Общество

У Мікалая Гайбы выйшла новая кніга «Сем вежаў Навагрудка»

У Мікалая Гайбы выйшла новая кніга «Сем вежаў Навагрудка»

29 августа 2020 2983

Нядаўна выйшла ў свет кніга «Сем вежаў Навагрудка». Яе аўтар – дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба. Гэта пятае паўнавартаснае выданне навагрудскага гісторыка, краязнаўцы і музеязнаўцы, якое ўключае 30 гістарычна-краязнаўчых нарысаў пра Навагрудчыну.

Кніга «Сем вежаў Навагрудка» – частка серыі «Падарожжа па родным краі», заснаванай у 2019 годзе выдавецтвам «Беларусь». Кніга выпушчана па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Цвёрдая вокладка, дызайн з нацыянальным каларытам і 127 старонак цікавых звестак пра Навагрудчыну.


– У якасці назвы выдання была выбрана назва аднаго з артыкулаў, які знаёміць з гісторыяй узнікнення Навагрудскага замка, – прэзентуе сваю кнігу Мікалай Паўлавіч. – Інакш і быць не магло. Наш замак, які ўзнік у сярэдзіне ХІ стагоддзя, стаў сведкам слаўнай гісторыі Навагрудка. А яго рэшткі, якія захаваліся да нашых дзён, з’яўляюцца самай вядомай славутасцю раёна і папулярным месцам наведвання і беларусаў, і замежных турыстаў.


«Вельмі пачэсна і ганарова прадстаўляць чытачу кнігу даўно знаёмага мне і паважанага Міколы Гайбы «Сем вежаў Навагрудка». Неаднойчы, збіраючыся ў дарогу ў Навагрудак, імкнучыся пра нешта напісаць, я званіў, пісаў дасведчанаму збіральніку памятак мінуўшчыны. І заўсёды ведаў, што і кансультацыю адпаведную атрымаю, і справу сваю журналісцкую вырашу. І ведаю, што дапамог і дапамагае ён многім», – так пачаў прадмову да выдання Алесь Карлюкевіч, беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь у 2017-2020 гадах.

Сапраўды, ні адзін журналіст пры падрыхтоўцы матэрыялаў гістарычна-­краязнаўчай тэматыкі не абыходзіцца без дапамогі адпаведных спецыялістаў. І супрацоўнікі музеяў першыя, каму мы тэлефануем.


– Большасць нарысаў, якія ўвайшлі ў канчатковы варыянт кнігі, у розныя гады былі надрукаваны ў нашай раённай газеце «Новае жыццё», – працягвае М.П. Гайба. – «Ішлі ў Навагрудак караваны з таварам», «Была ў Навагрудку чыгунка», «Навагрудскія старонкі жыцця Адама Міцкевіча», «За 10 дзён да вайны» і іншыя, у якіх расказваецца пра гісторыю Навагрудчыны, славутасці нашага краю, знакамітых асоб.

Работа непасрэдна над выданнем кнігі заняла ў Мікалая Паўлавіча некалькі месяцаў. Патрэбна было не проста адабраць нарысы, але і яшчэ раз іх вычытаць, адкарэкціраваць, а таксама падабраць ілюстрацыі. Іх у кнізе ажно 82 – карты, рэпрадукцыі гістарычных карцін, партрэты, фотаздымкі і інш.


– Звычайна падобныя артыкулы друкуюцца ў зборніках навуковых канферэнцый, спецыялізаваных часопісах, газетах, якія не даступны шырокаму колу людзей. Так як серыя «Падарожжа па родным краі» распаўсюджваецца па кнігарнях усёй Беларусі, то цяпер пра Навагрудчыну змогуць чытаць жыхары розных рэгіёнаў краіны. Зацікавіць кніга і тых навагрудчан, хто хоча паглыбіць веды па гісторыі роднага краю, – упэўнены аўтар.

Першы свой нарыс Мікалай Паўлавіч падрыхтаваў яшчэ ў 1986 г. падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, надрукавалі яго ў навагрудскай раёнцы. А вось першы навуковы артыкул пад яго аўтарствам выйшаў у 1991 г. На сённяшні дзень бібліяграфія М.П. Гайбы ўключае пяць кніг. «Навагрудак: гiстарычны нарыс» (Навагрудак, 1992 г.), «Навагрудак: гады і падзеі» (Навагрудак, 1996 г.), «Могілкі і пахаванні ў Навагрудку» (Мінск, 2000 г.), «Сэрцу мілая Айчына: вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча» (Баранавічы, 2011 г.) і «Сем вежаў Навагрудка» (Мінск, 2020 г.). Акрамя гэтага, Мікалай Паўлавіч з’яўляецца аўтарам шэрага артыкулаў, надрукаваных у энцыклапедыях, навукова-папулярных зборніках, часопісах, газетах. І спыняцца на гэтым наш зямляк не збіраецца.


– Выхад у свет уласнай кнігі для любога чалавека – будзь то спецыяліст у пэўнай сферы ці проста аўтар-аматар – значная падзея. І для мяне таксама, – падзяліўся напрыканцы М.П. Гайба. – У першыя дні адчуваеш пэўную ўзнёсласць, а потым пачынаеш задумвацца над чым працаваць далей. Добра тое, што гісторыя і культура Навагрудчыны настолькі багатыя падзеямі і людзьмі, што матэрыялу можна сабраць яшчэ не на адно выданне. Спадзяюся, у мяне атрымаецца парадаваць чытачоў новай цікавай інфармацыяй.

Набыць кнігу М.П. Гайбы «Сем вежаў Навагрудка» можна ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. Кошт прымальны – 15 руб.

Анастасія Пятрова, «НЖ»