Не пакінуць чалавека сам-насам са сваімі харобамі і праблемамі, аказаць рэальную дапамогу, падтрымаць добрым словам – сацыяльная служба імкнецца максімальна шырока аказваць падтрымку ўсім, каму патрэбны ўвага і клопат. Яе супрацоўнікі штодня прыходзяць на дапамогу пажылым і людзям з інваліднасцю, пастаянна ўдасканальваюць сваю дзейнасць, укараняючы новыя формы работы з людзьмі, якія апынуліся ў няпростай сітуацыі.
Аб тым, хто і якую дапамогу можа атрымаць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна, наша размова з дырэктарам установы Арынай Гурынай.
Абслугоўванне дома
– Найбольш запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання па-ранейшаму застаецца сацыяльная дапамога дома, – тлумачыць Арына Георгіеўна. – Сацыяльныя работнікі аказваюць грамадзянам гарантаваны дзяржавай пералік сацыяльных паслуг, дзякуючы чаму тыя могуць працягваць жыць дома ў звыклых умовах. Звярнуцца ў цэнтр для прызначэння сацабслугоўвання на даму можа кожны пенсіянер, пачынаючы з 60 гадоў – незалежна ад таго, жыве ён адзін ці, напрыклад, са сваімі роднымі. Акрамя таго, такія паслугі мы аказваем і людзям з інваліднасцю, як правіла, інвалідам I або II групы незалежна ад узросту. Але пры гэтым мы ўлічваем медыцынскія паказанні і (або) адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў.Таксама аказваюцца паслугі сядзелкі для грамадзян, якія цалкам страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння. Медыцынскія паказанні для аказання ў ТЦСАН паслуг сядзелкі – поўная (100%) страта здольнасці ажыццяўляць самаабслугоўванне і самастойна перамяшчаецца.
На 1 верасня 2019 года паслугамі сацыяльных работнікаў карыстаюцца 839 чалавек, за 8 месяцаў бягучага года паслугамі сядзелкі скарысталіся 12 грамадзян.
Акрамя таго, ТЦСАН аказвае паслугі цырульні дома. Скарыстацца ёю могуць непрацаздольныя грамадзяне на ўмовах поўнай аплаты (непрацуючыя інваліды І або ІІ-й груп і непрацуючыя грамадзяне пенсіённага ўзросту). На бясплатнай аснове аказваецца транспартная паслуга, права на прадастаўленне якой маюць інваліды-калясачнікі (людзі са складанасцямі перамяшчэння, якія не маюць магчымасці рухацца як часова (з-за хваробы), так і з-за інваліднасці, але здольныя знаходзіцца ў сядзячым становішчы). Паслуга прадастаўляецца для дастаўкі іх у медыцынскія ўстановы горада і раёна.
Прыёмная і гасцявая сем’і
– Разам з тым аддзяленнем сацыяльнай дапамогі дома аказваюцца і новыя формы сацыяльнага абслугоўвання – замяшчаючая (прыёмная) сям’я, патранатная і гасцявая сем’і. І тут важна знайсці сям’ю, якая хоча і мае магчымасць паклапаціцца пра пажылога чалавека, – адзначае Арына Гурына.Замяшчаючая, ці прыёмная сям’я прадугледжвае сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі чалавекам, які мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, (часцей за ўсё адзінокія пажылыя людзі) і асобай, якая аказвае сацыяльныя паслугі і пры гэтым не з’яўляецца сваяком, абавязаным па законе яго ўтрымліваць.
Патранатная сям’я – працаздольная сям’я, якая аказвае садзейнічанне ў нарыхтоўцы дроў, пакосе травы, праполцы агарода, зборы ўраджаю і інш., а таксама ажыццяўляе віншаванні са святамі і памятнымі датамі непрацаздольнага грамадзяніна.
Гасцявая сям’я – прыём на пражыванне часова, напрыклад, на выхадныя або святочныя дні ў працаздольную сям’ю пажылых грамадзян.
Вядома, дзеці павінны клапаціцца аб сваіх пажылых бацьках, але далёка не ўсе могуць кругласутачна з імі знаходзіцца. Таму ў такіх сем’яў павінна быць магчымасць сацыяльнай перадышкі. З гэтай мэтай у аг. Брольнікі на базе філіяла цэнтра ў пакоях для пражывання пажылых людзей адкрыта новая паслуга – «паслуга дзённага догляду пажылых людзей».
– Галоўнае адрозненне такой паслугі – узрост наведвальнікаў. Як правіла, гэта вельмі пажылыя людзі, якія здольны самастойна перамяшчацца. Для іх спецыялістамі цэнтра абсталяваны пакой з неабходнай мэбляй і прадметамі першай неабходнасці (пасцельная бялізна, посуд і г.д.). Сацыяльныя работнікі прадастаўляюць сацыяльна-бытавыя паслугі, а таксама людзі, якія пражываюць у цэнтры, могуць наведваць гурткі, клубы і мерапрыемствы. Паслуга кароткатэрміновая – да 8 гадзін знаходжання ў дзень.
