Общество

Сёлета ўдзельнікамі летнікаў фонда «Шчорсы і Храптовічы» сталі 55 валанцёраў

Сёлета ўдзельнікамі летнікаў фонда «Шчорсы і Храптовічы» сталі 55 валанцёраў

18 августа 2019 3123

Вось ужо трэці год запар мясцовы некамерцыйны фонд «Шчорсы і Храптовічы», мэтай дзейнасці якога з’яўляецца захаванне гістарычна-культурнай спадчыны і адраджэнне сядзібы Храптовічаў, арганізуе валанцёрскія летнікі. Сёлета іх удзельнікамі сталі 55 маладых людзей.



– У гэтым годзе фондам арганізавана работа трох летнікаў, якія пачалі працаваць 14 ліпеня і прадоўжацца да 25 жніўня (кожны па два тыдні), – расказ­вае кіраўнік фонду Ганна Булда. – Большасць удзельнікаў – студэнты мінскіх вышэйшых навучальных устаноў. А менавіта з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (удзельнікі сэрвіснага экалагічнага атрада), Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа.

Каля паловы валанцёраў у Шчорсы прыехала ў другі ці трэці раз. Ёсць маладыя лю­дзі, якія далучыліся да дзейнасці фонду па свайму жаданню. Зрэшты, зрабіць гэта нескладана – патрэбна толькі запоўніць анкету на нашым сайце www.chreptowicz.com.

Работай валанцёраў Г. Булда задаволена. Юнакі і дзяўчаты да справы падышлі сур’ёзна і адказна, хоць характар работы вельмі складаны.




– Добра папрацавалі ў «Мураванцы» – завяршылі ачышчэнне ад хмызняку знешняга контуру былога гаспадарчага двара. Участак, які быў прыведзены ў парадак у мінулым го­дзе, сёлета быў падкошаны ААТ «Шчорсы» і сельвыканкамам. Працуем і ў парку. У яго расчыстцы нам дапамагаюць РУП ЖКГ і лясгас. Пасля ручной вырубкі зарасніку валанцёрамі ў ход ідзе тэхніка, пры дапамозе якой ажыццяўляецца вываз хмызняку і паваленых дрэў, пакос травы. Паступова паркавая тэрыторыя становіцца прахадной. Сёлета была расчышчана тэрыторыя тракту (транспартнай дарогі) сядзібы Храптовічаў. Вядома, усе работы выконваюцца з дазволу Міністэрства культуры і згодна з рэкамендацыямі адпаведных спецыялістаў.




– Я пастаянна знаходжуся на сувязі з аддзелам культуры і кіраўніцтвам райвыканкама, мы разам абмяркоўваем бліжэйшыя задачы па адраджэнні сядзібы і планы на будучае. Днямі адбылася сустрэча са старшынёй райвыканкама С.А. Федчанкам, – паведаміла Ганна Булда. – У верасні гэтага года запланавана чарговае пасяджэнне камісіі райвыканкама па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, дзе будуць прыняты канчатковыя рашэнні па найбольш актуальных пытаннях аднаўлення сядзібы. Я разумею, што наперадзе шмат работы, якая будзе працягвацца не адно дзесяцігоддзе. Але гэта наша гісторыя, наша спадчына, і толькі сумеснымі намаганнямі можна яе заха­ваць для нашчадкаў.




Анастасія Пятрова, «НЖ»