– Чым далей адыходзяць ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым менш застаецца побач з намі яе ўдзельнікаў і сведак. Усё цяжэй новым пакаленням уявіць сабе маштабнасць і значэнне таго, што адбывалася ў тыя страшныя для мільёнаў людзей гады, – гаворыць ваенны камісар Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Бурак. – Мы запрашаем да ўдзелу ў акцыі ўсіх жыхароў Навагрудчыны. Акцыя стартавала непасрэдна ў ваенным камісарыяце. Нашы супрацоўнікі таксама вырашылі расказаць аб сваіх сваяках, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў тыле. Я лічу, што такая ініцыятыва будзе карыснай для ўсіх, а ў першую чаргу, вядома, для падрастаючага пакалення. Падчас пошуку інфармацыі пры падрыхтоўцы выстаўкі многія калегі ўпершыню даведаліся, што копіі ўзнагародных лістоў можна ўбачыць у агульнадаступных банках звестак і атрымаць больш інфармацыі пра гераічнае мінулае сваіх блізкіх. У цэлым пошукавая работа ў ваенным камісарыяце вядзецца пастаянна. У апошні час часта звяртаюцца грамадзяне, якія знаходзяць розныя ўзнагароды часоў Вялікай Айчыннай вайны, прыносяць іх у камісарыят і просяць перадаць сваякам.
– Перш за ўсё мы звязваемся з ваеннымі архівамі: гэта архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску. Вельмі вялікую дапамогу аказваюць Гродзенскі і Навагрудскі архівы. Таксама мы выходзім на прадпрыемствы, на якіх дагэтуль захоўваюцца асабістыя справы работнікаў. Адтуль таксама чэрпаем інфармацыю, – дадае Сяргей Пятровіч.
Сярод тых, хто далучыўся да акцыі, і сам ваенны камісар. Сяргей Пятровіч сабраў звесткі пра сваіх прадзедаў Пятра Якімавіча Бурака і Рыгора Іванавіча Гурскага.
– На жаль, прадзеда Пятра Якімавіча Бурака (нарадзіўся ён у в. Рап’ёва Карэліцкага раёна) я не застаў. Ён рана пайшоў з жыцця. У рады Чырвонай арміі яго прызвалі 26 ліпеня 1944 года, – расказвае С.П. Бурак. – Службу праходзіў санітарам у 250-м гвардзейскім палку 38-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Загінуў у баі 30 студзеня 1945 года. У кнізе «Памяць» Карэліцкага раёна я знайшоў першыя звесткі аб месцы яго пахавання ва Усходняй Прусіі, Кёнігсбергскай акрузе. У выніку пошукаў на сайтах і ў архівах стала зразумела, што з часам тэрыторыя перайшла да Расіі, і зараз гэта п. Голубева Гур’еўскага раёна Калінінградскай вобласці. Мы знайшлі і брацкую магілу савецкіх воінаў у гэтым пасёлку. На помніку ў ліку іншых загінулых і імя майго прадзеда П.Я. Бурака.
Другі прадзед Рыгор Іванавіч Гурскі нарадзіўся ў 1902 годзе ў в. Качаны Карэліцкага раёна. У рады Чырвонай арміі ён быў прызваны пасля вызвалення Беларусі. Са студзеня 1945 года чырванафлоцец Р.І. Гурскі, будучы стралком 3-га стралковага батальёна 260-й брыгады марской пяхоты Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, прымаў непасрэдны ўдзел у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе 83-й гвардзейскай дывізіі 3-га Беларускага фронту.
У час баёў атрымаў цяжкае раненне грудной клеткі. З асколкам у грудзях, а гэта 2 см ад сэрца, прадзед пражыў 88 гадоў, – расказвае Сяргей Пятровіч. – Нямала было ў яго ўзнагарод. Так, за храбрасць, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, быў узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны I ступені», а таксама медалямі «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». А ў пасляваенны час за самаадданую працоўную дзейнасць (працаваў прадзед у сельскай гаспадарцы на Карэліччыне) быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць». Памёр Рыгор Іванавіч у 1990 годзе. Ён часта пры жыцці, хоць і быў негаваркі, расказваў нам, унукам і праўнукам, аб вайне і нялёгкіх выпрабаваннях, якія яму давялося прайсці.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы Эдуард Сцяпанавіч Каляда – бацька яшчэ аднаго работніка ваеннага камісарыята Сяргея Каляды.
