Мясцовы культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы», які працуе вось ужо трэці год, скарбонку сваіх добрых спраў па захаванні гістарычна-культурнай спадчыны папоўніў яшчэ адной – тры кнігі з легендарнай бібліятэкі графаў Храптовічаў вярнуліся на радзіму з Германіі.
Калісьці ў бібліятэцы Храптовічаў у Шчорсах былі сабраны рэдкія кнігі, работы гісторыкаў і навукоўцаў. Збіраць асобнікі пачаў падканцлер, а потым і апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага Іахім Літавор Храптовіч ў XVIII ст.
– Падчас Першай сусветнай вайны граф Канстанцін Храптовіч-Буцянёў аддаў частку бібліятэкі ў Кіеў для захоўвання. Але некаторыя асобнікі заставаліся ў сядзібе, – расказвае заснавальнік фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда. – Аднойчы пасля чарговага артабстрэлу нямецкія салдаты ўвайшлі ў палац. Сярод іх быў Герман Юліус Швезінгер. На сценах віселі карціны, а на падлозе былі раскіданы кнігі. Ён не змог прайсці міма старадрукаў або пусціць іх на распал, як гэта рабілі іншыя салдаты. Сабраўшы тое, што можна было яшчэ захаваць, салдат адправіў рарытэты ў Германію. Ён беражліва іх захоўваў шмат гадоў і ў канцы жыцця завяшчаў перадаць кнігі туды, адкуль яны былі ўзяты.
– Нашчадкі рабілі запыты ў бібліятэкі СССР яшчэ ў 1975 г., але так і не знайшлі, куды вярнуць кнігі. І вось у канцы 2019 г. унук салдата Хельмут Фікель аднавіў пошукі праз Інтэрнэт. Знайшоўшы сайт нашага фонду, ён адразу нам напісаў, – працягвае Ганна. – У падрыхтоўцы неабходных дакументаў дапамаглі Міністэрства замежных спраў і Нацыянальная бібліятэка. Па кнігу, якая захоўвалася ў Хельмута, накіраваліся разам з суправаджальнікам ад пасольства Рэспублікі Беларусь ў Германіі Міхаілам Івашкевічам. У працэсе гутаркі высветлілася, што ў яго цёткі Марыён Швезінгер – дачкі таго самага нямецкага салдата – ёсць яшчэ дзве кнігі.
Так у Беларусь вярнуліся тры кнігі – «Грамадзянская гісторыя каралеўства Неапаль у перакладзе з італьянскага П’ера Джаноне» на французскай мове са штампам і экслібрысам Іахіма Храптовіча, «Расійскія палітычныя, літаратурныя, гістарычныя і некралагічныя дзённікі» на французскай мове са штампам Адама Храптовіча і «Зборнік од» на нямецкай і лацінскай мовах. У апошняй кнізе штамп адарваны, таму ці належыць яна да бібліятэкі Храптовічаў, выявіць экспертыза.
– Мы плануем перадаць кнігі на часовы дэпазіт у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Як толькі ў Шчорсах з’явяцца ўмовы для захоўвання і экспанавання гэтых рарытэтаў – кнігі пяройдуць у музей у Шчорсах, – адзначыла Ганна Булда.
Анастасія Пятрова, «НЖ»