарчая тэхніка – вёска паступова пачала ажываць. Працавалі на пад’ёме, верылі ў будучыню. Цікавы факт. У 2000 годзе раён здаваў на 120 тон малака ў суткі, сёння – 260 тон, удвая больш.

– У пачатку 90-х мы з мужам прыехалі ў Навагрудскі раён пасля заканчэння інстытута, – уступае ў размову Святлана Макар. –  Маладая сям’я, адразу ж купілі карову, свіней, працавалі амаль 24 гадзіны ў суткі, каб пракарміць сям’ю. Дзеці ведалі, што трэба дапамагаць па гаспадарцы.

Ігар Капціловіч прыйшоў працаваць на Навагрудскі завод газавай апаратуры ў 1993 годзе. Зарплата ў 15 долараў, апатыя, адсутнасць дысцыпліны і жадання працаваць, крадзяжы – такім запомнілася прадпрыемства тых гадоў. Паступова з выбраннем нашага Прэзідэнта ўсталяваўся парадак, пачала ажыўляцца вытворчасць. Наладжваліся страчаныя з развалам СССР эканамічныя сувязі. Сёння завод газавай апаратуры – адно з вядучых прадпрыемстваў рэспублікі. 


Сваімі ўспамінамі пра пачатак 90-х гадоў падзяліліся Алег Анікевіч, Галіна Мітлашук і іншыя ўдзельнікі сустрэчы. У кожнага – свае ўспаміны пра той перыяд. Але ўсе адзначалі велізарны прагрэс у развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы. За 30 гадоў краіна зрабіла сур’ёзны крок наперад.

Прыгадваючы, як праходзілі прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе, Святлана Каралько падкрэсліла:

– Людзі ішлі на выбары з упэўненасцю, што нас чакаюць перамены да лепшага. І не памыліліся. Крэда нашага Прэзідэнта – дайсці да кожнага чалавека,  даведацца аб яго праблемах і пастарацца іх вырашыць. Так ён і працуе на працягу трыццаці гадоў. Час паказаў, што нашы бацькі зрабілі правільны выбар.


– Тры дзесяцігоддзі для гісторыі – не такі вялікі час. Але ў межах асобна ўзятай краіны – гэта значны перыяд сур’ёзнай і выніковай працы, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч Чаркоўскі. – Мы помнім, якой наша краіна была ў пачатку 90-х гадоў і якая яна сёння. Нашы дасягненні – цалкам заслуга  Прэзідэнта. Бо вывесці краіну з  з эканамічнага і палітычнага крызіса можа толькі моцны лідар, які любіць сваю краіну і валодае выдатнай харызмай, унутранай сілай, у якога слова не расходзіцца са справай. Граматна выбудаваная кадравая палітыка дае станоўчы эфект.

«Прыклад бацькі і абаронцы», «сімвал дзяржавы», «гарант міру і спакою ў краіне», «Бацька» – для кожнага з нас паняцце «Прэзідэнт» сваё. Але ёсць і агульнае –  вялікі давер і павага да Кіраўніка дзяржавы, які за тры дзесяцігоддзі зрабіў амаль што немагчымае, вывеў краіну на новы ўзровень развіцця і падарыў нам упэўненасць у заўтрашнім дні. 


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |  

Instagram | YouTube | TikTok |


Автор: Ольга Новогран «НЖ»