«У жыцці не бывае дробязей, для чалавека важна ўсё», — упэўнена дэпутат Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў па Мінскай выбарчай акрузе №17 Вікторыя Жарнак

«У жыцці не бывае дробязей, для чалавека важна ўсё», — упэўнена дэпутат Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў па Мінскай выбарчай акрузе №17 Вікторыя Жарнак

05 августа 2024 867
Актыўная, амбіцыёзная, крэатыўная – гэтыя рысы характару Вікторыі дапамагаюць ёй не толькі ў працы.  

Водар свежай выпечкі

Вікторыя Леанідаўна ўзначальвае кандытарскі цэх філіяла «Навагрудскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам». Пра сваю работу расказвае з любоўю і захапленнем. Цікава, што адным з крытэрыяў пры выбары прафесіі для дзяўчыны стаў … водар свежай выпечкі.
— Мы жылі ў раёне хлебазавода і ў дзяцінстве часта гулялі непадалёку ад прадпрыемства. Не скажу за іншых, але асабіста мяне вельмі правабліваў апетытны пах свежага хлеба, батонаў, булак. А людзі, якія ўмеюць выпякаць хлеб, здаваліся ледзь не чараўнікамі, - прызнаецца Вікторыя. — Мая мама добра гатавала і я любіла паглядаць, як мама пякла  пірагі, «хвораст», торцікі. Потым сама захапілася выпечкай.

Усведамленне таго, што хлебапякарная справа – яе прызванне, прыйшло не адразу. Дзяўчына спрабавала шукаць сябе ў сферы музыкі, збіралася атрымліваць прафесію, звязаную з гандлем. І ўрэшце рэшт падала дакументы ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж, пасля заканчэння якога праз некаторы час паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогій і кіравання.
Першым і адзіным месцам работы ў працоўнай кніжцы Вікторыі Жарнак запісаны Навагрудскі хлебазавод. Мяняліся пасады, функцыі, працоўныя абавязкі, а прадпрыемства заставалася ўсё тым жа.
За гады працы пройдзены і дасканала вывучаны ўсе этапы вытворчасці – ад замешвання цеста да выпечкі самай рознай хлебабулачнай прадукцыі. Працавала ў мікралабараторыі, была інжынерам-тэхнолагам.
— Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што дасканала ведаю ўвесь вытворчы працэс і калі штосьці ідзе не так — адразу разумею, у чым прычына, — працягвае Вікторыя Леанідаўна.

Пра кандытарскі цэх, які ўзначальвае, расказвае ахвотна і з зацікаўленасцю. 
— Некаторыя вытворцы для зніжэння кошту сваіх вырабаў пераходзяць на больш танную сыравіну, ужываюць штучныя дабаўкі, якія падаўжаюць тэрмін прыдатнасці, — гаворыць яна. — Танная сыравіна — гэта зусім іншы смак і якасць. Таму ўсе вырабы нашага кандытарскага цэха з натуральных прадуктаў: навагрудскае масла, яйкі, смятанка. Што да аб’ёмаў, то ў параўнанні з хлебабулачнымі вырабамі яны невялікія — да 9 тон у месяц. І гэта зразумела: хлеб патрэбен на стале штодня, а торты — прадукт святочны.

Адметнасць Вікторыі Жарнак — яе актыўная жыццёвая пазіцыя. На працягу дзесяці гадоў яна ўзначальвала пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ» на сваім прадпрыемстве і неаднаразова была ўзнагароджана за работу з моладдзю. У апошнія гады ў яе абавязкі ўваходзіць арганізацыя ідэалагічнай работы ў калектыве.



Давер’е, заслужанае справамі
— У цяперашнім саставе Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў многа моладзі. Таму варта разлічваць на іх актыўнасць і ініцыятыўнасць, - пераканана Вікторыя Леанідаўна. Актыўная жыццевая пазіцыя яе самой сумненняў не выклікае. Яшчэ задоўга да выбрання дэпутатам яна праявіла свае арганізатарскія здольнасці, якія па вартасці ацанілі суседзі па раёне. Калі ў 2015-2016 гадах жыхары вуліц Гагарына, Касманаўтаў і Горкага вырашылі правесці цэнтральную каналізацыю, менавіта Вікторыя ўзялася за гэту справу, арганізавала і ўзначаліла кааператыў. Прызнаецца, што клопатаў было шмат, аднак практычна за год работы былі завершаны. Асабіста для мяне вырашэнне праблемы з каналізацыяй за такі кароткі тэрмін — проста фантастыка! А ў іх атрымалася.

— Было б нясціпла сказаць, што пытаннем займалася я адна, мне дапамагалі, - дзеліцца В.Жарнак. - Пакуль выконвалі работы, пасябравалі з многімі суседзямі. З гэтага і пачалося. Цяпер людзі на вуліцы звяртаюцца з пытаннямі, раяцца.

