Сёлета споўніцца 90 гадоў Вячаславу Антонавічу Чамярыцкаму — беларускаму літаратуразнаўцу, крытыку, культуролагу, перакладчыку, пісьменніку. Спецыяліст па старажытнай беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Мала ў нашай краіне ёсць гарадоў з такой багатай, складанай і шмат у чым загадкавай гісторыяй, як наш родны Навагрудак. Заснаваны яшчэ ў другой палове Х ст., ён пачаў згадвацца ў даўніх летапісах толькі з сярэдзіны ХІІІ ст. І Новым ён стаў называцца адносна нейкага ранейшага Гарадка. Але калі і якога? Якім чынам узнікла Наваградскае княства і хто быў яго першым князем? Шмат загадак тоіць і гісторыя Навагрудскага сямівежавага замка.
Пра ўсё гэта хочуць уведаць цікаўныя навагрудчане і турысты, а навукоўцы спрабуюць раскрыць праўдзівую гісторыю далёкага мінулага гэтага знакамітага беларускага горада.
Дзякуючы шматгадовым даследаванням беларускіх і расійскіх археолагаў, на Наваградскай гары быў адкрыты багаты старажытнарускі горад ХІ – ХІІІ стст., што сталася сапраўднай гістарычнай сенсацыяй і сур’ёзна ўзбагаціла нашыя веды пра ранні перыяд яго гісторыі.
Аднак больш удумлівы аналіз наяўных археалагічных матэрыялаў, найноўшыя навуковыя назіранні патрабуюць сёння месцамі істотна ўдакладніць агульнапрынятыя вывады папярэднікаў, асабліва што датычацца гістарычнай тапаграфіі Наваградскай гары.
Так, знакаміты ленінградскі археолаг Ф. Гурэвіч чамусьці лічыла, што на так званым Малым замку ў ХІ – ХІІІ стст. размяшчаўся вакольны горад, а на Замкавай гары – дзядзінец. Але так і не змагла ўцямна растлумачыць, чаму месца, дзе ў шыкоўных дамах жылі багатыя гараджане, і, напэўна, князь, яна назвала пасадам, прыгарадам, а гарадскім цэнтрам палічыла ўзгорак з пераважна рознымі гаспадарчымі пабудовамі і маленькімі курнымі хатамі абслугі? Апрача таго, чаму культурны слой ХІ – ХІІІ стст. на Малым замку ляжаў на глыбіні аднаго-двух метраў, а на замчышчы значна ніжэй – на глыбіні пяці-шасці метраў?
Зусім зразумела, што ніжэйшая і падсобная тэрыторыя ніяк не магла быць цэнтрам горада. На самай жа справе, яго дзядзінцам была ўся гара. І яна тады не была падзелена глыбокім і шырокім ровам на дзве няроўныя часткі, што і пацвердзілі найноўшыя назіранні беларускіх археолагаў Т. Бубенькі і А. Мяцельскага.
Пазней жа, каб забяспечыць больш надзейную абарону ад нападаў крыжакоў і татараў, наваградцы вырашылі адсекчы і дадаткова ўмацаваць трэцюю, усходнюю частку гары, бо не мелі дастаткова сілаў, каб зрабіць непрыступнай цытадэллю ўсю яе плошчу ў 4 га. Гэтую тытанічную працу яны, напэўна, пачалі ўжо ў ХІV ст., калі дастаткова стабілізавалася грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне, а наваградскім князем стаў сын Гедыміна Карыят. І доўжылася яна многія гады. Зямля з будучага рова пайшла на падсыпку ўсходняй часткі гары і на абарончы вал унізе.
Пабудова ж магутных вежаў і каменных сценаў цягнулася з перапынкамі дзесяцігоддзямі і канчаткова завяршылася ажно ў пачатку ХVI ст. Такім чынам, Наваградскі замак, з сямю высокімі вежамі і тоўстымі сценамі, які мы бачым на малюнках Я. Куліка і В. Сташчанюка паводле рэканструкцыі М. Ткачова, так стаў выглядаць толькі ў часы Ф. Скарыны.
Раней жа Наваградская гара была суцэльным, не падзеленым ровам плато. І паселішча на ёй пасля ўзвядзення дзесьці ў канцы ХІ – пачатку ХІІ ст. земляных валаў з драўлянымі сценамі пачало называцца Гарадком і ўся гара стала яго дзядзінцам.
Паступова, у выніку розных прычын, у тым ліку частых пажараў, стаў занепадаць стары Гарадок на гары, больш актыўна разбудоўваўся і развіваўся, не абмежаваны ні тэрытарыяльна, ні дэмаграфічна вакольны горад, што размяшчаўся побач, у раёне сучаснай гарадской плошчы і прылеглай тэрыторыі. І ўжо ў ХІІІ ст. ён стаў называцца Новым Гарадком, але больш умацаваны дзядзінец яшчэ доўга служыў надзейным сховішчам у час небяспекі для ўсіх жыхароў.
Патанае ў смузе стагоддзяў і першапачатковы этап гісторыі Наваградскага княства. У ХІІІ ст., як паведамляе Галіцка-Валынскі летапіс, наш горад быў адным з цэнтраў фарміравання ВКЛ. У Наваградку тады княжылі Ізяслаў, Міндоўг, Войшалк. Але яны, напэўна, не былі яго першымі князямі. Розныя ўскосныя дадзеныя даюць падставы сцвярджаць, што Наваградскае княства ўжо існавала ў ХІІ ст.
Першым жа князем у нашым Гарадку, найбольш верагодна, быў унук Усяслава Чарадзея Валадар Глебавіч, які тут з перапынкамі княжыў у другой палове ХІІ ст. Пэўны час ён займаў бацькоўскі пасад у Менску. Яго дачка Соф’я стала жонкай знакамітага дацкага караля Вальдэмара І.
Паводле звестак Кіеўскага летапісу ХІІ ст., у 1162 г. Валадар, як князь нейкага Гарадка, дашчэнту разбіў ля гэтага горада полацкага князя Рагвалода. І паколькі дацкія гістарычныя крыніцы сведчаць, што каралева Соф’я была дачкой князя наваградскага, то, безумоўна, што пад тым Гарадком, у якім княжыў Валадар, трэба разумець менавіта наш Гарадок на наваградскай гары, які паступова перарос у Новагарадок. І той вялікі і багаты дом з фрэскамі на сценах, шыбамі ў вокнах, дарагімі ювелірнымі вырабамі і посудам, плошчаю каля 100 кв. м, які адкрыла на Малым замку Ф. Гурэвіч, належаў, хутчэй за ўсё, не нейкаму баярыну, а менавіта князю Валадару Глебавічу. Пра ўсё гэта больш падрабязна можна прачытаць у адпаведным артыкуле, што змешчаны ў нашым зборніку «Жыватворная спадчына».
Шмат загадкавага і цікавага хавае яшчэ Наваградскае ўзвышша, на якім сёння стаіць наш тысячагадовы горад. І вельмі хочацца, каб ён стаў яшчэ больш прывабным і для навагрудчан, і для турыстаў. Недастаткова толькі аднаўлення каменных сценаў замка. Патрэбна таксама рэстаўрацыя галоўнай замкавай вежы Шчытоўкі, пабудова гатэлей і інш. І было б вельмі разумным і лагічным прадумаць пытанне аб перайменаванні галоўнай плошчы Навагрудка.
Вячаслаў Чамярыцкі.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |


















