Верасень 1939 года. Савецкія войскі толькі-толькі вызвалілі землі Заходняй Беларусі ад польскай улады, далучыўшы іх да БССР. Яшчэ неват не існавала Навагрудскага раёна (ён будзе створаны праз некалькі месяцаў), а ў Навагрудку ўжо выдавалася новая, савецкая газета. Імя яна мела «Звязда». Пройдзе яшчэ 13 гадоў – і першая газета Навагрудчыны, народжаная сацыялістычнымі пераўтварэннямі, атрымае назву «Новае жыццё». Гэтую назву яна і пранесла праз гады да нашых дзён, увесь гэты час застаючыся вернай сяброўкай жыхароў Навагрудка і Навагрудскага раёна.
А гадоў мінула ўжо 85. Свае юбілеі «Новае жыццё» традыцыйна адзначае тады, калі ўся краіна святкуе ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Аглядацца ў гэтыя дні на пройдзены шлях, успамінаць падзеі, даты, імёны – гэта таксама традыцыя. Не будзем яе парушаць і сёлета.
Першы нумар «Звязды» не трымаў у руках, бадай, ніхто з нашых сучаснікаў. Нават такі знаўца перыядычнага друку, як наш зямляк Мікалай Нікалаеў, які доўгі час загадваў аддзелам газет Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, адзначаў, што першы нумар, вядомы асабіста яму, выйшаў 17 лістапада 1939 года і быў ужо 27-м па ліку. Набор звестак аб Другой сусветная вайне і маленькіх праблемах «расселеных па Навагрудскай узвышанасці людзей», – так ахарактарызаваў змест першых нумароў «Звязды” М. Нікалаеў.
Шмат змен адбылося з таго часу, але прынцып «Пісаць пра людзей і для людей» нязменны для «Новага жыцця» да нашых дзён. Так было заўсёды.
Калі Беларусь апынулася ў руках нямецка-фашыстскіх захопнікаў, выданне газеты прыпынілася. Але ў 1943 г. распачалося ізноў. Газета ваеных часоў (вядома 7 яе нумароў за 1943–1944 гады) мела сціплае афармленне, была пазбаўлена фотаздымкаў, ды і выходзіла без пэўнай перыядычнасці. Але ўсё роўна усяляла ў сэрцы чытачоў надзею на непазбежную перамогу.
Першы нумар «Звязды» пасля вызвалення Беларусі ўбачыў свет 21 ліпеня 1944 года. Рэдактарам у гэты час быў Андрэй Сцяпанавіч Траяновіч.
У пасляваенае дзесяцігоддзе «Звязда» як магнітам прыцягвала таленавітых людзей, некаторыя з якіх пасля сталі знакамітасцямі. У 1944-м яе адказным сакратаром быў палымяны паэт-барацьбіт Валянцін Таўлай. У 1950-м тут дэбютаваў у друку са сваімі верамі Анатоль Клышка. Акрамя таго, аўтар славутага «Буквара», вядомага кожнаму, хто вучыўся ў школе ў 1970-я – пачатку 1990-х, некаторы час працаваў у навагрудскай раёнцы карэктарам. Леў Мірачыцкі, будучы вядомы літаратар і вучоны-славіст, а тады навуковы супрацоўнік музея Адама Міцкевіча, не раз друкаваў на яе старонках свае артыкулы.
У 1953 годзе галоўным рэдактарам раённай газеты стаў Мітрафан Мікалаевіч Башлакоў. Ён прыехаў у Навагрудак з Полацка, дзе быў намеснікам рэдактара мясцовай газеты, і амаль на дзесяцігоддзе стаў для навагрудчан сваім чалавекам, земляком – працаваў тут да 1962 года. Пад яго кіраўніцтвам «Звязда» набыла сваю самабытнасць, адметнасць, нават шарм. Акрэслілася кола тэм і праблем, сфарміраваліся адмысловыя рубрыкі, якія на дзесяцігоддзі сталі візітнай карткай газеты і палюбіліся чытачу.
Адна з іх – «Наш Вожык». Вострая і бязлітасная крытыка розных грамадскіх недахопаў і праблем стала адметнасцю раёнкі менавіта ў 50-я. У гэты час газеце быў нават аддзел сатыры. Ад калючак «Нашага Вожыка» нямала пацярпелі не толькі простыя рабочыя і калгаснікі, якія заслужылі сваю порцыю крытыкі, але і кіраўнікі розных рангаў, і партыйныя работнікі.
Што цікава, гаварыў «Наш Вожык» часцей за ўсё галасамі не штатных супрацоўнікаў газеты, а мясцовых рабочых і сялянскіх карэспандэнтаў і простых грамадзян. Добра наладжаная праца з няштатнікамі – адна з самых яскравыс рыс навагрудскай «Звязды». Невыпадкова менавіта тут узнік першы на Гродзеншчыне савет рабочых і сялянскіх карэспандэнтаў.
Па шляху ў «Новае жыццё» раёнка рушыла ў 1962 годзе пад началам новага кіраўніка – Івана Пятровіча Вараб’ёва. Назва магла быць і іншай, каб не аргумент галоўнага рэдактара% «Навагрудскія навіны”, вядома, гучыць добра. Але здаецца, што «Новае жыццё загучыць па-новаму і ва ўсе часы нядрэнна».
