З бою не вярнуўся…

З бою не вярнуўся…

18 января 2024 305
Ідзе час, усё далей у гісторыю адыходзяць гады Вялікай Айчыннай вайны. Але яны нязменна вяртаюць нас да памяці аб тых, каму мы абавязаны свабодай і незалежнасцю Радзімы. Подзвіг герояў увекавечаны ў помніках і абелісках, вуліцах гарадоў і пасёлкаў. У Навагрудку адна з вуліц носіць імя Мікалая Васільевіча Яцука – нашага земляка.

Кароткае жыццё было даравана хлопцу. Нарадзіўся Мікалай у 1922 годзе ў вёсцы Селішча Навагрудскага раёна. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было толькі 19 гадоў. Шмат моладзі змагалася з ворагам у падполлі. Найбольш актыўна папаўняліся партызанскія фарміраванні ў сувязі з вывазам беларускай моладзі на работы ў Германію. Дзясяткі тысяч маладых людзей, ратуючыся ад гвалтоўнага ўгону ў Германію, ішлі ў партызаны. Летам 1942 года ў партызанскі атрад прыйшоў і Мікалай Яцук, які таксама збег з эшалона.

Выказванне «калі ім было дзевятнаццаць» успрымаецца як абазначэнне нейкага этапу ў біяграфіі героя. Важна, што этап ці нават эпізод жыцця невыпадковы, што ён адлюстроўвае характар героя, характар таго пакалення.

Што ж стаіць за баявой характарыстыкай Мікалая Яцука? А яна сведчыць аб яго ўдзеле ў баі за райцэнтр Любча ў пачатку ліпеня 1944 года, калі партызаны разграмілі там варожы гарнізон да прыходу рэгулярнай Савецкай арміі. На жаль, у архівах мала звестак з біяграфіі юнака і яго фотаздымкаў.

Падрабязнасці бою за райцэнтр Любча, з якога не вярнуліся многія, захаваліся ва ўспамінах былых таварышаў і ў матэрыялах, якія ўвайшлі ў кнігі: «Памяць. Навагрудскі раён»; «В Принеманских лесах», а таксама ў матэрыялах, якія захоўваюцца ў гістарычна-краязнаўчым музеі г. Навагрудка і музеі баявой і працоўнай славы пры УА «Баранавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй машынабудавання».

…Стаялі гарачыя ліпеньскія дні. Савецкія войскі хутка рухаліся на захад. Замкнуўшы Бабруйскі «кацёл», група войск 3-й арміі генерала А.У. Гарбатава пачала знішчэнне варожай групіроўкі, а асноўныя злучэнні рухаліся да Слуцка і Мінска. Паспяховаму руху войск арміі садзейнічалі партызаны.

Партызанская брыгада імя Ф.Э. Дзяржынскага дзейнічала ў Любчанскім раёне Баранавіцкай вобласці. Камандаваў брыгадай Канстанцін Феаленцьевіч Шашкін, камісарам быў Яўстафій Пятровіч Ляхаў, начальнікам штаба – Васілій Хасанавіч Бляшаў.

Для аказання дапамогі наступаючай Чырвонай арміі камандаванне брыгады распрацавала план захопу раённага цэнтра Любча, у якім размяшчаўся добра ўзброены нямецкі гарнізон колькасцю больш за 450 чалавек.

Абарона Любчы будавалася ў выглядзе падковы, аснова якой упіралася ў раку Нёман. Левую частку асновы займаў атрад імя Жданава, які павінен быў прыкрываць подступы да райцэнтра з боку вёскі Слабада. У яго абавязкі ўваходзіла таксама абарона моста.

З правага боку ад жданаўцаў размясціў свае падраздзяленні атрад імя Варашылава. Гэты напрамак лічыўся адным з галоўных. Побач з варашылаўцамі занялі абарону партызаны атрада імя Дзяржынскага. У іх задачу ўваходзіла не дапу сціць пранікненне гітлераўцаў з боку вёсак Ачукевічы, Галынь, Падзагор’е. Правую аснову «падковы» займалі роты атрада імя Катоўскага. Такім чынам, у цэнтры плануемага ўдару гітлераўцаў знаходзіліся атрады імя Дзяржынскага і Варашылава – самыя баяздольныя і ўзброеныя.

