Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

25 декабря 2022 831
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Свята нараджэння Богачалавека Eзуса Хрыста – адно з самых узнёслых свят для вернікаў Хрыстовага Касцёла. Божае Нараджэнне – сямейнае свята, якое ўводзіць нас у асаблівую, цудоўную атмасферу. Перадсвяточны і святочны час выклікае шмат добрых пачуццяў. Святочную радасць можна прачытаць у вачах многіх лю дзей, якія дзеляцца аплаткамі, упрыгожваюць ёлкі, спяваюць калядкі і прымаюць удзел у Пастэрцы (Вігілійная Святая імша). 

Аднак самыя прыгожыя моманты свята наступаюць тады, калі ў атмасферы Віфлеемскай радасці чалавек знаходзіць святло сапраўднай надзеі: памірыцца з бліжнім і прабачыць крыўды, падтрымаць іншага цёплымі словамі і звярнуць ўвагу на яго патрэбы. Тады Божае святло можа сапраўды асвятліць шэрасць жыцця. 

Нараджэнне кожнага дзіцяці ў сям’і суправаджаецца радасным чаканнем. Шчаслівыя маці і баць ка, бабулі і дзядулі, уся сям’я. Безумоўна, так было ў Віфлееме больш за 2000 гадоў таму. З нараджэння Езуса цешыліся Марыя і Юзаф, Ганна і Іаакім, а таксама Альжбета. Нарадзіўся прадказаны і чаканы Сын, Месія Божы, Езус Хрыстус, які сваім зямным жыццём паказаў нам шлях да Бога Айца, Бога ў Тройцы Адзінага. 

Сын Божы, Богачалавек Езус Хрыстус нарадзіўся ў бедных яслях для жывёлы. Першымі Яго прывіталі і ўшанавалі пастухі. Бог аб’яўляецца нам ва ўмовах галечы. Ці не павінны ў нас паўставаць пытанні? Ці такі факт нараджэння не павінен прывесці нас да прагнення неба, да нашага збаўлення ў пакоры, у любові і міласэрнасці да бліжняга? Менавіта цяпер прыйшоў час і нам унесці свой уклад і дапамагчы тым, хто мае патрэбу ва ўвазе і сродках. Часта іх так шмат вакол нас – бездапаможных, прыніжаных і нясмелых. Калядны час прымушае нас стаць больш адчувальнымі да патрэб нашых бліжніх. 

Адзін святы чалавек сказаў, што немагчыма чалавека зразумець без Хрыста. Таму асабліва неабходна гэта ўсвядоміць у гэты незвычайны час, час ласкі. Чалавека немагчыма зразумець без гэтага Дзіцяці ў яслях. Без Яго не зразумеем нашых памкненняў, тугі, слёз і намераў сэрца. Усё можна зразумець толькі з Езусам, толькі ў Ім, толькі ў бляску Бэтлеемскай стайні. 

Жадаю Вам, каб у Новым годзе было ў Вас больш думак аб Богу і Яго справах. Дзякую Вам, шаноўныя вернікі, за вернае трыванне пры нашым храме. Цешуся заўсёды кожным Вашым яднаннем з ім праз сакрамант пакаяння. Жадаю, каб вы змаглі зрабіць з вашых дамоў другі Назарэт і былі здольныя жыць жыццём, падобным да стылю жыцця Святой Сям’і. Божага благаславення Вам у Новым 2023 годзе, дабра, веры, любові і супакою ў сэрцы! Са святамі Божага Нараджэння! Хрыстос нарадзіўся, Бог аб’явіўся… 

З памяццю ў малітве ксёндз Юрый ЖЭГАРЫН, настаяцель парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку.