Як на Гродзеншчыне святкуюсь Стары Новы год?

Як на Гродзеншчыне святкуюсь Стары Новы год?

13 января 2025 40
І зноў “З Новым годам!”. Але гэтым разам – старым. Стары Новы год – свята, якое ўпэўнена прапісалася ў культуры беларусаў. Са сваімі традыцыямі і прыкметамі, асаблівым выбарам страў і, вядома, варажбой. З аднаго боку, для праваслаўных – самы час адзначыць Новы год: пост скончыўся, а таму і стол можа быць асабліва багатым. З другога, гэта свята, як і многія іншыя, насычана прыкметамі і не абыходзілася без варажбы – зусім нерэлігійнай традыцыі.
Як на Гродзеншчыне святкуюсь Стары Новы год?

Два календары

Свята “Стары Новы год” – адметнае на постсавецкай прасторы. Унікальны феномен, які ўзнік з-за змены календароў: у 1918 годзе замест юліанскага стаў выкарыстоўвацца грыгарыянскі каляндар. Розніца ў іх – 13 дзён.

Дарэчы, праваслаўная царква не прыняла новы каляндар і працягвала карыстацца юліанскім, адзначаючы Новы год пасля Нараджэння Хрыстова. Што цалкам лагічна: год пачынаецца пасля Раства.

У народзе ж свята прыжылося як Стары Новы год.

Які стол, такі і год

Стары Новы год, ён жа – Васільеў вечар ці шчодры вечар. Менавіта апошняя назва была найбольш распаўсюджана на нашай тэрыторыі.

– Вечар 13 студзеня называўся шчодрым, а таму і стол накрывалі адпаведны. Людзі верылі: якім будзе стол, такім будзе і год, – распавядае намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч. – Раніцай жанчынам неабходна было прыгатаваць кашу, зробленую з суцэльных зерняў пшаніцы. Гэта так званая шчодрая куцця. Запраўлялі яе салам або мясам. Ці падавалі з варэннем, мёдам. Арэхаў, мёду і разынак не шкадавалі: чым шчадрэй будзе страва, тым насычаней і багацей новы год. Таксама гаспадыні пяклі пірагі, бліны або варэнікі.

Акрамя таго, на стале абавязкова павінна быць шмат мясных страў. Усе тры гатункі мяса неслі ў сабе розны сэнс. Свініна абяцала багацце, стравы з пеўня – свабоду, а з зайца (кроліка) – поспех ва ўсіх справах.

Увечары народ адпраўляўся па суседзях, каб сустрэць Стары Новы год. Лічылася асабліва важным, каб першым у дом прыйшоў "патрэбны" чалавек. Такім быў малады чалавек са шматдзетнай паважанай сям'і, у якой вялікая гаспадарка.

Лёс падкажа певень ці плот

Усур'ёз ці больш дзеля забаўкі, але на Каляды было прынята варажыць. Дарэчы, калядамі ці Святкамі ў народным календары называецца час ад Раства Хрыстова да Хрышчэння. Гэта ў праваслаўных. Что тычыцца каталіцкай традыцыі, то гэта быў перыяд ад Раства да Хросту Пана.

Лічылася, што кожны вечар гэтай зімняй пары падыходзіць для варажбы, але найбольш удалым для прадказанняў быў шчодры вечар. Варажылі, каб даведацца пра магчымы шлюб, будучы лёс і на ураджай.

Незамужніх дзяўчын найперш цікавіла, ці выйдуць яны замуж у бягучым годзе, якім будзе жаніх, адкуль. Да прыкладу, абхопвалі плот і лічылі: калі цотная колькасць абхопленых парканін – хутка выйдзе замуж, калі няцотная – то яшчэ трэба пачакаць. Альбо прыносілі бярэма дроў у хату і зноў жа лічылі па такім жа прынцыпе.

– Кожная дзяўчына ў хату, дзе збіраліся сяброўкі, прыносіла свае аладкі і раскладвала на лаве. Затым упускалі сабаку і чакалі: чые першыя аладкі ён з’есць, тая дзяўчына і выйдзе хутка замуж, – расказвае Наталля Рамановіч. – Часта бывала, што ён панюхае-панюхае ўсе аладкі, ніводнай не з’есць – і за дзверы.

Жывёліны маглі быць самыя розныя. Да прыкладу, маглі такім жа чынам спрабаваць прыкарміць пеўня: клалі яму жменькамі авес, да якой кучкі падыдзе і пачне дзяўбці, тая дзеўка і пойдзе замуж.

Баран дома?

А вось што згадвала жыхарка Карэліччыны Алена Анікій пра святкаванне і варажбу ў весцы Лукі:

“Дзеці бралі аладкі пшанічныя як сімвал сонцу, гаршчэшнік (ухват), садзіліся на яго і “аб’язджалі” сад”. Лічылася, што гэта абароніць пладовыя дрэвы ад зімы, холаду і непагоды на ўвесь будучы год.

“Гаспадар, у сваю чаргу, абвязваў дрэвы незмалочанай саломай. Лічылася, колькі зернеў на каласках – столькі дрэва прынясе пладоў. Таксама гаспадар браў дубовыя веткі і закладваў іх ў шчыліны каля вакон і дзвярэй. Гэта служыла абярэгам хаты ад нячысцікаў”.

Гатавалі на шчодрую куццю абавязкова 12 страў. Асноўныя з іх – куцця (пярлоўка з свінячым вухам), квас (пахлёбка з мукой і мясам), сыр, бліны пшанічныя. Абавязкова здымалі верх з куцці, клалі на спецыяльны абрус і на наступную раніцу аддавалі курам, каб тыя не хадзілі на чужы двор.

Дзеці хадзілі па хатах, дзе жылі незамужнія і нежанатыя дзяўчаты і хлопцы, і пыталіся: “Баран дома?” Калі з хаты чулася “Дома!”, то яму адказвалі “То сядзі, як бома!” Лічылася, што той, хто адказаў “Дома!”, у наступным годзе не ўступіць у шлюб. А калі казалі: “У аўсе!”, то дзеці вымаўлялі “Ідзіце замуж усе!”

Цікава

У 1918 годзе, у першыя месяцы савецкай улады, у сувязі з пераходам на новы каляндар, быў прыняты дэкрэт, па якім адразу пасля 31 студзеня наступала 14 снежня. 

Гродненская правда