Газета «Новае жыццё» і Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей працягваюць сумесны праект «Вуліцы даўжынёю ў жыццё». Сёння мы даведаемся гісторыю ўзнікнення адной з цэнтральных вуліц нашага горада – вуліцы, якая названа ў гонар знакамітага ўраджэнца Навагрудчыны, сусветна вядомага паэта Адама Міцкевіча.
Да Другой сусветнай вайны вуліца, названая ў гонар паэта Адама Міцкевіча, знаходзілася ў цэнтры горада, недалёка ад дома знакамітага паэта, на тым месцы, дзе сёння размешчаны сквер. Да вайны ў гэтай частцы гарадской забудовы быў яўрэйскі квартал. Даваенная вуліца Міцкевіча пачыналася ад Рынкавай плошчы і працягвалася да перакрыжавання сучасных вуліц Мінскай і Свярдлова. Яна была невялікай па працягласці, а забудова складалася з невялікіх аднапавярховых дамоў з магазінамі. Вуліца была зруйнавана падчас бамбёжкі горада ў чэрвені 1941 года разам з астатняй забудовай квартала. Быў пашкоджаны і Дом-музей паэта.
У пасляваенны час на месцы старой забудовы быў пасаджаны гарадскі сквер, а ў хуткім часе да гадавіны смерці паэта мясцовая ўлада вырашыла аднавіць будынак Дома-музея. У 1954 годзе да 156-ай гадавіны з дня нараджэння Адама Міцкевіча Навагрудскім гарадскім выканкамам прынята рашэнне аб перайменаванні вуліцы Слонімскай у вуліцу імя Адама Міцкевіча.
Вуліца Міцкевіча з’яўляецца галоўнай вуліцай горада. На ёй знаходзяцца самыя значныя для горада ўстановы: адміністрацыйныя, адукацыйныя, фінансавыя, культурна-асветніцкія, асноўныя прамысловыя прадпрыемствы горада, будаўнічыя арганізацыі, кропкі гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлёвазабаўляльны цэнтр і яшчэ шмат розных аб’ектаў гарадской інфраструктуры.
Вуліца пачынаецца ад касцёла Святога Міхала Арханёла і ідзе ў накірунку ваеннага гарадка. Забудовы вуліцы 1920-1930-х гадоў чаргуюцца з пяціпавярховымі жылымі дамамі сярэдзіны мінулага стагоддзя і завяршаецца сучасным жылым мікрараёнам.
Першым будынкам на вуліцы з’яўляецца касцёл Святога Міхала Арханёла. Ён пабудаваны ў 1624 годзе на сродкі Кшыштафа Хадкевіча. Спачатку касцёл быў драўляным, а роўна праз сто гадоў манахі мужчынскага каталіцкага ордэна дамініканцаў перабудавалі яго на мураваны. Побач з касцёлам знаходзіўся кляштар дамініканцаў, пры ім з 1797 па 1831 гады працавала дамініканская школа. У гэтай школе вучыліся будучыя паэты Адам Міцкевіч і Ян Чачот.
На супрацьлеглым баку вуліцы, там дзе сёння размешчаны вінзавод, яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. знаходзіўся касцёл і кляштар жаночага дамініканскага ордэна. Гэта быў адзіны жаночы кляштар дамініканцаў на беларускіх землях. Кляштар заснаваны ў 1654 годзе, а ў 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У 1864 годзе кляштар быў скасаваны, а 20 яго манахінь накіраваны ў Гродна і Мінск. Прыкладна ў 1900 годзе касцёл быў разабраны на цэглу, а ў гады Першай сусветнай вайны на яго месцы немцы пабудавалі электрастанцыю. У жылым будынку былога кляштара ў 1920-я гады размяшчалася ваяводская ўправа і класы Дзяржаўнай польскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. У гэты ж перыяд на дамініканскіх мурах быў пабудаваны гарадскі тэатр. Зараз у гэтым будынку размяшчаецца адміністрацыя вінзавода.
За агароджай пабудоў касцёла Святога Міхала, дзе сёння знаходзіцца стаянка для аўтатранспарту, да вайны была плошча з Вялікай халоднай сінагогай у цэнтры і невялікімі малітоўнымі будынкамі побач.
На вуліцы Міцкевіча захавалася шмат будынкаў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і ахоўваюцца дзяржавай. Зараз у іх размешчаны розныя па прызначэнні ўстановы і арганізацыі горада.
У 1920-я гады, калі Навагрудак быў цэнтрам ваяводства, для арганізацыі работы розных дзяржаўных устаноў былі ўзведзены будынак ваяводскай управы і дом ваяводы. Зараз у гэтых будынках размяшчаюцца аддзелы райвыканкама. На вуліцы размяшчаецца адзіны ў горадзе кінатэатр, які ўзведзены ў 1970-я гады. Кінатэатр «Зорка» сёння не проста месца, дзе можна паглядзець папулярныя фільмы, якія толькі што выйшлі ў пракат, але і своеасаблівы культурна-забаўляльны цэнтр, у якім моладзь можа цікава правесці свой вольны час.
На месцы, дзе зараз знаходзіцца аўтавакзал, калісьці праходзіла вузкакалейная чыгунка. Вузкакалеку пабудавалі немцы яшчэ ў 1916 годзе ў час Першай сусветнай вайны. Яна была пракладзена з Наваельні праз Навагрудак да Любчы. Па рацэ Нёман праходзіла лінія фронту, і немцы па вузкакалейцы падвозілі да яе снарады. Будынак чыгуначнага вакзала быў пабудаваны ў 1920-я гады, ён выдатна захаваўся і знаходзіцца побач з пабудаваным у сярэдзіне 1980-х гадоў будынкам аўтавакзала.
Сярод забудовы вуліцы Міцкевіча сустракаецца некалькі аднапавярховых жылых драўляных дамоў з калонамі, якія будаваліся яшчэ «за польскім часам» як жыллё для чыноўнікаў. А сёння яны ўпрыгожваюць наш горад сваім незвычайным архітэктурным абліччам. Усе яны ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Акрамя цікавых архітэктурных аб’ектаў, на вуліцы ёсць некалькі помнікаў, прысвечаных розным гістарычным падзеям і постацям. Бюст Якубу Коласу ўстаноўлены каля будынка аўтавакзала ў знак павагі да паэта, які ў пасляваенныя гады некалькі разоў выбіраўся дэпутатам ад Навагрудскай выбарчай акругі. Каля будынка райвыканкама знаходзіцца памятны знак, прысвечаны 500-годдзю атрымання Навагрудкам магдэбургскага права.
Некалькі гадоў таму на вуліцы Міцкевіча, амаль у самым цэнтры горада, быў створаны музей міні-макетаў пад адкрытым небам «Страчаная спадчына». Наведаўшы яго, можна пазнаёміцца з многімі архітэктурнымі аб’ектамі, якія былі знішчаны ў час войнаў і акупацыйных рэжымаў, якія перажыў Навагрудак. Музей карыстаецца папулярнасцю не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых жыхароў горада, а таксама ў шматлікіх турыстаў.
Каб даведацца аб цікавых фактах з жыцця нашага горада і яго жыхароў, запрашаем усіх у наш музей.
Галіна Кавальчук,
старшы навуковы супрацоўнік
Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея
Фота з архіва “НЖ” і музея