Экономика

Будаўнічая галіна – лакаматыў эканомікі. Расказваем пра вынікі работы адной з самых дынамічных сфер

Будаўнічая галіна – лакаматыў эканомікі. Расказваем пра вынікі работы адной з самых дынамічных сфер

11 августа 2020 4086
Будаўніцтва адносіцца да базавых галін эканомікі Беларусі, якая спрыяе вырашэнню жыццёва важных задач вытворчай і невытворчай сфер, забеспячэння грамадзян жыллём і сацыяльна значнымі аб’ектамі. Ад эфектыўнасці працы будаўнічага комплексу шмат у чым залежыць эканамічны рост краіны. Сучасная Беларусь – тэрыторыя маштабных будоўляў. Архітэктурнае аблічча краіны ўпрыгожваюць новыя аб’екты культуры, аховы здароўя і спорту, жыллёвыя кварталы, прамысловыя прадпрыемствы.



Аляксандр Грыц, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама:

«Будаўнічую галіну прынята лічыць лакаматывам, які цягне за сабой менш дынамічныя часткі эканомікі. Нездарма ж кажуць: «Будуем – значыць жывём». Штогод у Навагрудскім раёне ўзво­дзіцца новае жыллё, аб’екты сацыяльнай, гандлёвай, прамысловай і іншых сфер. Пры гэтым структура рэгулявання гэтага рынку перажывае пастаянныя перамены, накіраваныя на стварэнне больш спрыяльных умоў для ўстойлівага развіцця галіны.

У 2015-2019 гг. будаўніцтва ў нашым раёне вялі Навагрудскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, Навагрудская МПМК-156 (з гэтага года не функцыянуе), прыватныя арганізацыі, а таксама будаўнікі з суседніх рэгіёнаў. Заказчыкам найбольш значных новабудоўляў выступала ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна, якое таксама ажыццяўляе кантроль за ходам работ.»


З наваселлем!

Па забеспячэнні аб’ёмаў будаўніцтва жылля на аднаго жыхара Рэспубліка Беларусь займае адно з вядучых месц сярод дзяржаў СНД. У стадыі рэалізацыі знахо­дзіцца Дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля» на 2016-2020 гг., якая накіравана на стварэнне ўмоў для задавальнення патрэб грамадзянам у даступным і камфортным жыллі згодна з іх індывідуальным запытам і фінансавымі магчымасцямі.

Будаўніцтва жылля ў Навагрудскім раёне праходзіць у адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй развіцця эканомікі краіны. У 2016-2017 гг. назіраўся спад колькасці жылля, уведзенага ў эксплуатацыю, але ў апошнія гады аб’ёмы будаўніцтва зноў павялічыліся. Тым не менш штогод у раёне ўзводзяцца тысячы квадратных метраў жылля. За мінулыя пяць гадоў навасёламі сталі больш за 500 навагрудскіх сямей.


Калі гаварыць аб будаўніцтве шматкватэрнага жылля ў горадзе, то ў апошнія гады вядзецца забудова мікрараёна «Мітраполь-1». На сённяшні дзень тут будуюцца два шматкватэрныя жылыя дамы, яшчэ два запланавана ўзвесці ў наступным годзе. У Навагрудку таксама актыўна будуецца індывідуальнае жыллё – асноўная частка за апошнія пяць гадоў у мікрараёнах «Усходні» і «Эканомія».

За 2015-2019 гг. у раёне пабудавана 7 шматкватэрных дамоў – гэта 298 кватэр агульнай плошчай 17106 кв. м. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі пабудавана 190 кватэр (дамоў) агульнай плошчай 35225 кв. м.

У 2015 г. у новым мікрараёне «Мітраполь-1» уведзены ў эксплуатацыю тры шматкватэрныя жылыя дамы на 100 кватэр (два 40-кватэрныя і адзін 20-кватэрны) агульнай плошчай 5071 кв. м, якія пабудаваны па дзяржаўным заказе.



У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2013 г. № 263 «Аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь», пабудаваны чатыры шматкватэрныя дамы. У кастрычніку 2016 г. уведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны дом агульнай плошчай 1849 кв. м, у чэрвені 2018 г. – 69-кватэрны дом агульнай плошчай 4661 кв. м, у чэрвені 2019 г. – 40-кватэрны дом агульнай плошчай 2253 кв. м, у снежні 2019 г. – 49-кватэрны дом агульнай плошчай 3272 кв. м.


Асаблівасць сучаснага жыллёвага будаўніцтва – пакватэрнае ацяпленне. Індывідуальнымі катламі ажыццяўляецца таксама падагрэў вады для штодзённага карыстання. Большасць сямей аддаюць перавагу будаўніцтву «пад ключ», г.зн. з поўнай аддзелкай. А вось тыя, хто марыць аб індывідуальным дызайне, практычна ўсе аддзелачныя работы выконваюць самайстойна пасля атрымання запаветных ключоў.

