У Навагрудскай раённай бібліятэцы стартаваў новы асветніцкі праект «Вялікія кнігі – вялікія справы»

У Навагрудскай раённай бібліятэцы стартаваў новы асветніцкі праект «Вялікія кнігі – вялікія справы»

29 марта 2023 541

Навагрудская раённая бібліятэка распачала новы асветніцкі праект, прысвечаны Году міру і стварэння «Вялікія кнігі – вялікія справы». Гэта будзе серыя культурных дыялогаў з запрашэннем людзей, стваральная справа якіх мае вялікае значэнне для развіцця горада і раёна, з дэманстрацыяй прафесіяналізму, працавітасці, мэтанакіраванасці, якія дазваляюць чалавеку дасягнуць значных вынікаў у любімай справе.

Мы прэзентуем сацыяльна-значную літаратуру, паглыбляем веды пра прадпрыемствы і арганізацыі Навагрудчыны, затым на кожнай сустрэчы малюем кветку, якая асацыіруецца з пэўнай дзейнасцю. У выніку атрымаецца сімвалічнае адлюстраванне прафесійнай дзейнасці навагрудчан у выглядзе кветак і значных падзей для вялікага пано «Букет Міру».

На першую сустрэчу, 28 сакавіка, была запрошана Кацярына Ківач, загадчык аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама. Культурны дыялог прысвячаўся турыстычнай дзейнасці Навагрудчыны. Чаму пачалі менавіта з турыстычнай дзейнасці? Турызм у шматлікіх краінах ужо даўно займае значнае месца сярод найбольш прыярытэтных накірункаў гаспадарчай дзейнасці. Для шэрагу дзяржаў ён з'яўляецца традыцыйнай крыніцай асноўных даходаў. У сучаснай культуры турызм набывае таксама культурна-пазнавальную функцыю, становіцца важным элементам дыялогу розных сацыяльных і этнічных груп. Сучасны турызм становіцца новай сферай культурнай адукацыі, важным кампанентам развіцця грамадства Беларусі.

Кацярына Пятроўна гаварыла аб прывабнасці нашага раёна, яго славутасцях, турыстычных маршрутах. Упэўнены, што гэта было цікава навучэнцам Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа, большасць якіх прыехалі на вучобу з другіх раёнаў.
Турыстычная дзейнасць была прадстаўлена як сапраўды вялікая справа, якая займае адно з важных і прыярытэтных месцаў у развіцці асобы і грамадства, рэгіёна і краіны.

Наступны культурны дыялог пазнаёміць з такім феноменам, як навагрудская выцінанка. Чакаем на сустрэчу.

Вольга Жых,
аддзел бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі