Зрабіла выбар на карысць арміі

Зрабіла выбар на карысць арміі

Зрабіла выбар на карысць арміі

05 ноября 2024 653

5 лістапада ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь адзначаецца Дзень ваеннай разведкі. Яе гісторыя пішацца ўжо 106 гадоў. На сённяшні дзень ваенная разведка з'яўляецца важным элементам сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Разведчыкі здабываюць і аналізуюць даныя аб стане ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі, якая складваецца вакол нашай дзяржавы, прагназуюць яе развіццё, выяўляюць на ранняй стадыі рызыкі і выклікі, здольныя трансфарміравацца ў рэальныя пагрозы нацыянальнай бяспецы. У сувязі з гэтым на злучэнне і воінскія часці разведкі ўскладзены шэраг спецыфічных задач, якія выконваюцца асабовым саставам у любых умовах і з высокай якасцю. За мірнай чысцінёй неба над нашай краінай сочаць ваеннаслужачыя вайсковай часці 75158.

Нараўне з мужчынамі нясуць службу і жанчыны. У вайсковай часці 75158 шмат прадстаўніц прыгожага полу, якія праходзяць службу па кантракце. У кожнай жанчыны, якая вырашыла звязаць сваё жыццё з арміяй, свой лёс і свой шлях ва Узброеныя сілы. Некаторыя пайшлі служыць па прызванні, іншыя ж услед за сваімі мужамі, па парадзе бацькоў, сваякоў, якія прысвяцілі жыццё вайсковай справе.

Прапаршчык вайсковай часці 75158 Вольга Жура стаць ваеннаслужачай вырашыла свядома.

– Прысвячэнне свайго жыцця прафесійнай абароне Радзімы ва ўсе часы было ганаровым выбарам сапраўдных грамадзян краіны. І, можна сказаць, што са школьных гадоў я марыла стаць ваеннаслужачай. Аднак не ўсё атрымоўваецца так, як марыш. Таму перш паспрабавала сябе ў другой прафесіі і вось ужо дзесяць гадоў як служу па кантракце. Быць ваеннаслужачай – гэта сур’ёзны крок. Для мяне ён быў абдуманы і
свядома абраны, – расказала падчас нашай сустрэчы Вольга Віктараўна.

– Спачатку пабойвалася, але з часам у мяне ўсё атрымалася. Вялікую дапамогу ў маім станаўленні аказала кіраўніцтва часці. Сёння, аглядаючыся назад, калі ўпершыню прыйшла на службу ў вайсковую часць, нават не ўяўляю, што па-другому мог скласціся мой лёс. З часам служба змяняе характар, прычым у лепшы бок. Чалавек становіцца больш загартаваным, моцным і самастойным, вучыцца прымаць рашэнні і адказваць за іх. Служба ў арміі – гэта ўжо не толькі праца. Яна ўжо стала другім домам і ладам
жыцця. У нас добры калектыў, ёсць стабільнасць, сацыяльныя гарантыі. Мне і сёння вельмі падабаюцца палявыя выхады, вучэнні, калі трапляеш ва ўмовы, максімальна набліжаныя да ваенных па ладзе жыцця.

Са службай жанчына спраўляецца, ад камандавання атрымлівае падзякі за бездакорнае нясенне службы. А дома яе заўсёды чакаюць і ганарацца родныя і блізкія.

Камандаванне вайсковай часці 75158 віншуе ўсіх ваеннаслужачых, ветэранаў з прафесійным святам і адзначае, што ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь ёсць спецыялісты, здольныя якасна і своечасова выконваць пастаўленыя задачы, сустрэць саперніка ў поўным узбраенні, адбіць атаку і нанесці нечаканы ўдар. Дасылае пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, жыццёвага аптымізму і новых поспехаў у справе самаахвярнага служэння Айчыне.

Трэба адзначыць, што ў нашай краіне якасна і эфектыўна працуе сістэма падрыхтоўкі ваенных разведчыкаў. У цяперашні час яна ўключае ў сябе факультэт ваеннай разведкі ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, дзе навучаюцца будучыя афіцэры вайсковай, спецыяльнай і радыёэлектроннай разведкі, ваенныя факультэты шэрагу ВНУ па падрыхтоўцы малодшых спецыялістаў.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |

Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор: Ольга Писар, «НЖ»