На пытанні па перапісе насельніцтва адказвае начальнік Навагрудскага раённага аддзела статыстыкі Наталля Лаўская

На пытанні па перапісе насельніцтва адказвае начальнік Навагрудскага раённага аддзела статыстыкі Наталля Лаўская

На пытанні па перапісе насельніцтва адказвае начальнік Навагрудскага раённага аддзела статыстыкі Наталля Лаўская

16 июня 2019 1828
У кастрычніку бягучага года ў Беларусі пройдзе чарговы, трэці па ліку ў суверэннай дзяржаве, перапіс насельніцтва. Апошняе шырокамаштабнае мерапрыемства такога роду праходзіла дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе. Зразумела, што дадзеныя таго перапісу ўжо састарэлі. 
Новае ўсеагульнае апытанне насельніцтва дапаможа стварыць калектыўны партрэт беларусаў і замежнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, вызначыць агульную колькасць насельніцтва, нацыянальны склад, сацыяльную структуру і ўмовы жыцця. 
У гэтым артыкуле мы паспрабуем знайсці адказы на пытанні, якія часцей за ўсё цікавяць людзей, разам з начальнікам раённага аддзела статыстыкі Наталляй Лаўскай. 


1. Што такое перапіс насельніцтва і навошта ён патрэбны?
Перапіс насельніцтва – спецыяльна арганізаванае, сістэматычнае, суцэльнае дзяржаўнае статыстычнае назіранне, мэтай якога з’яўляецца атрыманне актуальных дадзеных аб колькасці і складзе насельніцтва. Праводзіцца адначасова на тэрыторыі ўсёй краіны на аснове адзінай праграмы і метадаў. Перапіс насельніцтва – падзея дзяржаўнай важнасці, на падрыхтоўку якога неабходна некалькі гадоў. Рашэнне аб правя­дзенні перапісу прымаецца Кіраўніком дзяржавы, аб чым і сведчыць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №384 ад 24 кастрычніка 2016 года.

 2. Ці можна замяніць перапіс, бо гэта даволі затратнае для дзяржавы мерапрыемства, атрыманнем інфармацыі з іншых дзяржаўных крыніц? 
Перапіс насельніцтва нельга замяніць дадзенымі з месц рэгістрацыі насельніцтва, напрыклад, з «пашпартных сталоў», органаў ЗАГС і іншых арганізацый. 
Па-першае, перапіс улічвае не зарэгістраванае, а пастаяннае насельніцтва, якое рэальна пражывае на канкрэтнай тэрыторыі.
Па-другое, перапіс дае ўнікальную магчымасць сабраць усе звесткі аб кожным чалавеку, усе разам і адначасова, і тым самым атрымаць камбінацыю ўсіх улічаных праграмай прыкмет. У гэтым галоўная перавага перапісу перад іншымі крыніцамі дадзеных аб насельніцтве, што робіць яе незаменнай.
На аснове атрыманай інфармацыі будуць будавацца ўсе прагнозы развіцця, пачынаючы ад сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага да фарміравання бюджэтаў у канкрэтных галінах, раёнах. Ад гэтага залежыць, колькі і дзе будзе пабудавана новых школ, дзіцячых садкоў, бальніц, дзе пройдуць новыя маршруты транспарту. На ўсе гэтыя важныя пытанні дасць адказ перапіс насельніцтва.

 3. Хто прапанаваў такую працэдуру ўліку насельніцтва і калі гэта адбылося ўпершыню?Колькі ў Беларусі было перапісаў.
Гісторыя правядзення перапісаў у Беларусі самым цесным чынам звязана з правядзеннем першага і адзінага Усеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла Беларусь. Ініцыятарам правядзення перапісу насельніцтва быў вядомы рускі географ, геолаг і статыстык П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі, і праведзены ён быў у 1897 годзе.
У аснову перапісу былі закладзены навуковыя прынцыпы: ён праводзіўся па адзінай праграме і адзінай інструкцыі, якая ўлічвала наяўнае і пастаяннае насельніцтва на адну і тую ж дату, а атрыманыя вынікі ўяўлялі сабой адзіную крыніцу параўнальных дадзеных аб колькасці і складзе насельніц­тва Расійскай імперыі ў канцы XIX ст.
Паводле звестак першага Усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у яе сучасных межах пражывала 6 673 тысячы чалавек, з іх 5 774 тысячы сельскага (87%) і 899 тысяч гарадскога насельніцтва (13%). Дарэчы, колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь на пачатак 2019 года – 9 475 тысяч чалавек, доля гарадскога насельніцтва склала 78%, сельскага – 22%.
Усяго на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь перапіс насельніцтва праводзіўся 10 разоў: у 1897, 1920, 1926, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 і 2009 гг.