Улічваючы намер гітлераўцаў нанесці па райцэнтру галоўны ўдар, нашы войскі размясцілі на гэтым участку ўсю сваю агнявую сілу.

6 ліпеня 1944 года роўна ў 9.20 на вуліцах райцэнтра пачалі ўзрывацца варожыя снарады. Вораг, акружыўшы Любчу паўкальцом, пачаў наступленне. Камандзір групы спецыяльнага прызначэння Іван Малуха і яго таварышы па разведцы Павел Курапата і Мікалай Сафронаў выявілі на падыходзе да вёскі Ачукевічы некалькі нямецкіх танкаў і бронемашын. Аб гэтым паведамілі ў штаб брыгады, якая неадкладна заняла абарону.

Камандзіру брыгады Шашкіну разведчыкамі было даложана, што вораг сканцэнтроўвае свае сілы каля вёскі Галынь. Відаць, разлічвае нанесці ўдар паміж атрадамі Катоўскага і Дзяржынскага, прарваць лінію абароны партызан і ўварвацца ў райцэнтр. Але камандзір брыгады разгадаў задумку праціўніка і без прамаруджвання аддаў загад камандзіру атрада імя Катоўскага Ляошка – сіламі дзвюх рот, нечаканай атакай з фланга ўдарыць па ворагу.

Удар катоўцаў аказаўся настолькі нечаканым і моцным, што прымусіў гітлераўцаў адкаціцца на зыходныя пазіцыі.Жорсткі бой разгарэўся і на ўчастку абароны атрада імя Варашылава. У гэтым накірунку фашысты пачалі трэцюю атаку. Не ведалі яны, што каля вёскі Ачукевічы сканцэнтраваны лепшыя сілы партызанскай брыгады. Шэсць гадзін ішоў жорсткі бой. Партызанскай брыгадай былі адбіты трэцяя, чацвёртая і пятая атакі гітлераўцаў.

Нягледзячы на вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, вораг насядаў на ўчастак абароны атрада імя Жданава. Ён імкнуўся прарваць лінію абароны і вырвацца да пераправы праз Нёман. Гэта было неабходна на час адступлення з фронту разрозненых часцей вермахта.

Але партызаны мужна ўтрымлівалі свае пазіцыі. З боку Галыні вялікае падраздзяленне ворага пачало наступленне на абарончы рубеж катоўцаў у раёне Вой нава. Вораг наблізіўся да лініі абароны катоўцаў па жытнёвым полі. Наступіў крытычны момант. Па радах партызан была перададзена каманда:
– Падрыхтавацца да атакі.
Затым:
– Устаць у атаку!

А за гэтым паследавалі ўказанні для кожнай партызанскай роты. У адзіным парыве ўзнялася рота лейтэнанта Сяргея Іліцы. Камандзір аддзялення Мікалай Яцук з гранатай у руцэ кінуўся на ворага. Камандзір другога аддзялення Васіль Прыгаршнеў у ходзе атакі вырваўся наперад і страляў у ворага з ручнога кулямёта да таго часу, пакуль у дыску не засталося ніводнага патрона.

Схватка была кароткай, вораг аказаўся адкінутым, але без страт не абышлося. Менавіта тут загінуў усеагульны любімец (так называлі Мікалая Яцука партызаны), смелы камандзір, камсамолец.

Вораг, перагрупаваўшы сілы, пад прыкрыццем танкаў і артылерыйскай страляніны зноў распачаў атаку па ўсёй лініі абароны партызан – ад Любчанскага парку і да Войнава.

Камандаванне брыгады прыняло рашэнне аб арганізаваным адыходзе. Партызанская брыгада адышла на перафарміраванне, каб на наступны дзень зноў і назаўсёды ўвайсці ў райцэнтр.

8 ліпеня на досвітку брыгада імя Ф.Э. Дзяржынскага і перадавыя часці Чырвонай арміі назаўжды выгналі захопнікаў і ўвайшлі ў Любчу. Гэтым боем партызанская брыгада імя Дзяржынскага завяршыла свой гераічны шлях і пасля ўз’яднання з часцямі Савецкай арміі была расфарміравана.

Загадам па брыгадзе імя Дзяржынскага Мікалаю Васільевічу Яцуку прысвоена воінскае званне сяржант. Пасмяротна ён быў прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Л. ЮРЧЫК,
загадчык дзіцячага аддзела Навагрудскай раённай бібліятэкі.

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