Официально

Сяргей Мішарын: «Наша незалежная рэспубліка пераадолела шмат перашкод на шляху свайго станаўлення і прадаўжае паслядоўна рухацца наперад»

Сяргей Мішарын: «Наша незалежная рэспубліка пераадолела шмат перашкод на шляху свайго станаўлення і прадаўжае паслядоўна рухацца наперад»

13 января 2021 2408

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў указ аб скліканні VI Усебеларускага народнага сходу. У адпаведнасці з арт. 37 Канстытуцыі Беларусі і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны, Прэзідэнт пастанавіў склікаць 11-12 лютага 2021 года ў Мінску VI Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне ўдзельнікаў форуму будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Напярэдадні яго правядзення «Новае жыццё» прапанавала падзяліцца сваімі думкамі дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.


Сяргей Мішарын, старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў:

– Безумоўна, роля Усебеларускага народнага сходу будзе ўзрастаць. Аб яго запатрабаванасці сёння говорыць тое, што ў грамадскія прыёмныя ад жыхароў розных рэгіёнаў нашай краіны паступалі прапановы замацаваць статус народнага форуму канстытуцыйна. А Прэзідэнт Беларусі выказаў думку аб тым, каб перадаць Усебеларускаму сходу частку паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.

Хачу падкрэсліць, што ў Беларусі выпрацаваны механізм, які дазваляе перад прыняццем праграмы развіцця краіны на чарговыя пяць гадоў улічваць розныя думкі. Гэты механізм эфектыўны, бо дазваляе пачуць не толькі тых, хто так ці інакш задзейнічаны ў дзяржкіраванні, а і звычайных грамадзян. Дзякуючы гэтаму, улада чуе іх галасы, улічвае першачарговыя праблемы народа.


Наша незалежная рэспубліка пераадолела шмат перашкод на шляху свайго станаўлення і прадаўжае паслядоўна рухацца наперад.

Першы форум 1996 года дапамог Беларусі кансалідаваць грамадства, пераадолець палітычныя супярэчнасці і выбрацца з эканамічнай пасткі, у якую зацягвала краіну пасля распаду СССР.

У 2001 годзе, калі краіна пераадолела цяжкую інфляцыю 1990-х, народны сход прыняў сучасную беларускую мадэль развіцця.

У 2006 годзе народны сход, абапіраючыся на дасягненні папярэдніх пяці гадоў, акрэсліў новыя задачы – аказаць дзяржпадтрымку шматдзетным і маладым сем’ям у будаўніцтве і набыцці жылля, пачаўся маштабны працэс мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя.

У 2010 годзе Усебеларускі народны сход выступіў за захаванне мадэлі сацыяльна-арыентаванай эканомікі. Новы этап у яе развіцці пачаўся з мадэрнізацыі заводаў, развіцця ІТ-сферы, будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», запуску спутніка і будаўніцтва АЭС.


На фоне падзей, якія адбываліся ў суседняй Украіне, форум 2016 года вызначыў адзін з галоўных прыярытэтаў: мір – самая вялікая каштоўнасць. Выступаючы перад дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу 2016 года, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што страціць мір вельмі лёгка, а шлях ад міру да вайны вельмі кароткі. Былі вызначаны асноўныя прыярытэты пяцігодкі: павышэнне долі высокатэхналагічнай вытворчасці, занятасць насельніцтва, экспарт, інфарматызацыя, моладзь.

Сёння мы добра ўсведамляем, наколькі правільна былі акрэслены гэтыя накірункі.


Новае пяцігоддзе адкрывае перад намі новыя выклікі. Перш за ўсё тыя абмежаванні, якія ўзніклі з-за распаўсюджвання ў свеце каронавіруса і значна паўплывалі на сусветную эканоміку і эканоміку нашай краіны таксама. Шмат выпрабаванняў, якія выпалі на гады станаўлення суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, мы ўжо пераадолелі. Няма сумненняў, што і далей усе разам, прыслухоўваючыся да розных меркаванняў і пунктаў гледжання, вызначыўшы адзіную праграму развіцця, мы пераадолеем і гэта.

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»
Фота з архіва рэдакцыі