4. Калі будзе праходзіць перапіс насельніцтва Беларусі?
Перапіс насельніцтва пройдзе з 4 па 30 кастрычніка 2019 г. па стане на 00 гадзін 4 кастрычніка. Перапіс бу­дзе доўжыцца 27 дзён. Усе падзеі, якія адбудуцца пасля моманту падліку насельніцтва, не ўлічваюцца. Так, перапісная дакументацыя запаўняецца на асоб памерлых пасля 4 кастрычніка і не запаўняецца на дзяцей, тых, хто нарадзіўся пасля названай даты.

 5. Якія галоўныя адрозненні перапісу-2019 ад папярэдніх?
У адрозненне ад папярэдніх перапісаў працэс збору і апрацоўкі атрыманых дадзеных будзе цалкам аўтаматызаваны. Так, вуснае апытанне будзе праводзіцца перапісчыкамі з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў, што дазволіць паскорыць працэс уводу дадзеных і забяспечыць высокую якасць запаўнення перапісных лістоў за кошт падключэння сістэмы кантролю.
Падчас цяперашняга перапісу жыхарам Беларусі будзе дадзена магчы­масць выбраць для сябе адзін з трох спосабаў адказаць на пытанні перапіснога ліста: самастойна праз сетку Інтэрнэт, на стацыянарным участку альбо дома.
Змяніўся і пералік пытанняў, якія будуць зададзены насельніцтву. У праграму перапісу 2019 года ўключана 49 пытанняў, тады як 10 гадоў таму іх было 37. Акрамя традыцыйных, якія тычацца інфармацыі аб самім рэспандэнце, складзе яго сям’і, жыллёвых умовах, ёсць і новыя. Гэта пытанні, якія адносяцца да міграцыйных працэсаў. Напрыклад, ці плануе рэспандэнт выехаць з Рэспублікі Беларусь і чаму; якая асноўная прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства. Таксама спытаюць аб атрыманні дадатковай адукацыі, у жанчын ва ўзросце 18-49 гадоў – аб планаванні нараджэння дзяцей.
Упершыню беларусам у апытальніку прапануюць тэму сельскагаспадарчай дзейнасці. Атрыманыя ад хатніх гаспадарак дадзеныя будуць выкарыстоўвацца для ацэнкі аб’ёмаў вырабленай імі прадукцыі і іх укладу ў забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

 6. Хто падлягае перапісу?
Перапісу падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць (знаходзяцца) у краіне, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (але іх адсутнасць не павінна перавышаць больш за 1 год).

 7. Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва?
Падчас правядзення перапісу апытанне рэспандэнтаў пройдзе ў тры этапы:
з 4 па 18 кастрычніка 2019 г. рэспандэнтам прадастаўляецца магчымасць самастойна запоў­ніць перапісныя лісты з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў сетцы Інтэрнэт або прыйсці на стацыянарны ўчастак і паведаміць інфармацыю пра сябе;
з 19 па 20 кастрычніка 2019 г. праводзіцца маніторынг вынікаў запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў у сетцы Інтэрнэт і працы стацыянарных участкаў для актуалізацыі спісу адрасоў, неабходных перапісчыкам для правядзення апытання і працягваецца апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках;
з 21 па 30 кастрычніка 2019 г. перапісчыкі праводзяць апытанне па месцы жыхарства (знаходжання) тых рэспандэнтаў, якiя не перапiсалiся раней, а таксама працягваецца апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках.

