Навардок: час надзей і спадзяванняў

Навардок: час надзей і спадзяванняў

21 июня 2018 3553

Халакост – гэта страшнае слова і па сённяшні дзень адклікаецца болем і горыччу страты ў сэрцах людзей. Паліта крывёю ахвяр Халакосту і Навагрудская зямля. У страшныя гады нямецкай акупацыі вязні Навагрудскага гета, змучаныя голадам, зломленыя горам ад страты блізкіх, у самых жахлівых умовах знайшлі ў сабе сілы супраціўляцца. 26 верасня 2018 года споўніцца 75 гадоў з дня, калі 223 вязні гета ажыццявілі самыя масавыя ў Еўропе ўцёкі. Дня, які стаў сімвалам смутку і мужнасці, вялікага імкнення чалавека да жыцця і свабоды. З нагоды гэтай даты рэдакцыя газеты «Новае жыццё» пачынае новы праект – «Жыць і помніць». Праект, які раскажа аб трагічным лёсе яўрэяў Навагрудчыны, аб народзе, які жыве і захоўвае памяць аб перажытай трагедыі – каб ніколі ў свеце ні аднаму чалавеку не прыйшлося зведаць такога гора і пакут.

Як сведчыць гісторыя, яўрэі на Навагрудскай зямлі з’явіліся яшчэ ў XV ст. Першыя звесткі пра яўрэйскую суполку адносяцца да 1529 г. У XVIІ-XVIІІ ст. колькасць яўрэяў у Навагрудку (яўрэйская назва Навардок) настолькі вырасла, што яны пачалі сяліцца па-за раёнамі, што былі спецыяльна выдзелены для іх. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Навагрудку побач з беларусамі, палякамі, рускімі добрасуседскі жыло шэсць з паловай тысяч яўрэяў. Цэнтр яўрэйскай суполкі размяшчаўся вакол Вялікай Халоднай сінагогі, якая знаходзілася на вуліцы Яўрэйскай, што за касцёлам св. Міхаіла. Блізкае знаходжанне храмаў розных рэлігій адпавядала мясцовай традыцыі: у горадзе па суседстве жылі людзі розных нацыянальнасцей и веравызнанняў. 

Навагрудак 1935 год: 9567 – усяго жыхароў, 1055 – дамоў,  2 – касцёлы, 2 – царквы, 3 – сінагогі, 1 – мячэць, 2 – гімназіі (польская і беларуская).

«Толькі той бядняк, хто бедны ведамі».

Талмуд.

Росквіт яўрэйскай культуры і нацыянальнага жыцця ў Навагрудку прыйшоўся на перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Свет яўрэйскай суполкі можна ўявіць дзякуючы ўраджэнцу Навагрудка вядомаму лінгвісту і пісьменніку Аляксандру Гаркаваму. У міжваенны перыяд яўрэі вялі шырокую грамадскую і культурную дзейнасць. Найбольш актыўна дзейнічала яўрэйская інтэлігенцыя – юрысты, лекары, настаўнікі і буйныя гандляры. У гэты час развілася шырокая сетка яўрэйскіх навучальных устаноў усіх напрамкаў і плыняў. Дзяўчаты з яўрэскіх сем’яў у пачатку XX стагоддзя вучыліся ў чатырохкласнай гімназіі, дзе палова навучэнак былі беларускамі. Пасля заканчэння многія ішлі працаваць настаўніцамі. У 1919 годзе была заснавана сямікласная яўрэйская школа «Тарбут». Жадаючых вучыцца было так шмат, што нават праводзіліся ўступныя экзамены. Пры школе дзейнічаў дзіцячы сад для дзяцей чатырох-шасці гадоў, у якім мовай зносін быў іўрыт.

[caption id="attachment_64240" align="alignnone" width="800"]Адна з вуліц горада. Адна з вуліц горада.[/caption]

«Навагрудская іешыва была асаблівай: такіх, як яна, было мала. Гэта была ўстанова руху «Мусар», што азначала, што яна менш канцэнтравалася на падрыхтоўцы сваіх студэнтаў як будучых рабінаў, чым на прысвячэнні сябе самаадданаму служэнню Богу», – успамінае адзін са студэнтаў іешывы Дэвід Загер у кнізе «Бочкі».

«На тры слупы абапіраецца свет: на вывучэнне Торы, служэнне Госпаду і добрыя справы».

Піркей Авот.

Сярод навучальных устаноў асабліва славілася навагрудская іешыва «Бейт Іосеф», заснаваная ў 1896 годзе Іосіфам Гурвіцам. Ён быў вядомы ў яўрэйскім свеце як знаўца Талмуда і заснавальнік новых напрамкаў у рэлігійнай адукацыі. Гурвіц патрабаваў ад сваіх вучняў цалкам прысвяціць сябе вывучэнню Торы і адмовіцца ад усіх зямных даброт.

