Сяргей ФЕДЧАНКА: Наша культурна-гістарычная спадчына, наяўнасць значных гістарычных аб’ектаў і помнікаў архітэктуры, прыродна-кліматычныя ўмовы, незвычайны для нашай краіны рэльеф мясцовасці, водныя і лясныя багацці спрыяюць таму, каб Навагрудак стаяў у авангардзе турыстычных паслуг. Людзі з задавальненнем будуць прыязджаць на Навагрудчыну, калі стварыць для іх адпаведныя камфортныя ўмовы Таксама разгледжана пытанне аб рэалізацыі патрабаванняў заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны на тэрыторыі раёна.У пасяджэнні прынялі ўдзел Віталій Грыцэвіч, намеснік дырэктара, начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці рэспубліканскага Дэпартамента па турызме; Таццяна Відзяева, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама; Аляксандр Курдупель, намеснік начальніка аддзела прафілактыкі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.
Турыстычная галіна з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця Навагрудскага раёна. Традыцыйна ў нашым рэгіёне прадстаўлены такія віды турызму як культурна-пазнавальны і настальгічны, – адзначыла ў сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Святлана КАРАЛЬКО. – Значны ўклад у развіццё менавіта гэтых напрамкаў уносяць установы культуры Навагрудчыны.
Так, у мінулым годзе Дом-музей Адама Міцкевіча наведала каля 30 тыс. чалавек, і большасць з іх замежныя турысты. За першае паўгоддзе 2019 года музей прыняў 14,1 тыс. чалавек, і 70 % з іх таксама турысты з-за мяжы. Для наведвальнікаў музея даступны экскурсіі на беларускай, рускай, англійскай і польскай мовах, аглядныя экскурсіі з элементамі анімацыі. У 2018 годзе закуплены таксама аўдыягіды для індывідуальных турыстаў.
Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей наведвае значна менш турыстаў – штогод гэтая лічба складае каля 12 тыс. чалавек. Але за апошнія два гады колькасць наведвальнікаў расце, у тым ліку і замежных турыстаў. Гэта звязана з вялікай цікавасцю да музейнай экспазіцыі «Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку», дзе сёлета ўрачыста адкрыта сцяна памяці ахвяр Халакосту.
Па-ранейшаму прываблівае турыстаў Навагрудскі і Любчанскі замкі, гэтым аб’ектам удзяляецца пільная ўвага з боку дзяржавы. З 2012 года ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» праводзіліся работы па кансервацыі Навагрудскага замка. Сумеснымі намаганнямі дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» і аддзела культуры райвыканкама распрацавана і зацверджана «Канцэпцыя аднаўлення гістарычна-культурнай каштоўнасці XVI-XIX ст.ст. замка ў г.п. Любча». Згодна з дакументам, праведзены работы па аднаўленні Вуглавой і Брамнай вежаў замка. З 2018 года актывізавалася работа на тэрыторыі ансамбля былога палаца Храптовічаў у Шчорсах, праводзяцца аднаўленчыя работы радавой капліцы Карповічаў у Чамброве.
Вялікай папулярнасцю ў турыстаў карыстаецца прыватная галерэя мастака Кастуся Качана, якая адчынена як для індывідуальнага наведвання, так і для груп турыстаў. У 2018 годзе галерэю наведала 3,1 тыс. чалавек (у 2017 – 2,2 тыс.).
Навагрудчына валодае значным патэнцыялам у развіцці такіх напрамкаў, як рэлігійны і экалагічны турызм. На тэрыторыі раёна знаходзяцца месцы паломніцтва для прадстаўнікоў розных рэлігій: Фарны касцёл у Навагрудку і касцёл св. Казіміра ва Уселюбе, Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, мячэць і інш. Для турыстаў распрацаваны турыстычны маршрут «Валаам на Навагрудчыне». Значны ўклад у развіццё экалагічнага турызму ўносіць ландшафтны прыродаахоўны заказнік «Свіцязянскі», на тэрыторыі якога функцыянуе эколага-інфармацыйны цэнтр «Прыгоды каля возера». Тут праводзяцца тэматычныя экскурсіі, распрацаваны цыкл анімацыйных праграм. У 2018 годзе цэнтр наведала 8,5 тыс. чалавек, з іх 1,6 тыс. – замежнікі.