 8. Хто будзе перапісваць 
насельніцтва?
Перапісваць насельніцтва будзе часова прыцягнуты персанал – перапісчыкі. Гэта могуць быць студэнты, работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганiзацый. Разлічваем на актыўны ўдзел у перапісе моладзі, бо з БРСМ дасягнута дамоўленасць аб прыцягненні іх членаў у якасці часовага перапіснога персаналу. Абавязковыя ўмовы – праходжанне спецыяльнага навучання і абавязацельства не выдаваць атрыманыя персанальныя дадзеныя. Кіраваць працай перапісчыка будуць загадчык перапіснога ўчастка і яго памочнік.
Усяго ў Навагрудскім раёне мяркуецца задзейнічаць 63 чалавекі, з іх 57 – перапісчыкі.
У кожнага перапісчыка ў наяўнасці будзе партфель з эмблемай перапісу і планшэт. Вызначыць, што да вас прыйшоў менавіта перапісчык, можна і па пасведчанні ўдзельніка перапісу. Гэты дакумент перапісчык абавязаны прад’явіць пры апытанні рэспандэнтаў. 
Галоўная задача для органаў статыстыкі – забеспячэнне прыватнасці атрыманых у ходзе перапісу персанальных дадзеных. Так, па заканчэнні апытання дадзеныя, атрыманыя ад рэспандэнта, шыфруюцца і перадаюцца па абароненаму каналу сувязі на сервер Белстата. Пасля завяршэння перадачы яны аўтаматычна выдаляюцца з планшэта перапісчыка. Пры гэтым у яго няма доступу да зашыфраванай інфармацыі, як і магчымасці яе праглядзець або рэдагаваць.Для далейшага выкарыстання ўсе атрыманыя дадзеныя абязлічваюцца.

8. Калі будуць падведзены вынікі перапісу?
Папярэднія выніковыя дадзеныя перапісу аб колькасці насельніцтва з размеркаваннем на гарадское і сельскае, па палавой прыналежнасці ў цэлым па Беларусі, а таксама па абласцях і г. Мінску з’явяцца ў адкрытым доступе пасля 3 лютага 2020 года. Асноўныя выніковыя дадзеныя бу­дуць даступныя з 1 чэрвеня 2020 года. Вынікі перапісу сельскагаспадарчай дзейнасці грамадзян можна будзе даведацца пасля 1 ліпеня 2021 года.

9. Як адбываюцца перапісы ў іншых краінах?
Перапісы праходзяць практычна ва ўсіх краінах свету. У апошні час у адных краінах, акрамя традыцыйнага метаду збору інфармацыі – вуснага апытання насельніцтва, пры правядзенні перапісу ўсё больш актыўна пачынаюць укараняць альтэрнатыўныя спосабы. Напрыклад, выкарыстоўваюць дадзеныя, якія змяшчаюцца ў адміністрацыйных крыніцах-рэгістрах, ажыццяўляюць апытанне з дапамогай сеткі Інтэрнэт альбо рассылаюць рэспандэнтам апытальнікі па пошце для самастойнага іх запаўнення. У іншых – ужываецца камбінаваны метад правядзення перапісу: вуснае апытанне насельніцтва ў спалучэнні з адным з альтэрнатыўных, як правіла, інтэрнэт-апытаннем. У некаторых краінах Еўрапейскага Саюза бліжэйшы перапіс пройдзе на аснове дадзеных рэгістраў. Аднак выкарыстанне гэтага метаду не дазваляе цалкам скласці партрэт насельніцтва і патрабуюцца дадатковыя абследаванні хатніх гаспадарак, што, безумоўна, вядзе да павелічэння фінансавых выдаткаў.
Вынікі перапісу-2019 увойдуць не толькі ў гісторыю нашай краіны, але і стануць састаўной часткай сусветнага перапісу насельніцтва, які право­дзіцца ў рамках Сусветнай праграмы перапісаў насельніцтва і жыллёвага фонду роўна да 2020 года.
Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»

Фота носіць ілюстрацыйны характар (з інтэрнэту)