«Адрадзіся да Новага Жыцця!». Парафія Святога Казіміра ва Уселюбе запрашае на калядныя рэкалекцыі

«Адрадзіся да Новага Жыцця!». Парафія Святога Казіміра ва Уселюбе запрашае на калядныя рэкалекцыі

«Адрадзіся да Новага Жыцця!». Парафія Святога Казіміра ва Уселюбе запрашае на калядныя рэкалекцыі

23 декабря 2020 1402

Жыццё каталіцкіх вернікаў немагчыма ўявіць без духоўна-асветніцкіх сустрэч, фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Ладзяцца яны і ў парафіі Святога Казіміра ва Уселюбе, храм якой прысвечаны Маці Божай Новага Жыцця. Так, з 25 па 27 снежня ў адным з самых старажытных касцёлаў Беларусі адбудуцца калядныя рэкалекцыі «Адрадзіся да Новага Жыцця!».


Рэкалекцыі – гэта духоўныя практыкаванні на працягу некалькіх дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і блізкімі, іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця.

 

– Тэматыка чарговых рэкалекцый выбрана невыпадкова, – адзначае адна з памочнікаў настаяцеля парафіі, жыхарка Мінска Святлана Герасімовіч. – Кожны раз, калі мы адчуваем, што нашае жыццё зайшло ў нейкі тупік, мы пачынаем шукаць выйсце. Бо надзея – гэта апошняе, што застаецца ў нас у такіх выпадках… І напэўна, калі скарыстацца розумам, то можна сказаць сабе: калі я рабіў нешта ўсё маё жыццё і гэта ў выніку прывяло мяне ў тупік, то патрэбна, па-першае, перастаць рабіць гэта, бо яно не вядзе мяне да паўнавартаснага жыцця, супакою і шчасця, а, па-другое, вярнуцца ў тую кропку майго жыцця, з чаго пачаўся мой шлях у накірунку да гэтага тупіка… Бо, калі мы будзем рабіць усё як заўжды, у нас усё будзе як заўжды… А калі мы хочам нейкіх перамен, то патрэбна знайсці ў сабе сілы, жаданне і матывацыю для змянення сябе.


– Кожны чалавек створаны для шчасця. Кожны! Бо шчасце, радасць – гэта стан любові. А Бог ёсць Любоў. І калі мы гэта разумеем, то ўсведамляем і тое, што стан знаходжання разам з Богам – гэта стан любові і радасці, стан шчасця, супакою, невычэрпнай падзякі і натхнення. Калі мы толькі зразумеем, што мы – стварэнні Божыя і што мы любімыя Самім Стваральнікам, мы адкажам сабе на пытанне, хто мы ёсць, – разважае Святлана. – Каб дапамагчы чалавеку, Бог, які вельмі любіць чалавека, пасылае на зямлю свайго адзінароднага сына Езуса Хрыста – цалкам Бога і цалкам чалавека, – каб выратаваць чалавецтва з ціскоў граху. Езус прыходзіць у наш свет праз нявінную Дзеву. Праз Езуса і Марыю прыйшла да нас, людзей, магчымасць адраджэння адносін з нашым Стваральнікам, адраджэння да Новага Жыцця.


– Штогод католікі перажываюць перыяд Адвента, перыяд чакання прыйсця Хрыста. Гэты перыд (4 тыдні да свята Божага Нараджэння) адзначаны постам і малітвай, шчырай споведзю і аднаўленнем свайго сумлення, намераў і жыцця – усім тым, што дапамагае ачысціць душу і сэрца для таго, каб прыняць Хрыста ў сваё жыццё як асабістага Збаўцу ад свайго ўласнага граху, – працягвае Святлана. – Марыя – тая, якая нясе нам Хрыста, асабліва ў часе Божага Нараджэння. Марыя – Маці ўсіх людзей, бо на крыжы Езус даручыў ёй усё чалавецтва ў апеку. Марыя – Маці Новага Жыцця для кожнага, хто толькі пажадае перамен у сваім жыцці.


Далучайцеся!

Шлях да новага жыцця пачынаецца з першага кроку. Тэл. для запісу на рэкалекцыі: +375292800545.


Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота "НЖ" і з архіва парафіі