Эдуард Сцяпанавіч нарадзіўся ў в. Панямонь Навагрудскага раёна. У пасляваенны час з 1962 па 1976 год узначальваў вытворчы ўчастак калгаса імя Шчорса (ААТ «Шчорсы»). А з 1976 года працаваў аграномам-лугаводам. У 1966 годзе ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Артыкул пра Эдуарда Сцяпанавіча Каляду «Салдат застаецца ў страі» змешчаны ў кнізе «Твае героі, Гродзеншчына», аўтар артыкула К. Клебан. Вось некалькі вытрымак з яго:
«… На світанку яна праважала ў дарогу мужа і сына (Сцяпана і Эдуарда Каляду). Абодва сталі народнымі абаронцамі. Гарачай нянавісцю да ворагаў палала юнацкае сэрца Эдуарда. І ён бязлітасна іх граміў. Хлопец змагаўся ў атрадзе імя Жданава брыгады імя Дзяржынскага… Як толькі на Навагрудчыну прыйшло вызваленне, Эдуард стаў салдатам Чырвонай арміі. Ваяваў на Вісле, вызваляў польскія гарады. Кулямётчык 301-й стралковай дывізіі 5-й ударнай арміі заўсёды рваўся першым у бой з лютым ворагам. Малодшы сяржант Эдуард Каляда разам з аднавяскоўцам Аркадзем Калядой удзельнічаў у фарсіраванні Одэра. Эдуард сустрэў радасць Перамогі ў шпіталі, а аднавясковец не вярнуўся з поля бою…
Пасля вайны здароўе было падарвана. Спачатку Эдуард Сцяпанавіч працаваў ваенруком у школе. Аднак, як гаворыцца, салдат ёсць салдат. Па ўласнай ініцыятыве ён узяўся весці ўлік ў першай паляводчай брыгадзе калгаса імя Шчорса. Хутка былі заўважаны яго самаадданасць, любоў да зямлі, тэхнікі. Эдуарда Сцяпанавіча назначылі брыгадзірам.
Калгаснікі палюбілі брыгадзіра за яго прынцыповасць, гаспадарлівасць, любоў да людзей. А калектыўныя намаганні, праца, клопаты пра зямлю прыносілі добры ўраджай.
Аднойчы, вяртаючыся з поля дахаты, Эдуард Сцяпанавіч сустрэў радасных сыноў Валодзю і Сяргея.
– Тата, тата, ты герой! Ідзі, хутчэй слухай.
Каля прыёмніка сабралася ўся сям’я. Дыктар прадаўжаў зачытваць указ Прызідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай Працы перадавікам сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, якія асабліва вызначыліся ў павышэнні вытворчасці і нарыхтоўцы жыта, пшаніцы, грэчкі і іншых зерневых культур.
Высокая ўзнагарода абавязвала Эдуарда Сцяпанавіча ісці наперад, працаваць яшчэ лепш. У хуткім часе Эдуарда Сцяпанавіча назначылі аграномам калгаса.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы Э.С. Каляда быў вельмі добразычлівым, працавітым чалавекам. Яго не стала ў 2003 годзе.
Дрыжыць ад хвалявання голас і ў Сяргея Хвасько, работніка ваеннага камісарыята, які дзеліцца ўспамінамі пра свайго дзядулю Гаўрыіла Адамавіча Хвасько.
– Пра дзядулю ведаю няшмат. Мой дзядуля ўраджэнец в. Паланая суседняга Карэліцкага раёна. У студзені 1944 г. яго прызвалі ў армію. Служыў ён у вайсковай часці 346-га стралковага палка 63-й стралковай дывізіі 5А 3-га Беларускага фронту. Расказваў дзядуля, што ў студзені 1945 года пад агнём праціўніка дастаўляў на перадавыя пазіцыі боепрыпасы і тады яму разам з саслужыўцамі ўдалося ўзяць у палон траіх немцаў. За што пазней быў узнагароджаны медалём «За адвагу», – расказавае С.У. Хвасько. – А таксама Гаўрыіл Адамавіч быў узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны I ступені», медалямі «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Дзякуючы пошукавай рабоце, шмат цікавага даведаўся пра свайго дзядулю, якім ганарыцца ўся наша сям’я.
На выстаўку ў ваенкамат прадаставіў звесткі пра свайго дзядулю супрацоўнік Аляксей Хорачкін. Яго прадзед Сямён Фядотавіч Хорачкін змагаўся пад Ленінградам, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А таксама начальнік сакрэтнай часці Таццяна Аскерка прадаставіла архіўныя матэрыялы пра Івана Лаўрэнцьевіча Аскірку, дзеда мужа Дзмітрыя Аскеркі. І.Л. Аскірка быў прызваны ў армію з г.п. Любча ў самыя першыя дні вайны. У складзе 753-га стралковага палка 130-й дывізіі кулямётчык Іван Аскірка прайшоў усю вайну. Дэмабілізаваўся ў ліпені 1946 года.
Радзеюць рады ўдзельнікаў тых вялікіх бітваў, з імі сыходзяць і бясцэнныя веды аб гэтым часе. Таму, гаворачы пра страшную дату
22 чэрвены 1941 года – день пачатку Вялікай Айчыннай вайны, хочацца ў чарговы раз сказаць дзякуй тым, хто вынес на сваіх плячах цяжкасці вайны, тым, хто арганізоўваў працу ў тыле, і тым, хто аднаўляў краіну ў пасляваенны час. Гэтыя людзі здабылі Перамогу, але сваімі заслугамі не ганарыліся. Іх заслугі памятаюць нашчадкі. І ганарацца!
Вольга Пісар, «НЖ»