Вялікая работа праводзіцца па развіцці турызму, які звязаны са значнымі падзеямі. У мінулым годзе такой падзеяй у гісторыі горада стала 220-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча. У бягучым годзе горад рыхтуецца да святкавання 975-годдзя першага летапіснага ўзгадвання горада. Для развіцця такога напрамку турызму неабходна актывізаваць інфармацыйную дзейнасць у СМІ і сетцы Інтэрнэт па шырокім анансаванні свят і фестываляў, якія праводзяцца на Навагрудчыне, – падкрэсліла Святлана Каралько.
Для рэкламавання турыстычных магчымасцей Навагрудскага раёна як унутры краіны, так і за яе межамі працуе турысцка-інфармацыйны цэнтр. Спецыялістамі ўпраўлення спорту і турызму райвыканкама распрацаваны інфармацыйныя буклеты аб турыстычных маршрутах, наборы паштовак, інфармацыйныя каталогі. У 2017 годзе створаны сайт «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне», праведзена 7 інфармацыйных тураў для прадстаўнікоў СМІ і тураператараў Рэспублікі Беларусь, Расіі, Літвы і Польшчы.
Разам з тым, нягледзячы на праведзеную работу, існуе шмат нявырашаных праблем, якія негатыўна ўплываюць на развіццё турыстычнай галіны. Немалаважную ролю ў інфраструктуры адыгрывае сфера абслугоўвання. Сёння ў Навагрудку ёсць аб’екты грамадскага харчавання, якія могуць размясціць турыстычныя групы ў 40-50 чалавек. Прапануюцца стравы нацыянальнай кухні. Для замежных турыстаў меню пераведзена на англійскую мову. Аднак праблемным застаецца пытанне арганізацыі харчавання раніцай, бо большасць з іх пачынаюць працаваць з 11.00-12.00.
Магчыма, аб’екты харчавання змаглі б пабудаваць работу па-іншаму, але існуе яшчэ большая праблема – адсутнасць гасцініц. Сёння ў горадзе фактычна функцыянуе толькі прыватны атэль «Крокус» на 30 месц. Вось і атрымліваецца, что ў Навагрудку турысты бываюць толькі транзітам.
Гэтую думку падтрымлівае і кіраўнік турыстычнага агенцтва «АСтэрасэрвіс» Аляксандр Ігнатковіч. Ён адзначыў, што для развіцця ўязнога турызму вялікае значэнне мае развітая інфраструктура сферы абслугоўвання і пражывання. Яго прадпрыемства пакуль прадастаўляе паслугі па замежных турах. Наладжаны сувязі з самымі буйнымі тураператарамі Беларусі і Расіі, і з увядзеннем у эксплуатацыю гасцінічнага комплексу па вул. Міцкевіча сітуацыя ў Навагрудку зменіцца – тут ёсць што паказаць, і турысты абавязкова будуць прыязджаць на Навагрудчыну.
Безумоўна, галоўнай задачай турыстычнай галіны раёна сёння з’яўляецца не толькі павелічэнне колькасці турыстаў, але і магчымасць іх больш працяглага знаходжання на тэрыторыі горада і раёна. Рашэнне гэтай задачы патрабуе комплекснага падыходу і цеснага ўзаемадзеяння з боку ўсіх суб’ектаў і адпаведных служб, якія задзейнічаны ў галіне турызму.
Па другім пытанні павесткі пасяджэння райвыканкама выступіў начальнік Навагрудскага РАНС Уладзімір Свірыд. Была прааналізавана дзейнасць па сітуацыі з пажарамі на тэрыторыі раёна, акцэнтавана ўвага на захаванні бяспечных умоў пражывання пажылых людзей і інвалідаў – працягваеца работа па рамонце няспраўнай электраправодкі і ўстаноўкі АПА. Адзначана станоўчая работа назіральных камісій, якія праводзяць абследаванні ў жылым фондзе ў сельскай мясцовасці і горадзе. Разам з тым існуе шэраг праблем у рабоце з людзьмі, якія злоўжываюць алкаголем, бо 88 % ад агульнай колькаці загінулых у вобласці на пажарах – гэта людзі ў стане алкагольнага ап’янення.
Прыняты канкрэтныя меры і па іншых праблемных пытаннях, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў рашэннях райвыканкама.
Алена Ермакова, «НЖ»