Калі стала вядома, што выбарчая акруга, па якой Вікторыя  будзе балаціравацца ў дэпутаты, - яе раён пражывання,  спачатку расхвалявалася:   адказнасць адказнасць перад людзьмі, з якімі жывеш побач, асабліва вялікая.
— Людзі прагаласавалі за мяне, значыць, давяраюць, ускладваюць пэўныя спадзяванні і разлічваюць на дапамогу, іх нельга падвесці, — прызнаецца яна. — Трэба памятаць, што ад свайго дэпутата людзі чакаюць рэальных дзеянняў. Удзел у розных мерапрыемствах — патрэбна і добра, але галоўнае — гэта канкрэтныя справы.

Дапамагаць людзям у вырашэнні іх праблем — важная задача дэпутатаў мясцовага ўзроўню. Работа з выбаршчыкамі — не проста частка дэпутацкіх абавязкаў, але і іх аснова. Вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў, рамонту дарог, функцыянаванне ўстаноў сацыяльнай сферы, наладжванне аптымальнага рэжыму работы транспарту — гэтыя і іншыя тэмы знаходзяцца ў полі зроку народных выбраннікаў. Трэба сказаць, што працуюць дэпутаты на грамадскіх пачатках і выконваюць наказы сваіх выбаршчыкаў у вольны ад асноўнай дзейнасці час.
Вікторыя Жарнак добра ведае праблемы мясцовых жыхароў, бо  пражывае ў гэтым раёне. Калі збіраецца сход, ужо разумее, аб чым будзе размова. 
— Пытанні можа і дробязныя, але для людзей усё, што звязана з іх жыццём, важнае, — пераканана дэпутат.

— Падчас дажджу размыла частку дарогі на вуліцы 1 Мая. Людзі звярнуліся з просьбай дапамагчы прывесці дарогу ў парадак. Дапамаглі, — прыводзіць прыклад Вікторыя Леанідаўна. 

Дэпутат імкнецца ўнікаць у самыя розныя сітуацыі, спосаб вырашэння якіх часам бывае даволі нечаканым. 
— На суседняй вуліцы жыве адзінокая пажылая жанчына, — расказвае яна. — Да бабулькі, канешне ж, наведваецца сацыяльны работнік. А непадалёку, у гэтым жа раёне, ёсць моладзь 14-15 гадоў. Звярнулася да іх бацькоў з прапановай: давайце ўключымся ў дапамогу пажылому чалавеку. І бацькі, і іх дзеці  — тры хлопчыкі і дзяўчынка — не супраць. Першы раз з імі пайшла я сама, і цяпер па пятніцах да бабулькі прыходзяць юныя памочнікі, каб выканаць дробныя даручэнні — схадзіць у магазін, прыбраць галлё пасля непагадзі, — расказвае Вікторыя Жарнак.

Ідэя выдатная, і не зашкодзіла б шырэй далучаць моладзь да такіх спраў.


Працаваць не для «галачкі»

Ідэй і задумак у маладога дэпутата шмат. Вызначыць адзінокіх людзей, пенсіянераў, якім патрэбна дапамога. Стварыць так званы вулічны чат, у якім будзе можна акрэсліваць праблемы і дзяліцца меркаваннямі. Гэта на бліжэйшую перспектыву.
— Адметнасць і  вялікі «плюс» нашага мікрараёна — гарадскі стадыён, што дазваляе праводзіць спартыўныя мерапрыемствы і спаборніцтвы, развіваць тэму здаровага ладу жыцця. Прычым без сур’ёзных фінансавых затрат! Збіраюся прапанаваць дэпутату суседняй выбарчай акругі аб’яднацца і праводзіць сумесныя спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы, у якіх маглі б удзельнічаць і дзеці, і дарослыя. Думаю, будзе цікава, — разважае дэпутат.

У планах — восенню высадзіць дрэвы каля стадыена і абуладкаваць там зону адпачынку. Устанавіць лавачкі паабяцаў мясцовы жыхар. Хочацца, каб людзі маглі адпачываць не толькі ў сваіх дварах але і ў зяленай зоне. Ёсць вялікае жаданне падтрымаць  ветлячэбніцу: там працуюць добрыя спецыялісты, а вось сучаснай апаратуры для дыягностыкі не хапае.
Якасць дарог, абуладкаванне тратуара, карэкціроўка раскладу руху гарадскога аўтобуса — тэмы, над якімі таксама належыць працаваць у бліжэйшы час.
— Разумею: не ўсе робіцца адразу, але трэба рухацца наперад. Тое, што мы зробім, застанецца будучым пакаленням, — упэўнена Вікторыя Жарнак. — Калі мы палепшым жыццё свайго раёна, дзеці і ўнукі скажуць нам дзякуй. А працаваць трэба не для «галачкі». Праца дэпутата — гэта перш за ўсё ўклад у нашу будучыню…


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор: Ольга Новогран «НЖ»