
Але як жа зацікавіць дзіця кнігай? Як навучыць яго любіць кнігу?
Прымусіць чытаць можна, але немагчыма прымусіць любіць чытанне. Таму Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка разам з Любчанскай сярэдняй школай вырашылі падрыхтаваць сумесны праект, які накіраваны на далучэнне дзяцей да кніг праз чытанне ўслых, абмеркаванне прачытанага, правядзенне літаратурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Мэта праекта: далучэнне дзяцей да чытання, фарміраванне і пашырэнне чытацкага кругагляду, інтарэсаў і захапленняў дзяцей з дапамогай кніг. Задача бібліятэкараў і настаўнікаў ненадакучліва захапіць дзяцей чытаннем, зарыентавацца ў іх жаданнях, падказаць ім, дапамагчы, прапанаваць неабходныя кнігі. Праект разлічаны на тры гады: 2023-2025 гг. Узроставая катэгорыя: вучні 1-6 класаў. З пачатку года прайшло ўжо шэсць мерапрыемстваў. У студзені прайшло першае. Гэта была гульня-віктарына «В поход за золотым ключиком», якая прымеркавана да 140-годдзя А. Талстога. За званне быць лепшымі змагаліся дзве каманды – «Почемучкины» і «Читалкины». Хто з’яўляецца галоўным героем казкі, юныя чытачы адказалі, адгадаўшы загадку. Прозвішча аўтара ўсімі любімай казкі дзеці складалі з рассыпаных літар. Нікому ў гэты дзень не давялося сумаваць. Дзеці прынялі ўдзел у розных турах: «Ці ведаеш ты казку», «Хто гэта?», «Вясёлы партрэт Бураціна», выконвалі цікавыя заданні. У туры «Чароўны куфэрак» дзеці ўспаміналі, каму належаць прадметы, якія бібліятэкар даставала з куфэрка. А гэта быў залаты ключык, палена, азбука, каўпак. Прысутным настолькі спадабалася мерапрыемства, што многія з іх вырашылі яшчэ раз перачытаць казку, таму што яна вучыць не сумаваць, сябраваць і верыць у лепшае.

Да 130-годдзя У. Маякоўскага дзяўчынкі і хлопчыкі здзейснілі займальнае падарожжа ў свет яго паэзіі. Дзеці ўслых чыталі вершы паэта. Затым бібліятэкар прачытала ім вядомы верш «Што такое добра і што такое дрэнна». Яны адказвалі на пытанні віктарыны, дзе ў гульнявой форме разбіралі, якія ўчынкі здзяйсняюць у жыцці – добрыя ці дрэнныя. Усе прыйшлі да адзінай думкі, што мы павінны рабіць больш добрых учынкаў, таму што ад іх свет становіцца багацейшым і лепшым.
У сакавіку адбылася інтэлектуальная гульня «Детство М. Горького», прымеркаваная да 155-годдзя пісьменніка. Юныя чытачы пісалі на сонейках свае асацыяцыі да слова дзяцінства і прымацоўвалі да ватмана. Менавіта такім і павінна быць дзяцінства – цікавым, вясёлым, шчаслівым, як яны заўважылі. На жаль, на долю героя аповесці выпала другое дзяцінства: пабоі, знявагі. Затым дзеці падарожнічалі па аўтабіяграфічай аповесці Горкага «Дзяцінства». Яны пабывалі на станцыі «Біяграфічная», дзе адказвалі на пытанні, звязаныя з біяграфіяй пісьменніка. На станцыі «Аматары славеснасці» на сталах былі разложаны картачкі, дзе на адных напісаны словы, а на другіх – тлумачэнні да іх. Дзецям патрэбна было падабраць картачкі ў адпаведнасці са значэннямі слоў. Зацікавіла дзяцей і кніжная выстава «Максім Горкі і яго героі». Некаторыя творы пісьменніка знайшлі ў гэты дзень свайго чытача.

Цікава і з карысцю прайшла паэтычная мазаіка «Краіна Паэзія». Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з паэзіяй як жанрам літаратурнай творчасці. Затым дзеці чыталі вершы рускіх і беларускіх паэтаў, абмяркоўвалі прачытанае. Таксама яны прынялі ўдзел у конкурсе «Чый верш?», дзе адгадвалі, хто аўтар тога ці іншага твора. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі паэтаў, дзе па прапанаваных рыфмах ім патрэбна было напісаць верш. Яны прыйшлі да высновы, што для таго, каб паэзія адкрыла свае таямніцы, свае цуды, неабходна чытаць і слухаць вершы, удумвацца ў кожнае паэтычнае слова. Гэтаму патрэбна вучыцца. Многа кніг было ўзята дзецьмі з кніжнай выставы «Вершаў чароўныя гукі».
Вучні 6 класа разам з настаўнікамі абмяркоўвалі аповесць «Муму» І. Тургенева. Асноўная тэма – цяжкае жыццё сялян, якое знаходзілася ў поўнай залежнасці ад панскіх капрызаў. Разам з тым раскрыты тэмы кахання, даверу, унутранай свабоды. Затым дзеці адказвалі на пытанні віктарыны па творы. Давалі адказы на тэст «Хто хутчэй»: падбіралі правільныя пары, выкрэслівалі лішняе. Удзельнічалі ў конкурсе «Што, дзе і калі». Дзеці адзначылі, што гэты твор самы кранальны ва ўсім свеце.

Да Міжнароднага дня сяброў у чэрвені месяцы дзеці адправіліся ў літаратурную вандроўку «Сяброўства на старонках кніг». На працягу мерапрыемства вялі размову пра сяброўства праз работу над літаратурнымі творамі. Чыталі апавяданні В. Асеевай, Я. Пермяка, Э. Успенскага, абмяркоўвалі іх і адказвалі на пытанні. Дзеці запісвалі станоўчыя якасці сваіх сяброў, збіралі прыказкі пра дружбу і тлумачылі іх сэнс. Вядучы называў казачнага персанажа, а дзеці хорам называлі яго сябра. Нікому не прыйшлося сумаваць у гэты дзень. Шмат кніг з выставы «Дружба пачынаецца з усмешкі» знайшлі сваіх чытачоў.
Галіна Кокаш, загадчык Любчанскай бібліятэкі.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |