Камуніст, рабочы, старшыня
Вёска Падкасоўе – малая радзіма Васіля Аляксандравіча, месца, адкуль пачынаецца яго слаўны працоўны шлях, дзе бярэ пачатак гісторыя калгаса «Рассвет». Тут у 1949 годзе ў звычайнай вясковай хаце ён пачаў арганізоўваць калгас, які праз некалькі гадоў стаў адным з лепшых не толькі ў раёне. Звычайны вясковы хлопец, ён з дзяцінства ведаў, што значыць працаваць на зямлі. Іх, траіх дзяцей, маці выхоўвала адна, таму аб адукацыі размова не ішла. Васіль скончыў чатыры класы і стаў дапамагаць па гаспадарцы. У пошуках лепшай долі паехаў у Расію, у гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў на ваенным заводзе на Урале. Пасля вайны Васіль Аляксандравіч вяртаецца на радзіму. Яму, камуністу, удзельніку рэвалюцыйнага руху, перадавому рабочаму, улады даручаюць арганізаваць калгас. – Большасць людзей у вёсцы жылі пасля вайны вельмі бедна, – расказвае былая настаўніца Лозкаўскай школы Вера Мазалеўская. – Бацькі майго мужа Надзея (сястра Васіля Глебкі) і Павел Хвіневічы жылі да вайны заможна. І аднымі з першых пайшлі ў калгас. Канешне, прыняць такое рашэнне было складана: перш за ўсё ў калгас трэба было аддаць каня і карову. Аднак Васіль Аляксандравіч так усё растлумачыў і пераканаў, што калгасу быць. Старажылы ўспамінаюць, як людзі радаваліся, што сталі роўныя, што была работа. Грошай спачатку ніякіх не плацілі, разлічваліся тым, што вырошчваў калгас. Тут, у родным Падкасоўі, Васіль Аляксандравіч ажаніўся. Сям’я старшыні жыла вельмі сціпла: звычайны дом на краі вёскі, невялікая гаспадарка. Жонка Алена працавала ў калгасе, падрасталі двое сыноў.
Праславіліся «рассветаўцы» ўраджаямі льну
Літаральна праз некалькі гадоў калгас «Рассвет» стаў атрымліваць добрыя ўраджаі. Вырошчвалі зерневыя, лён, гародніну, тытунь, працавалі фермы. Але праславіліся «рассветаўцы» перш за ўсё ўраджаямі льну. Урадлівая зямля аддзячвала сяльчанам за гаспадарлівасць і працавітасць. У тым, што калгас быў перадавым, вялікая заслуга яго старшыні – Васіля Глебкі. – Калгас «Рассвет» на той час – гэта вёскі Харосіца, Мілушава, Падкасоўе, Задвор’е, Роскаш, Лозкі. Зямлі было няшмат, таму, напэўна, і адносіны да яе былі асабліва беражлівыя, – працягвае Вера Мікалаеўна. – Людзі стараліся, працавалі сумленна. Ды і заробкі ў нашым калгасе былі значна большыя, чым у іншых. У гады кіраўніцтва Васіля Глебкі была пабудавана новая двухпавярховая школа ў Лозках, з’явіўся прыгожы і вялікі сельскі клуб у Харосіцы, пабудавалі свінагадоўчую ферму. Ішло асушэнне земляў, будаўніцтва меліяратыўных каналаў – адным словам, калгас жыў добра. У 1966 годзе Васіль Глебка за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма залатымі медалямі ВДНГ СССР.
У 1966 годзе раёнка пісала, што ўраджайнасць ільну ў калгасе «Рассвет» амаль у два разы перавышае сярэднераённы паказчык. «Высокія і ўстойлівыя ўраджаі льну калгас «Рассвет» атрымлівае кожны год, незалежна ад кліматычных умоў. Сакрэт поспеху ў строгім захаванні ўсіх правіл агратэхнікі. З ураджаю мінулага года адправілі на прыёмны пункт 116 тон. Багаты выхад і валакна. Кожны з 160 гектараў даў па 11,7 цэнтнера. Прадукцыя прынята сярэднім нумарам 11,8».



