Другі дом
– Здараецца, што пажылы чалавек, асабліва ў зімовы перыяд, не можа заставацца адзін у звыклай хатняй абстаноўцы, – тлумачыць Арына Георгіеўна. – Яму патрэбны догляд і клопат. У в. Лаўрышаве Шчорсаўскага сельсавета функцыянуе дом сумеснага самастойнага пражывання, які разлічаны на 8 месц і створаны для пражывання грамадзян пажылога ўзросту, здольных да самаабслугоўвання і самастойнага пражывання. Аплата за карыстанне камунальнымі паслугамі бярэцца прапарцыянальна колькасці чалавек і з улікам дзён пражывання. Людзі аплачваюць карыстанне электраэнергіяй і паслугі электрасувязі. Сацыяльныя паслугі на даму такім грамадзянам аказваюцца сацыяльным работнікам на ўмовах частковай аплаты (50% для кожнага пражываючага). Да таго ж мы прапануем новую паслугу – дом узаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі. Гэта калі на працягу доўгага перыяду некалькі (два і больш) непрацаздольных грамадзян, у тым ліку якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома, пражываюць у адным з наяўных у іх дамоў.У горадзе дзейнічае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў па вул. Швейнай, 4. Асноўнай задачай аддзялення з'яўляецца прадастаўленне пажылым непрацаздольным грамадзянам і інвалідам І і ІІ груп часовага жылля (да шасці месяцаў) з комплексам матэрыяльна-бытавога забеспячэння.
У аддзяленні можа пражываць да трыццаці чалавек, якім прадастаўляецца комплекс паслуг. Жылая плошча з неабходнай мэбляй і інвентаром у межах санітарных норм і правілаў, пасцельныя прыналежнасці і прадметы ўжытку, чатырохразовае харчаванне, даўрачэбная медыцынская дапамога, культурны вольны час.
Паслугі прадастаўляюцца на платнай аснове:
- для адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту і адзінокіх інвалідаў штомесячная плата складае 85% ад атрыманай пенсіі;
- для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якія маюць сваякоў (бацькоў, дзяцей, мужа) працаздольнага ўзросту, штомесячная плата складае ў сярэднім 400 рублёў.
«Утульная старасць»
На базе філіяла ДУ «ТЦСАН Навагрудскага раёна» ў Брольніках функцыянуюць пакоі сумеснага самастойнага пражывання для пажылых грамадзян «Утульная старасць». Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для спрыяльнага пражывання, і людзі адчуваюць сябе камфортна, паколькі ім прадастаўлена жыллё з комплексам сацыяльна-бытавога забеспячэння, у тым ліку арганізацыя харчавання.– Права пражывання ў такім пакоі прадастаўляецца грамадзянам пажылога ўзросту, здольным да самаабслугоўвання і самастойнага пражывання на тэрмін да 6 месяцаў з ліку адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян. Прынцып дзеяння пакояў «Утульная старасць» заснаваны на ўзаемадапамозе і падтрымцы. Пажылыя людзі самастойна фарміруюць бюджэт, з якога аплачваюць выдаткі на прадукты харчавання, сацыяльныя і камунальныя паслугі. Аплата за прадастаўленне сацыяльных паслуг ажыццяўляецца штомесяц і складае 0,55 руб. за адзін дзень знаходжання. Сацыяльны работнік аказвае дапамогу ў прыгатаванні ежы, арганізацыі вольнага часу. У пажылых грамадзян ёсць магчымасць наведваць выязныя гурткі «Бабулін куфар» і «Свет фларыстыкі», а таксама ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў мясцовым сельскім Доме культуры. У цяперашні час у пакоях сумеснага самастойнага пражывання знаходзяцца 10 пажылых грамадзян ва ўзросце ад 60 да 92 гадоў.
«Санаторый дома»
З гэтага года цэнтрам прадастаўляецца паслуга «Санаторый дома», якая прызначана для правядзення сацыяльна-аздараўленчых паслуг у хатніх умовах для немабільных і маламабільных грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якія маюць праблемы сацыяльнага і медыцынскага характару. Паслуга накіравана на аднаўленне максімальна магчымага ўзроўню здароўя ў адпаведнасці з узроставай нормай і садзейнічанне ў выніку частковаму альбо поўнаму аднаўленню здольнасці да самаабслугоўвання. Дадзенай паслугай скарысталіся 4 чалавекі сталага ўзросту.Ужо пяць гадоў два разы на тыдзень спяшаецца да сваёй падшэфнай (але лепш сказаць сяброўкі) Іааны Іванаўны Марчанка сацыяльны работнік Ала Агейка. Яна ўпэўнена, што перш за ўсё трэба разумець пажылога чалавека, ставіцца да яго з дабрынёй і ўвагай. А ўсе справы і турботы – вырашальныя. – Так здарылася, што два гады таму мне спатрэбілася яшчэ і сядзелка – на дапамогу прыйшла Галіна Кійко, – расказвае Іаана Іванаўна – Яна прыходзіць штодня, гатуе ежу, сочыць за маім здароўем і знешнім выглядам ды і проста размаўляем. У мяне выдатная дачка, унукі, праўнукі, але яны далёка. А дзяўчаты побач штодня, і калі што не так, першыя спяшаюцца на дапамогу. Можа, таму і дажыла да 85-і гадоў. Без сацработнікаў нам, пажылым, было б вельмі цяжка.
Алена Ганцэвіч, «НЖ»