Хутка фронт. Немцы далёка прасунуліся на ўсход, але пагналі іх ад Масквы, актывізавалася наступленне, і больш на поўдзень. Вось тут і пачаліся першыя баявыя будні для Івана Грыня. Уласна кажучы, не будні, а перш за ўсё – начныя дзеянні. Для наступаючых войскаў трэба было ачышчаць праходы ад мін. Калі надыходзіў змрок, ціха крадучыся, на нейтральную паласу паўзлі сапёры, яны выяўлялі і абясшкоджвалі міны, каб даць дарогу танкам і пяхоце. Быў у Івана Грыня такі момант, калі жыццё вісела на валаску… Ішоў ён па снезе і наступіў на скакучую міну, якая падскочыла вышэй галавы і разарвалася. Цяжка растлумачыць, як застаўся чалавек жывы… Лёс… Ні днём, ні ноччу салдаты не ведалі адпачынку. Вызвалілі горад Бранск, а далей пайшла родная Беларусь. Добруш, Рэчыца, Калінкавічы, а потым украінскія гарады Оўруч, Сарны, Ковель і першы польскі горад Хэлм. Некалькі разоў быў ранены, але не прасіўся юнак у шпіталь. Адляжаўся ў санітарнай часці – і зноў на пярэдні край, у бой…
У 1944 годзе Івана Паўлавіча прынялі ў рады партыі. Пайшла польская зямля. Руіны і руіны… Сяржант бачыў босых, галодных дзяцей, вымаў з зашмальцаванай торбы апошнія кавалкі цукру і аддаваў ім… Баі на Вісле. Невялікі плацдарм ля Казімежа. Немцы вось-вось гатовы спіхнуць пехацінцаў у раку. Але зрабілі сваю справу сапёры. Яны густа расставілі міны, крок – і фашысту смерць… У абароне стаялі паўгода – а пасля пайшлі ў наступленне. І на гэты раз шмат было работы ў сапёраў, яны не толькі знялі свае міны, але зрабілі праходы на нейтральнай паласе. І так да самага Берліна, а пасля да Эльбы. Грудзі воіна ўпрыгожвалі два ордэны Чырвонай Зоркі, два ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Славы ІІІ ступені, дванаццаць медалёў. Пасля вайны сапёрна-інжынерны батальён, у якім служыў Іван Паўлавіч Грынь, перакінулі на Каўказ. Тут ён пакахаў Ганну Іванаўну, якая агітавала застацца на Каўказе, але Івана цягнулі родныя мясціны, родныя Лаўцы. Пасля вайны з маладой энергіяй узяўся Іван Паўлавіч за аднаўленне народнай гаспадаркі на малой радзіме. Былы воін і ў працы такі ж, як у баі. Працаваў на цагельным заводзе ў в. Крываногава, старшынёй Налібацкага сельскага савета, старшынёй Пятрэвіцкага сельскага савета, затым на розных пасадах у калгасе імя Маякоўскага (быў першым старшынёй). У 1969 г. быў выбраны дэлегатам на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў у Маскве.
У 1999 г. сэрца Івана Паўлавіча перастала біцца. Пахаваны на Лаўцоўскіх могілках. Але людзі жывуць, пакуль памяць жыве аб іх… У падрыхтоўцы матэрыялу дапамогу аказалі праўнукі Івана Паўлавіча Грыня Павел і Паліна Мантуш.
Наталля Юшкевіч, бібліятэкар Пятрэвіцкага д/с-СШ. Фота з уласнага альбома І.П. Грыня Стоит почитать: Участники учебной бизнес-компании «ДАР» вышли на улицы Новогрудка с пиар-акцией «Яблоневый цвет - цветок Победы» 75 добрых дел для Новогрудчины. В деревне Черешля благоустроили партизанскую стоянку



