Іешыва стала своеасаблівым духоўным цэнтрам, які служыў прыкладам для іншых суполак. Сюды прыязджалі вучыцца яўрэйскія юнакі з Літвы, Польшчы, Каўказа і іншых краін. Іешыва праіснавала да 1939 года, а потым пераехала ў Літву. Адтуль студэнты, атрымаўшы візы праз японскага консула Сенпо Сугіхару, выехалі ў Шанхай і Кобе ў Японіі. Зараз іешыва «Навардок» дзейнічае ў Іерусаліме, Лондане і Нью-Ёрку.

[caption id="attachment_64238" align="alignnone" width="800"]Плошча. Рынак, 1915г. Плошча. Рынак, 1915г.[/caption]

«Ад усякай працы ёсць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі шкода».

Танах. Мішлей (Прытчы Саламона).

У канцы XIX ст. у Навагрудку працавалі мылаварны, цагельны, ганчарны, два ганчарна-кафельныя заводы і гільзавая фабрыка. Манапольнае становішча ў гандлёва-прамысловым прадпрымальніцтве належала яўрэям. Шырокую вядомасць атрымаў кафельны завод Лейтнекера, дзе ў год выпускалася 10 тыс. адзінак прадукцыі. У 1882 г. на Усерасійскай выстаўцы яго прадукцыя была адзначана бронзавым медалём. Тры піваварныя заводы належалі мяшчанам Лейбу Гурдусу, Давіду Явміну, Моту Гурдусу. Самым механізаваным на той час было гільзавае прадпрыемства Шлёмавіча, дзе выкарыстоўвалася паравая машына ў 214 конскіх сіл. На Троіцкай вуліцы працаваў паравы млын Вільгельма Дзюбы.

Аднак большасць яўрэяў горада займалася рамяством і дробным гандлем. У 1877 годзе ў горадзе налічвалася 27 рамеснікаў-харчавікоў, 70 краўцоў, 105 рамеснікаў, якія выраб­лялі сельскагаспадарчы інвентар. Яўрэі дамінавалі ва ўсіх формах і відах гандлю, забяспечваючы насельніцтва ўсім неабходным. Прадметам яўрэйскага гандлю выступалі нават п’яўкі: гэтым, напрыклад, зарабляў жыхар Навагрудка Шмуйл Барановіч, які заказваў гэты тавар у цырульніка з Ляхавіч.

Яўрэйскія магазіны знахо­дзіліся ў гандлёвых радах на цэнтральнай плошчы. Магазіны былі ў большасці каменныя. Напрыклад, у 1877 годзе ў горадзе дзейнічалі 86 каменных і 10 драўляных магазінаў. У гэтым годзе мешчанінам Атарам Лускім была заснавана кнігарня. Да гэтага часу кнігі ў гарадскім гандлі з’яўляліся перыядычна падчас кірмашу, калі віленскія друкарні пасылалі сюды сваю прадукцыю.

Яўрэі былі заняты і ў сферы паслуг: трымалі такія ўстановы, як аптэкі, лазні, гасцініцы, фотаатэлье, цырульня, натарыяльная кантора, бальніца і іншыя. У канцы XIX - пачатку ХХ ст. пры актыўным удзеле яўрэяў развівалася кааперацыя. Узніклі таварыствы ўзаемнага крэдыту, сельскагаспадарчае, ашчаднае, дабрачыннае, ўзаемнага страхавання. Працавала шэсць страхавых агентаў. Напрыклад, пасевы ад па­шкоджвання градам страхаваў агент Леў Гаркавы. Вынікі прамысловага і сельска­гаспадарчага жыцця горада, а таксама яго патэнцыял былі прадэманстраваны жыхарамі на першай павятовай земскай сельскагаспадарчай і саматужнай выстаўцы, якая праходзіла ў 1913 годзе.

[caption id="attachment_64237" align="alignnone" width="800"]А. Гаркавы (трэці злева) з членамі камітэта дома для састарэлых. А. Гаркавы (трэці злева) з членамі камітэта дома для састарэлых.[/caption]

[caption id="attachment_64241" align="alignnone" width="800"]Урачы і медсёстры яўрэйскай бальніцы падчас сустрэчы з А. Гаркавым (трэці злева ў ніжнім радзе). Урачы і медсёстры яўрэйскай бальніцы падчас сустрэчы з А. Гаркавым
(трэці злева ў ніжнім радзе).[/caption]

«Сэрца мудрых у доме тужлівых, а сэрца дурных у доме, дзе весялосць».

Цар Шлома.

