З павагай да мінулага

З павагай да мінулага

28 августа 2023 316

Да нашага часу дайшла толькі малая частка гістарычных славутасцяў роднай зямлі. Войны, бітвы... І ўсё ж у Беларусі захавалася нямала цудоўных помнікаў архітэктуры. Вось і сядзіба Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы на першы погляд проста будынкі, парк і руіны, якія захаваліся да нашых дзён. Але гэтыя маўклівыя сведкі даўніны дыхаюць гісторыяй і нагадваюць нам аб тым, што калісьці на гэтым месцы была велічная і неверагодна прыгожая сядзіба, якая жыла зусім іншым жыццём. Кіраўніцтвам Навагрудскага раёна было прыкладзена нямала намаганняў для таго, каб зберагчы тыя аб’екты былой сядзібы Храптовічаў, якія засталіся на сённяшні дзень. Час ад часу з’яўляліся і дзеячы, якія ставілі перад сабой вялікія мэты па захаванні комплексу. Але, як паказала практыка, іх энтузіязму надоўга не хапіла…


З гісторыі

Са старажытных часоў мястэчка было радавым маёнткам магнацкага роду Храптовічаў, але асабліва праславіў рэзідэнцыю Іахім Літавор Храптовіч. Пабудова палаца ў Шчорсах адносіцца да 1776 года. Яго ўзводзілі лепшыя еўрапейскія майстры – італьянец Джузэпэ Сака і француз Карла Спампані. У склад комплексу ўваходзілі цэнтральны палац, карпусы, у якіх размяшчаліся кухня, майстэрні, карэтная, стайня, вяндлярня, службовыя памяшканні, бібліятэка. Ансамбль завяршаў парк плошчай 40 га з каскадамі штучных вадаёмаў з плацінамі.

Маёнтак Шчорсы з’яўляўся дасканальнай, паказальнай гападаркай не толькі па ўзроўні культуры, але і перадавых метадах гаспадарання – упершыню ў ВКЛ тут быў уведзены севазварот. У маёнтку працавалі майстэрні: кузня, слясарная, сталярная, рымарная, ліцейная, знаходзіліся чатыры вадзяныя млыны, лесапільня, два цагляныя заводы, паравая вінакурня. 


Бібліятэка Храптовічаў таксама была вядома за межамі Беларусі. У канцы XVIII ст. спецыяльна для бібліятэкі быў узведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. Над уваходам размяшчалася шырокая тэраса на 4-х калонах. 

Дзякуючы ўладальнікам, сядзіба Шчорсы ператварылася ў сапраўдны цэнтр еўрапейскай культуры. Кніжны збор Храптовічаў уключаў не менш за 10 тысяч тамоў (па некаторых крыніцах – каля 20 тысяч), архіўныя дакументы і рукапісы, геральдычныя зборнікі, матэрыялы аб магдэбургскім праве, геаграфічныя карты, археалагічную калекцыю. Прадметам асаблівага гонару бібліятэкі з’яўляліся зборнікі хронік польскіх летапісцаў, віленскія выданні Ф. Скарыны, Д. Ляшчынскага, дысертацыі беларускіх навукоўцаў XVIII - пачатку XIX ст., творы Сакрата, Платона, Плутарха, Арыстоцеля. Унікальнай бібліятэкай карысталіся знакамітыя дзеячы свайго часу: вядомыя навукоўцы, філосафы, паэты, у тым ліку Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, астраном Пачобут-Адляніцкі і іншыя.  

Выпрабаванне часам

Шчорсы часта ўпамінаюцца ў сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на беларускіх землях. Сёння ад былой велічы магнацкай рэзідэнцыі Храптовічаў мала што засталося. Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы комплекс і самі Шчорсы моцна пацярпелі. У 1915 годзе тут стаяў фронт: за Нёманам – руская армія, у маёнтку – германская. Галоўная частка палаца згарэла і не была адноўлена. Згарэлі і абодва флігелі, засталіся сцены. Маёнтак разам з паркам паступова прыйшоў у заняпад. У Шчорсах захаваліся толькі фрагменты сядзібы: двухпавярховы дом упраўляючага, будынак, дзе жыла прыслуга, вяндлярня, напаўразваленыя падвалы на месцы палаца. Ёсць і парк, але за мінулыя гады ён значна зарос. А сажалкі і цяпер карыстаюцца папулярнасцю ў аматараў рыбнай лоўлі.