За 2015-2019 гг. у г. Навагрудку пабудавана 458 кватэр агульнай плошчай 47515 кв. м. У сельскіх населеных пунктах пабудавана 57 кватэр агульнай плошчай 7530 кв. м.

Беларусь – сацыяльная дзяржава. Таму і ў будаўніцтве жылля, вядома, не абыходзіцца без дзяржпадтрымкі, якая з’яўляецца вялікай дапамогай для многіх сем’яў. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 г. № 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў», асноўнымі відамі дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з’яўляюцца льготныя крэдыты і субсідыі. За 2015-2019 гг. жыллё з дзяржпадтрымкай пабудавала 221 сям’я, з іх 141 – шматдзетная.


У сельскай мясцовасці будаўніцтва жылля за гэтыя гады ажыццяўлялі СВК «Уселюб», СРДУП «Свіцязь», філіял ААТ «Лідахлебапрадукт», ААТ «Прынёманскі». Узводзіліся 1, 2 і 4-кватэрныя жылыя дамы. Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыром праведзена рэканструкцыя трох будынкаў пад аднакватэрныя жылыя дамы, іх агульная плошча склала 456 кв. м.

Гарманічна ў архітэктурны ансамбль Навагрудка ўпісаўся мікрараён індывідуальнай жылой забудовы «Усходні». На стадыі актыўнага будаўніцтва знаходзіцца мікрараён «Эканомія». Многія гараджане выбіра­юць для сябе дамы сядзібнага тыпу. Так, за мінулую пяцігодку ў горадзе пабудаваць уласны дом вырашылі без малога 200 сямей.



Вядома, не ўсім пашчасціла за гэтыя гады стаць навасёламі. Да таго ж спіс тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пастаянна павялічваецца. Па стане на 1 жніўня 2020 г. у Навагрудскім раёне на ўліку стаіць 2289 такіх чалавек. Часцей за ўсё на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў становяцца маладыя і шматдзетныя сем’і.


Візітная картка рэгіёну

У 2018-2020 гг. у горадзе паспяхова рэалізаваны праект, які па праву можна назваць візітнай карткай Навагрудчыны, – гэта фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Лідар».

Заказчыкам работ выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна. Праект падрыхтаваны спецыялістамі Інстытута «Гроднаграмадзянпраект». Генеральны падрадчык – Лідская ПМК № 169. Нягледзечы на маштабы, аб’ект пабудавалі за паўтара года. Комплекс, уключаючы прылеглую тэрыторыю, займае зямельны ўчастак плошчай больш чым 19 тыс. кв. м. Ва ўзвядзенні будынка выкарыстана 11 тыс. кв. м сэндвіч-панэляў і 450 т металаканструкцый. Агульны кошт аб’екта склаў больш за 12,5 млн руб. 8 ліпеня гэтага года комплекс «Лідар» урачыста адкрылі для юных спартсменаў і ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця.




Усё для дзяцей

У 2016 г. наваселле справілі выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу. Па вул. Чкалава ў Навагрудку для сям’і, у якой выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, пабудаваны двухпавярховы дом агульнай плошчай 364 кв. м. Праведзена таксама добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі.

Яшчэ адной важнай новабудоўляй стаў новы дзіцячы сад на 190 месц. Для маленькіх навагрудчан яслі-сад №12 г. Навагрудка адчыніў свае дзверы ў кастрычніку 2019 г. У новай установе дашкольнай адукацыі створаны самыя камфортныя ўмовы – прасторныя, светлыя і ўтульныя групы, басейн, спартыўная, музычная і харэаграфічная залы, камп’ютарны клас, сучасны медыцынскі і харчовы блок.



 

Інфраструктура паляпшаецца

Вялікі аб’ём работ выкананы па рэканструкцыі будынкаў і памяшканняў аб’ектаў культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш. У гарадской інфраструктуры з’явіліся новыя аб’екты гандлю і гасцініцы, обноўлены аб’екты грамадскага харчавання. Абуладкаваны новыя спартыўныя пляцоўкі, сквер па вул. Міцкевіча, з’явіліся прыгожыя архітэктурныя формы і памятныя знакі. Значны аб’ём будаўнічых работ выкананы прыватнымі арганізацыямі.

За мінулыя гады шэраг аб’ектаў уведзены ў эксплуатацыю прыватнымі кампаніямі. Так, па вул. Міцкевіча пабудаваны новы і самы буйны ў горадзе гандлёвы цэнтр «HOLIDAY», урачыстае адкрыццё якога адбылося 1 снежня 2017 г. У сучасным гандлёвым аб’екце, акрамя набыцця тавараў вядомых брэндаў, можна таксама наведаць кафэ, працуе дзіцячая забаўляльная зала.




Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»