Як бачым, не памыліўся рэдактар. Шкада толькі, што Івана Пятровіча няма на ўнікальным фота 1989 года (на той час яго ўжо не было сярод жывых), дзе на 50-годдзе «Новага жыцця» сабраліся разам і яго папярэднікі, і паслядоўнікі. Акрамя названых, гэта Мікалай Дзянісавіч Каралёў, Аляксандр Яўгеньевіч Хілімон, Валерый Сцяпанавіч Задаля, Васіль Пятровіч Кузьміч. Плячо да пляча за адным сталом – цэлая эпоха, працягласць якой большая за паўстагоддзя. Кожны з іх пакінуў у рэдакцыйных сценах часцінку сябе, і кожны прыўнёс у газету нешта сваё, новае, непаўторнае, пры гэтым прывабнае для чытача і блізкае яму.
Але гісторыю «Новага жыцця» стваралі не толькі кіраўнікі газеты. Гэта рабілі і журналісты, фотакарэспандэнты, многія іншыя, хто восем з паловай дзесяцігоддзяў пісаў летапіс Навагрудчыны. Робячы гэта заўзята і шчыра, яны. мабыць, яны і не задумваліся аб уласны месцы ў гэтым летапісе. Толькі з часам становіцца зразумелым , што ўсе яны, хто яшчэ з намі і хто пайшоў ад нас, – не проста летапісцы Навагрудчыны. Яны – неад’емная частка яе гісторыі. Адзін са старажылаў газеты Фелікс Казіміравіч Станішэўскі, шматгадовы намеснік галоўнага рэдактара Алена Рыгораўна Міхневіч, Марыя Мікалаеўна Ваздзвіжанская, якая прайшла ў газеце шлях ад сакратара-машыніста да загадчыцы аддзела, а пасля яшчэ ўзначальвала раённы аддзел радыёвяшчання… Яны і многія іншыя заслужылі, каб іх імёны з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадвалі не толькі тыя, хто блізка іх ведаў, але і ўсе навагрудчане.
І яшчэ адна акалічнасць вартая ўвагі% для многіх з тых, хто калісці звязаў сябе з «Новым жыццём», праца ў рэдакцыі стала не канчатковай жыццёвай прыступкай, а трамплінам, з якога яны ўзляцелі да новых творчых вяршынь. Да ўзроўню рэспубліканскай прэсы дараслі журналіст Міхаіл Талочка і Сяргей Грыц – фотакарэспандэнт, вядомы і за межамі Беларусі. А тых, хто працаваў у «Гродненской правде», узначальваў рэдакцыйныя калектывы розных раённых перыядычных выданняў, сярод выхадцаў з «Новага жыцця» добры дзясятак. Хтосьці знайшоў сябе ў сферах дзейнасці, з журналістыкай не звязаных, як, напрыклад, былы член рэдакцыйнага калектыву Фёдар Чычкан, які шырока разгарнуў свой талент літаратара і педагога. Гэта і ёсць адзін з сакрэтаў поспеху навагрудскай «раёнкі» – тут ва ўсе часы працавалі таленавітыя, няўрымслівая людзі, якія не хацелі спыняцца ў сваім развіцці і заўсёды імкнуліся да новых дасягненняў.
У 2013 годзе груз адказнасці за лёс газеты і выбар шляхоў яе развіцця ўпершыню лёг на жаночыя плечы – рэдакцыю ўзначаліла Аленаа Яўгеньеўна Ермакова. А груз гэты быў нялёгкім – ва ўмовах новай інфармацыйнай рэальнасці ад «Новага жыцця» патрабаваўся не толькі няспынныны пошук новах форм, жанраў, спосабаў падачы матэрыялу, але і шырокая прысутнасць у інтэрнет-прасторы. Існавала рызыка, што раёнка страціць чытача новага пакалення. Каб гэтага не адбылося, «Новае жыццё» набыло уласны сайт, разгарнула вялікую актыўнасць у сацыяльных сетках і месенджарах, пастаянна радуе чытачоў новымі, арыгінальнымі творчымі задумамі і праектамі.
Па абраны курсе газета працягвае ісці і сёння, калі «Новае жыццё» стала часткай медыяхолдынга «НаваМедыяКампанія», які ўяўляе сабой цесны саюз раённага перыядычнага друку, тэле- і радыёвяшчання.
А чытач ад «Новага жыцця» так і не адвярнуўся. Ні падпісчык са стажам, які не ўяўляе вольную часіну без звыклага шоргату газетных старонак, ні тыя, каму больш даспадобы імклівы перазод у некалькі клікаў па інтэрнэт-спасылках. Сакрэт гэтай узаемнай вернасці газеты і чытача просты. Гэта ўласцівае рэракцыйнаму калектывупастаяннае імкненне і ўменне ісці ў нагу з часам і нязменная ўжо 85 гадоў прыхільнасць дэвізу «Мы пішам пра вас і для ваc».