Усяго два дні застаецца да Усебеларускага народнага сходу – самага вялікага сацыяльнага дыялогу ў нашым грамадстве. Сёлета збярэцца шосты маштабны форум, які традыцыйна аб’яднае людзей розных узростаў, прафесій і поглядаў. У ліку дэлегатаў будуць і работнікі сістэмы аховы здароўя Беларусі – людзі, якіх па праву можна назваць усенароднымі героямі. У склад дэлегацыі ад Навагрудскага раёна ўвайшла медыцынская сястра УАЗ «Навагрудская цэнтральная раённая бальніца» Алена Грынь.
Алена Іванаўна – вопытны медыцынскі работнік. У сферы аховы здароўя яна працуе больш як 20 гадоў і ўвесь час на Навагрудчыне – сваёй малой радзіме. Нарадзілася і вырасла Алена Грынь у Пятрэвічах. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіла ў Гродзенскае медыцынскае вучылішча (цяпер – каледж).
– Я разумела, што гэта прафесія адказная і складаная, але вельмі хацела стаць медыцынскай сястрой і рада, што ўвасобіла сваю мару ў жыццё, – дзеліцца Алена Іванаўна. – У мяне ніколі не было сумненняў наконт зробленага выбару.
У 2000 годзе пасля заканчэння вучылішча маю суразмоўцу накіравалі ў Навагрудскую ЦРБ. Увесь час яна працуе медыцынскай сястрой у хірургічным аддзяленні. Нават чалавеку несвядомаму зразумела, што работа гэта не для эмацыянальна слабых людзей.
– У першыя гады маёй работы аддзяленнем кіраваў Станіслаў Станіслававіч Ціс, цяпер – Аляксандр Антонавіч Сіняўскі. Абодва сапраўдныя прафесіяналы і вельмі патрабавальныя загадчыкі. А як інакш? Аддзяленне павінна працаваць як гадзіннік, дзе кожны работнік дакладна ведае і адказна выконвае свае абавязкі, – пераканана Алена Грынь.
Вопыт вопытам, аднак калі ў мінулым годзе пачала распаўсюджвацца каронавірусная інфекцыя і хваля дайшла да Навагрудскага раёна, боязна было ўсім, у тым ліку і медыцынскім работнікам.
– У дадзенай сітуацыі перажыванні – гэта нармальна, бо было шмат невядомага, незразумелага ў барацьбе з новай хваробай. Іншымі словамі, пытанняў больш, чым адказаў, – успамінае Алена Іванаўна. – Але хваляванні адклалі на потым і проста працягвалі выконваць сваю работу. У першую хвалю я працавала ў сваім родным хірургічным аддзяленні, якое некаторы час знаходзілася ў будынку радзільнага аддзялення. Цяпер вось ужо каля чатырох месяцаў працую ў перапрафіляваным інфекцыйным аддзяленні, якое размяшчаецца ў будынку хірургічнага корпуса.
Усім зразумела, што для адаптацыі да новых умоў працы медыцынскім работнікам, якія былі сабраны з розных аддзяленняў, спатрэбіўся некаторы час. І Алене Іванаўне таксама. Не так проста выконваць свае абавязкі ў поўнай экіпіроўцы, у якой патрэбна знаходзіцца як мінімум шэсць гадзін.
– Усё добра, – сціпла гаворыць Алена Грынь. – Гэта наша работа. Хто, калі не мы?
І хоць колькасць хворых на COVID-19 пачала змяншацца, барацьба з каронавіруснай інфекцыяй яшчэ працягваецца. Як мяркуюць многія дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу, а таксама ўдзельнікі дыялогавых пляцовак, якія праходзяць па ўсёй краіне і ў нашым раёне таксама, пытанням далейшай барацьбы з пандэміяй і ў цэлым работы сістэмы аховы здароўя Беларусі на сходзе будзе нададзена самая пільная ўвага.
– Канешне, мяне асабліва хвалюе развіццё рэгіянальнай сістэмы аховы здароўя, у тым ліку ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы раённых бальніц, – расказала дэлегат. – Кожны год наша ўстанова рухаецца па шляху інфарматызацыі, папаўняецца новым сучасным абсталяваннем (адзін камп’ютарны тамограф чаго варты!). Я ўпэўнена, што гэта адчувальна палепшаць даступнасць і якасць медыцыны.
– У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады пастаўлены задачы не толькі захаваць дасягнуты высокі ўзровень беларускай медыцыны, але і дабіцца новых поспехаў. Мэты правільныя, бо самая вялікая каштоўнасць, якая ёсць у чалавека, – гэта яго здароўе і жыццё, – пераканана дэлегат.
Анастасія Пятрова, «НЖ»