Раённыя «Зажынкі» далі старт уборачнай кампаніі на Навагрудчыне

Раённыя «Зажынкі» далі старт уборачнай кампаніі на Навагрудчыне

Раённыя «Зажынкі» далі старт уборачнай кампаніі на Навагрудчыне

07 июля 2023 1633
Нашы продкі атаясамлівалі хлеб з жыццём. Яны не па чутках ведалі, колькі трэба прыкласці сіл, каб на стале з’явіўся бохан духмянага хлеба. Паважалі яго як жывога чалавека, тым самым аддавалі даніну павагі працы земляроба. А народныя святы і абрады гэта толькі пацвярджалі. Адным з такіх абрадавых свят з’яўляюцца «Зажынкі», прымеркаваныя да пачатку жніва. 7 ліпеня на хлебнай ніве каля вёскі Прымень гаспадаркі СВК «Нягневічы» было асабліва ажыўлена. Сюды, на раённыя «Зажынкі», былі запрошаны галоўныя госці, вядома ж, камбайнеры і механізатары Навагрудчыны, а таксама кіраўніцтва раёна, работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, мясцовыя жыхары, работнікі культуры.

Нашы продкі ведалі, што перш, чым прыступіць да жніва, трэба «дамовіцца» з зямелькай і падзякаваць ёй за добры ўраджай. Калектыў работнікаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці паказаў вельмі прыгожы старажытны абрад «Зажынкі першага снапа», у якім адлюстраваліся глыбокая павага селяніна да поля, да хлеба. Жанчыны з сярпамі ў суправаджэнні зажыначнай песні выйшлі зажынаць збожжа. Першы сноп называлі «гаспадаром». На свяце ўпрыгожаныя каляровымі стужкамі снапы ўручылі старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргею Чаркоўскаму, намесніку старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенію Бажко і старшыні СВК «Нягневічы» Юрыю  Куцко.
Кіраўнік раёна Сяргей Чаркоўскі падкінуў сноп новага ўраджаю высока ў неба з пажаданнямі выдатнага жніва. А затым са шчырымі, цёплымі пажаданнямі плённай працы, добрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я і багатага хлебнага караваю да сельгасвытворцаў і непасрэдна хлебаробаў. А затым звярнуўся са шчырымі, цёплымі пажаданнямі плённай працы, добрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я і багатага хлебнага караваю да сельгасвытворцаў і непасрэдна хлебаробаў.

– Кожны з вас, паважаныя працаўнікі, кожная гаспадарка, уклалі вялікія сілы і сродкі ў закладку сёлетняга ўраджаю. І вось наступіў час яго сабраць,  – адзначыў Сяргей Сяргеевіч. – Сёння, падчас правядзення народнага абраду, мы кланяемся полю, молімся і просім благаславення на збор ураджаю. І каб нам хапіла сіл, здароўя сабраць, вывезці і захаваць кожнае зярнятка. Жадаю ўсім вялікіх намалотаў, добрага надвор’я, міру і дабра вам і вашым сем’ям.

Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бажко пажадаў правесці жніво ў вызначаныя тэрміны, якасна і зладжана, не парушаць працоўную дысцыпліну, атрымаць задавальненне ад зробленай работы.

Словы падзякі ў адрас хлебаробаў і кіраўніцтва раёна выказаў Юрый Куцко, а таксама падзякаваў за прадастаўлены гонар даць старт уборачнай кампаніі на палетках СВК «Нягневічы».

На Беларусі здаўна існуе добры звычай – перад вялікай і значнай падзеяй прасіць благаславення Божага. Благачынны цэркваў  Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій Герасімук прачытаў малітву, акрапіў на добры ўраджай, спрыяльнае надвор’е святой вадой удзельнікаў уборачнай кампаніі, тэхніку.

Непасрэдных удзельнікаў жніва – хлебаробаў – шчыра віталі апладысментамі ўсе прысутныя, а артысты прысвячалі ім музычныя кампазіцыі. Камбайнерам работнікі культуры падрыхтавалі снапочкі, каб ім добра жалася, каб добры ўраджай сабралі.
Куды ж на такім свяце без караваяў? Яны, як сімвалы адвечнага нашага жыцця, былі ўручаны ганаровым гасцям. А ўсім удзельнікам зажынак прапанавалі пакаштаваць духмяны каравай.

«Дай жа, Божа, пагоданьку, дай на нашу работаньку», – заспявалі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання «Суседачкі». І сапраўды, адзін з найважнейшых момантаў жніва – добрае надвор’е. Аднак многае залежыць ад самых галоўных удзельнікаў жніва – механізатараў, якім трэба будзе ад відна да позняга вечара працаваць у палях і змагацца за ўраджай.

Пасля таго, як камбайны і іншая сельскагаспадарчая тэхніка былі асвечаны, наступіў самы хвалюючы момант. Механізатары і ганаровыя госці селі за штурвалы камбайнаў і адзін за адным вывелі тэхніку на хлебную ніву.

Прыгожае народнае абрадавае свята «Зажынкі» таксама прайшло ў кожнай сельскай гаспадарцы раёна. Культработнікі і кіраўнікі гаспадарак віншавалі хлебаробаў з пачаткам адказнай пары – стартам жніва. Цяпер галоўная задача – правесці ўборку ўраджаю якасна і хутка.

У добры шлях, жніво! Няхай жа навагрудскі каравай ураджаю 2023 года будзе вялікім і важкім!

Автор: Ольга Писар, «НЖ»