У склад ансамбля ўваходзяць: флігель, вяндлярня, парк, бібліятэка. Да вышэйзгаданых аб'ектаў прымыкае «Мураванка Храптовічаў» (гаспадарчы двор).

Рэстаўрацыя комплексу не праводзілася, але пэўныя меры па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раённымі і мясцовымі ўладамі прымаюцца. Так на працягу апошніх гадоў былі праведзены інвентарызацыя парку, кансервацыя аконных і дзвярных праёмаў, выразка аварыйных дрэў і іншыя работы за кошт сродкаў раённага бюджэту. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сядзібы, а таксама на аб'екце «Мураванка Храптовічаў» па сённяшні дзень арганізуюцца суботнікі па навядзенні парадку і выдаленні расліннасці сіламі работнікаў аддзела культуры, маладзёжных арганізацый раёна і землекарыстальнікаў аб'ектаў.

З мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі сядзібы кожны год праходзяць навуковыя канферэнцыі «Шчорсаўскія чытанні», брэндавае мерапрыемства «Рыбалка ў графа Храптовіча» і многія іншыя.

У 2017 годзе Шчарсоўская сядзіба выклікала цікавасць людзей «неабыякавых» да гісторыі гэтага славутага месца. Былі пабудаваны «напалеонаўскія» планы: адрадзіць маёнтак, вярнуць яму ранейшае аблічча і веліч, а таксама стварыць на яго базе папулярны турыстычны комплекс, які дасць мясцовым жыхарам магчымасць развіваць бізнес, а аграгарадку Шчорсы павысіць эканамічную планку. Мясцовыя ўлады пайшлі насустрач «энтузіястам».

У 2018 годзе аддзелам культуры Навагрудскага райвыканкама, Шчорсаўскім сельвыканкамам і мясцовым культурна-асветніцкім фондам «Шчорсы і Храптовічы» было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці, згодна з якім тры бакі павінны прадпрымаць сумесныя дзеянні па добраўпарадкаванні тэрыторыі, кансервацыі і рэстаўрацыі пабудоў, аднаўленні прыродна-ландшафтных аб'ектаў і інш.

Аднак за перыяд дзеяння пагаднення за сродкі Фонду была арганізавана толькі работа па ўстаноўцы альтанкі на тэрыторыі сядзібы і распрацоўцы праекта зон аховы аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў аг. Шчорсы. Таксама па ініцыятыве Фонду былі праведзены 3 валанцёрскія летнікі. Арганізацыя пражывання і харчавання валанцёраў ажыццяўлялася з дапамогай Навагрудскага райвыканкама і арганізацый раёна.


На пасяджэнні суда па пытанні ліквідацыі Фонду, якое адбылося ў 2021 годзе, было ўстаноўлена, што замест актыўнай работы па выкананні функцый, прапісаных у статуце, Фонд займаўся напісаннем неабгрунтаваных скаргаў, тым самым перашкаджаючы канструктыўнаму дыялогу і ўзаемадзеянню бакоў. Суд вынес рашэнне аб яго ліквідацыі.

На сучасным этапе ўласнікамі гісторыка-культурнага комплекса праводзіцца пэўная работа па захаванні ансамбля ў аг. Шчорсы у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Няглядзячы на адмоўны вопыт работы вышэйадзначанага Фонда, на Навагрудчыне ёсць добры прыклад дзейнасці дабрачыннага Фонду «Любчанскі замак». На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў дзякуючы энтузіязму і нераўнадушнасці да роднай зямлі нашага земляка Івана Пячынскага ў цесным супрацоўніцтве з мясцовай уладай, кіраўніцтвам ААТ «Прынёманскі» і іншымі неабыякавамі людзьмі Любчанскі замак атрымоўвае другое жыццё і, магчыма, аднойчы перад наведвальнікамі ён паўстане ў сваёй былой велічы!


Автор: К. Вясноўская