Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!
Кожны год завяршаецца святкаваннем урачыстасці Нараджэння нашага Збаўцы. Урачыстасць, якая заахвочвае глядзець у будучыню з вялікай надзеяй!
Азіраючыся на ўжо амаль што мінулы 2020 год, можна з упэўненасцю сказаць, што Бог сапраўды нязмерна добры, сапраўдны любячы Айцец, які сваім дзецям дае толькі добрыя дары! На прыкладзе нашай парафіяльнай супольнасці Бог учыніў сапраўды вельмі шмат вялікіх спраў, звязаных перш за ўсё з духоўнымі мерапрыемствамі. Варта ўзгадаць рэкалекцыі са святаром-місіянерам з Бразіліі, які для соцень вернікаў тут, у Навагрудку, прапаведаваў і дзяліўся сведчаннем Божай любові. Таксама ў гэтым годзе Бог благаславіў і даў выкарыстаць магчымасць зрабіць прыгожай тэрыторыю вакол нашага парафіяльнага храма Святога Міхала Арханёла.
У надыходзячых святочных днях разважаем пра вялікую падзею з гісторыі нашага збаўлення і якая адкрывае дзве асноўныя ісціны. Першая распавядае пра тое, што Хрыстос «дзеля нас і нашага збаўлення сышоў з неба і стаўся чалавекам», а другая, што мы – «дзеці Божыя. Калі дзеці, то і спадкаемцы: спадкаемцы Бога і суспадкаемцы Езуса» (Рым 8, 16-17). Святы гэтыя вельмі радасныя і поўныя любові, таму што дазваляюць адчуць блізкасць Бога і ўзаемную блізкасць людзей. Таму мы перастаём быць узаемна чужымі і абыякавымі да бліжніх.
Божае Нараджэнне сведчыць, што мы не адны. Маем Айца, які клапоціцца пра наша выратаванне. Маем Хрыста, які ёсць нашым Братам і Сябрам. Маем Духа Святога, які вядзе нас Божымі шляхамі да шчаслівай вечнасці.
Святочныя дні дазваляюць цешыцца братэрствам і дабрынёй, жэстамі зычлівасці і шматлікімі цёплымі словамі, якіх нам так не хапае... Ісус дадае нам мужнасць, каб з большым даверам набліжацца да іншых, адкрывацца на іх патрэбы, дзяліцца цяплом і дабрынёй.
У гэтыя дні мы пачуем шмат цёплых слоў і пажаданняў здароўя, шчасця, добрых сямейных адносін, найменш праблем і складаных спраў, найбольш поспехаў, задаволенасці з жыцця, здзяйснення жаданняў і мар. Такія пажаданні прыгожыя і важныя, бо паказваюць наш клопат пра іншых.
Свае пажаданні для усіх Вас выражаю словамі Святога Апостала Паўла: «Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй» (Рым 15,13).
Да гэтых слоў прагну далучыць маю малітву за Вас, выпрошваючы Благаслаўлення Божага не толькі на святочныя дні, але і на ўвесь новы 2021 год.
Пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла,
ксёндз, доктар багаслоўя Юрый Жэгарын