Пры рэлігійнай суполцы існавалі таксама і яўрэйскія дабрачынныя ўстановы. З 1917 года ў горадзе дзейнічае дом сірот. Яго апякунскі савет сабраў групу добра­ахвотнікаў, якая штомесячна адлічвала грошы і збірала ахвяраванні. Гэта дазволіла адкрыць школьныя класы, арганізаваць для дзяцей навучанне рамяству, медыцынскую дапамогу. У доме сірот было 119 дзяцей ва ўзросце ад пяці да пятнаццаці гадоў. Гэта абшчынная ўстанова, нягледзячы на цяжкасці, праіснавала аж да пачатку Другой сусветнай вайны. У асноўным за кошт ахвяраванняў і часткова гарадской казны існавала і яўрэйская бальніца. Тут атрымлівала медыцынскую дапамогу гарадская бяднота. Работнікі бальніцы з гонарам і мужнасцю супрацьстаялі эпідэміі тыфу, якая ўспыхнула ў часы Першай сусветнай вайны.

На Яўрэйскай вуліцы (зараз вул. Савецкая) знахо­дзілася адна са старэйшых устаноў суполкі – дом саста­рэлых. Ён даваў прытулак людзям ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым. Сродкі на ўтрыманне дома састарэлых паступалі ад дабрачынных яўрэйскіх арганізацый і ахвяраванняў яўрэяў. Тут было ўтульна, спакойна і камфортна. У горадзе жартавалі, што ангел смерці ведае ўсе вуліцы горада, акрамя адраса Дома састарэлых, які ў спісе не значыцца.

Людзі жылі, гадавалі дзяцей, працавалі, вучыліся – мірнае жыццё Навардока, было напоўнена спадзяваннямі і марамі. Але літаральна праз некалькі гадоў толькі ў Навагрудку са снежня 1941 г. па восень 1943 г. былі забіты 10 000 яўрэяў.

[caption id="attachment_64242" align="alignnone" width="800"]Дзеці, якія прыйшлі за бясплатным абедам, прыбл. 1915г. Дзеці, якія прыйшлі за бясплатным абедам, прыбл. 1915г.[/caption]

«Каго паважаюць людзі? Таго, хто паважае іншых».

Піркей Авот.

Насычанае культурнае жыццё вызначала дзейнасць яўрэйскай абшчыны ў Навагрудку ў міжваенны перыяд. У другой палове 1930-х гг. у горадзе выходзіла дзве яўрэйскія газеты: «Novogrоdker Lebn» («Навагрудскае жыццё») і «Novogrоdker Voch» («Навагрудскі тыдзень»). Актыўна працавалі дзве яўрэйскія бібліятэкі, адна з іх – грамадская – налічвала 300 тамоў літаратуры на ідышы. Адным з самых вядомых месц быў аматарскі яўрэйскі тэатр, дзе на ідышы ставіліся п’есы класікаў літаратуры Шолама Ашы і Гордзіна. Дырэктарам тэатра быў Лейзер Рабіновіч, які таксама выступаў з хорам. Большасць даходаў ад спектакляў ішла на патрэбы дабрачыннасці. Даволі часта ладзіліся выступленні аркестра аддзела пажарнай аховы, музыканты якога былі яўрэямі.

Наколькі насычаным было грамадскае жыццё ў Навагрудку міжваеннага часу, можна ўявіць з дапамогай памесячных справаздач паліцыі, якія захаваліся ў архівах. Так, адна з іх сведчыць: у ліпені 1926 г. на сход членаў яўрэйскага банка прыйшло каля 100 чалавек. На сходзе было вырашана адкрыць у Навагрудку яўрэйскае казіно.

А ў справаздачы за красавік 1926 г. значыцца адразу некалькі цікавых падзей. 4 красавіка ў будынку саюза яўрэйскіх рамеснікаў прайшла лекцыя аб барацьбе з тыфам дырэктара яўрэйскай бальніцы доктара Мармерштайна на тэму: «Нябачны свет: нашы мікраскапічныя ворагі і сябры». 10 красавіка ў будынку пажарнай аховы адбыўся вечар памяці пісьменніка Пераца, на які прыйшло 400 чалавек. Лекцыю пра жыццё і творчасць пісьменніка прачытаў адвакат-практыкант Гуменер, затым яўрэйскі аркестр сыграў жалобны марш Шапэна, а мясцовы хор яўрэйскай моладзі праспяваў некалькі яўрэйскіх песень. Пасля чаго была паказана п’еса «На пахаванні». 17 красавіка ў будынку кіно «Пагоня» доктар Мармерштайн прачытаў па-яўрэйску лекцыю з ілюстраванымі дыяпазітывамі на тэму: «Туберкулёз, і як з ім змагацца», на якую прыйшло 100 чалавек.

 

А. Ганцэвіч, "НЖ".