Сёлета споўнілася 76 гадоў са дня мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак з Навагрудка. Яны былі расстраляны ў Батароўскім лесе 1 жніўня 1943 года. У памяць аб ахвярнай смерці сясцёр-назарэтанак рымска-каталіцкай манаскай абшчыны «Кангрэгацыя сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта» ў Наваградку прайшлі памятныя мерапрыемствы.
Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на работы ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторыя вызвалены). Усе вывезеныя перажылі вайну. Сёстры былі беатыфікаваны 5 сакавіка 2000 года папам Янам Паўлам ІІ.
У мерапрыемствах удзел прынялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, удзельнікі пілігрымкі з Гродна і Новай Мышы, удзельнікі пілігрымкі на веласіпедах з Крамяніцы. Прысутнічалі члены сям’і благаслаўлёнай сястры Раймунды з Літвы і Польшчы, святары, сёстры законныя і шмат вернікаў з Навагрудчыны і з замежжа краіны.
У Батароўскім лесе, месцы, дзе 76 гадоў таму разгарнуліся драматычныя падзеі, цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
– У гэтым месцы сустрэліся дзве цалкам супрацьлеглыя рэчаіснасці, два розныя светы: уражваючая нянавісць, насілле і пагарды да Бога і чалавека сустрэлася з бязмернасцю любові і святасці, ахвяры і прысвячэння, – адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Смерць назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, прынесенай Богу з любові да бліжняга. Гэтая незвычайная ахвяра была дапаўненнем той любові да Бога і людзей,якую давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці падчас сваім служэння ў Навагрудку.
Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і памаліцца, стоячы на каленях на той зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц.
Вольга Зачосава, «НЖ»