Падтрымаць калег прыехала і галоўны пазаштатны спецыяліст па гемадыялізу і экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Святлана Жук:
– Аддзяленне гемадыялізу – шостае па ліку на Гродзеншчыне. Ёсць яшчэ ў Смаргоні, Лідзе, Ваўкавыску, два – у абласным цэнтры. На сёння мясцовае аддзяленне пакуль будзе абслугоўваць 15 пацыентаў з Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Але мы плануем у хуткім часе набыць яшчэ адзін апарат і давозіць сюды людзей з Дзятлаўскага раёна. Само аддзяленне працуе ў дзве змены. Яго каманда – гэта калектыў прафесіяналаў: ад урачоў і медыцынскіх сясцёр да малодшага медыцынскага і інжынерна-тэхнічнага персаналу. Усе супрацоўнікі стажыраваліся ў аддзяленні гемадыялізу Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы.
На адкрыцці прысутнічаў і дырэктар будаўніча-мантажнага трэста №19 г. Ліда Уладзіслаў Лабецкі:
– Мы маем вялікі вопыт будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, бальніц. Але аддзяленне гемадыялізу ў Карэлічах стала для нас пэўным выклікам. Мы ўсе адчувалі вялікую адказнасць, прыйшлося ў кароткія тэрміны спраўляцца са складанымі задачамі, знаходзіць выйсце з нестандартных сітуацый разам са спецыялістамі з Мінска і Брэста. Але ўсе гэтыя выпрабаванні былі вартыя сённяшняга дня.
Але, як ніхто з прысутных, адкрыцця чакалі пацыенты. Сярод іх – жыхарка Карэліч Наталія Шкадава:
– Ужо шосты год я поўнасцю залежная ад працэдуры гемадыялізу. Хвароба і так дае пра сябе ведаць, а тут яшчэ тройчы на тыдзень трэба было пераадольваць дарогу да Гродна, радзей – да Ліды. Шлях – доўгі і складаны, пасля працэдуры выходзіш ніякі. Таму цяжка перадаць словамі, як мы чакалі адкрыцця ў Карэлічах свайго аддзялення. Нават зараз мне не верыцца, што, нарэшце, гэта здарылася, я дома і не трэба больш хвалявацца пра дарогу.
Сапраўды, для пацыентаў з вострай і хранічнай ныркавай недастатковасцю, жыццё якіх немагчыма без апарата “штучная нырка”, аказанне дапамогі на месцы – гэта і менш стрэсу, і большы камфорт, і павелічэнне шансаў дачакацца трансплантацыі донарскай ныркі. І ў новым аддзяленні створаны ўсе неабходныя ўмовы.
Яно знаходзіцца на другім паверсе стацыянара Карэліцкай ЦРБ. Дарагое медыцынскае абсталяванне набыта за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. А дзякуючы дапамозе Карэліцкага райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама абнавілі мэблю і зрабілі рамонт. У аддзяленні ўладкаваны дзве дыялізныя залы з шасцю сучаснымі апаратамі “штучная нырка” вядучага сусветнага вытворцы GAMBRO. Таксама ёсць кабінет водападрыхтоўкі, гардэроб для пацыентаў, ардынатарскі і сястрынскі пакоі і іншыя службовыя памяшканні. А галоўнае тут працуе выдатная каманда, якая зробіць максімум для сваіх пацыентаў.



















