Традыцыйна ў лістападзе працаўнікі вёскі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні святочнай даты ў Мінску прайшоў Рэспубліканскі форум працаўніц вёскі, які сабраў 300 жанчын – работніц сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці з усіх рэгіёнаў. У складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці ўдзел у гэтым маштабным мерапрыемстве прымалі прадстаўніцы Навагрудскага раёна: кіраўнік вытворчага участка №2 СВК «Нягневічы» Марына Батура і аператар жывёлагадоўчага комплексу і механізаваных ферм ААТ «Шчорсы» Таццяна Навуменка.
Форум працаўніц вёскі – гэта не проста ўшанаванне працавітых жанчын, але яшчэ і пляцоўка для зносін і абмену вопытам, магчымасць адпачыць ад паўсядзённых клопатаў, атрымаць яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні. Традыцыйна праграма форуму ўключае мноства мерапрыемстваў, якія падабаюцца гасцям з рэгіёнаў. Сёлета для лепшых працаўніц сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці былі арганізаваны экскурсія па Мінску, прагляд балета «Папялушка» і нават шопінг у ГЦ «Першы нацыянальны гандлёвы дом». Але самай яркай падзеяй, вядома, было ўшанаванне працаўніц у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета з удзелам прадстаўнікоў дзяржорганаў.
Выказаць словы падзякі жанчынам, якія штодня клапоцяцца аб харчовай бяспецы краіны, сваёй стваральнай дзейнасцю спрыяюць развіццю дзяржавы, падаюць яркі прыклад высокай грамадзянскасці і патрыятызму, за іх працу, стараннасць і бязмежную любоў да сваёй справы прыехалі старшыня Савета
Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская.
Нашы жанчыны-перадавікі Марына Батура і Таццяна Навуменка былі прыемна здзіўлены тым, што атрымалі запрашэнне на ўдзел у трэцім Рэспубліканскім форуме працаўніц вёскі.
У сферы сельскай гаспадаркі Марына Батура больш за 27 гадоў. Апошнія 11 гадоў яна працуе ў СВК «Нягневічы».
Жанчына праявіла сябе як кампетэнтны і добрасумленны работнік, які добра валодае ведамі і ўменнямі ў сваёй прафесіі. На даручаным Марыне Батуры ўчастку зладжанай камандай працуюць механізатары, трактарысты, паляводы. Жанчына прызнаецца, што для яе яны быццам другая сям'я – блізкія па духу, надзейныя, правераныя часам. Напэўна, па гэтай прычыне і праца ў іх спорыцца. Даведаўшыся, што яе выбралі дэлегатам ад прадпрыемства на форум працаўніц вёскі, Марына Мікалаеўна вельмі ўзрадавалася.
Таццяна Навуменка працуе ў аграпрамысловай галіне 12 гадоў, і ўсе – у ААТ «Шчорсы».
Тут Таццяну Паўлаўну ведаюць як чалавека з добрасумленным стаўленнем да выканання сваіх службовых абавязкаў. Неаднаразова плённая праца жанчыны адзначалася высокімі ўзнагародамі. Таццяна Навуменка прызнаецца: нягледзячы на тое, што на вёсцы працаваць няпроста, нічога ў сваім жыцці памяняць не хацела б. У сельскай гаспадарцы яна адчувае сябе на сваім месцы, таму і вынікі працы годныя.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |