Официально

Ігар Каранеўскі: «Трэба вучыць моладзь шанаваць сваю краіну»

Ігар Каранеўскі: «Трэба вучыць моладзь шанаваць сваю краіну»

20 января 2021 2613

Па ўсёй краіне ідзе актыўная падрыхтоўка да VI Усебеларускага народнага сходу. Ад кожнай вобласці ў ім прымуць удзел не больш за 310 чалавек, усяго – 2700 удзельнікаў і запрошаных. Гэта людзі, якія прадстаўляюць усе пласты і групы насельніцтва, розных узростаў, прафесій і поглядаў. Навагрудчыну на сходзе будуць прадстаўляць дзесяць дэлегатаў. Аб тым, якія надзеі і спадзяванні звязваюць з народным форумам працаўнікі сельскай гаспадаркі, наша размова з механізатарам ААТ «Прынёманскі», дэлегатам сходу Ігарам  Каранеўскім.

 

Свае прапановы для абмеркавання на VI Усебеларускім народным сходзе грамадзяне краіны ўносілі на дыялогавых пляцоўках і ў грамадскіх прыёмных. Самыя важныя з іх дапамогуць вызначыць стратэгію развіцця краіны на найбліжэйшыя гады.

– У нас ёсць шмат пытанняў, якія важна абмеркаваць на VI Усебеларускім народным сходзе. Дзейнасць сельгаспрадпрыемстваў, усё, што тычыцца развіцця сельскай гаспадаркі і жыцця людзей на вёсцы – гэта тое, што турбуе мяне больш за ўсё, – падкрэсліў Ігар Каранеўскі. – Свой удзел ва Усебеларускім народным сходзе я ўспрымаю як гонар і высокую ацэнку маёй працы. Гэта ўнікальная магчымасць з першых вуснаў пачуць пра тое, што чакае ўсіх нас у бліжэйшай будучыні і на што ў першую чаргу павінны быць накіраваны намаганні кожнага работніка. Для мяне важна, што адбываецца ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і галіне, у якой я працую, бо гэта – наша жыццё.

Больш за дваццаць гадоў Ігар Аркадзьевіч працуе ў сельскай гаспадарцы – праводзіць хімапрацоўкі палеткаў і штогод задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў.  Як ніхто іншы, механізатар ведае, што праца на зямлі патрабуе руплівасці і адказнасці, таму і дабіваецца высокіх вынікаў. Сёлета на кормаўборачным камбайне «Ягуар», які ён атрымаў два гады таму, пераадолеў рубеж у 68 тыс. тон зялёнай масы травы і кукурузы.

– Стараюся працаваць сумленна – так, каб не было сорамна, – падзяліўся Ігар Каранеўскі. – За гэтыя гады ў нашым сельгаспрадпрыемстве адбыліся значныя змены: будуюцца фермы і жыллё, набываецца сучасная тэхніка, развіваецца вытворчасць. У мінулым годзе наша гаспадарка пабудавала для маладых спецыялістаў чатырохкватэрны дом, ёсць планы і на гэты год. Хочацца, каб у сельскую гаспадарку прыходзілі маладыя работнікі, каб вёска жыла і развівалася. Важна, каб сельскай гаспадарцы па-ранейшаму ўдзялялася самая пільная ўвага, каб развіваліся і багацелі нашы вёскі, станавіліся больш перспектыўнымі і прыцягальнымі, асабліва для моладзі. Калі ўсё гэта будзе, будуць спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы, для цікавага адпачынку – вёска будзе жыць. Думаю, што на Усебеларускім народным сходзе гэтыя пытанні знойдуць падтрымку. Разлічваю на тое, што пачую і пра перспектывы, якія дазволяць павысіць дабрабыт і якасць жыцця людзей, асабліва ў сельскіх населеных пунктах. Аднак варта памятаць, што дабрабыт залежыць ад кожнага з нас, ад таго, наколькі старанна мы працуем.

– Безумоўна, як жыхара краіны, мяне не можа не хваляваць тое, што адбываецца сёння,  – падкрэсліў Ігар Каранеўскі. – Канешне, жыццё не стаіць на месцы, і змены неабходны, але яны павінны ісці паступова і спакойна. Я заўсёды з гонарам гавару, што наша Беларусь – мірная і прыгожая краіна. На жаль, не ўсе гэта разумеюць і шануюць. У першую чаргу, трэба думаць пра выхаванне моладзі, каб яна ведала, што зроблена нашымі бацькамі, як сёння мы працуем  на зямлі. Трэба вучыць маладое пакаленне шанаваць сваю краіну. Думаю, што гэта пытанне павінна быць узнята на сходзе. Неабходна прыняць такія рашэнні, якія будуць накіраваны на з’яднанне людзей, на захаванне спакою і стваральнай працы. Хочацца, каб у краіне быў мір, каб нашы дзеці і ўнукі не баяліся выходзіць на вуліцу, каб былі згода і лад паміж людзьмі.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»