Тыдзень пачатковай школы прайшоў у Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе

Тыдзень пачатковай школы прайшоў у Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе

Тыдзень пачатковай школы прайшоў у Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе

18 февраля 2021 1237

Традыцыйным стала ў Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе правядзенне прадметных тыдняў. Сярод іх асабліва вылучецца тыдзень пачатковай школы, якая на гэты час ператвараецца ў святочную пляцоўку для  прыгод і адкрыццяў! Усе вучні атрымліваюць вялікае задавальненне ад інтэлектуальных конкурсаў, зносін, дэманструюць уменне працаваць калектыўна.

 

Каб тыдзень прайшоў ярка і незабыўна, настаўнікі пачатковых класаў рыхтаваліся задоўга да яго правядзення. Правялі апытанне вучняў на прадмет іх інтарэсаў і пажаданняў. Нам хацелася не толькі забяспечыць актыўны, інтэлектуальны і эмацыянальна насычаны адпачынак у пазаўрочны час, але і стварыць умовы для раскрыцця здольнасцей кожнага дзіцяці.

Урачыстая лінейка, прысвечаная адкрыццю тыдня пачатковай школы пад назвай “Марафон ведаў”, прайшла пад дэвізам “Здзіўленне! Разнастайнасць! Творчасць! Мажор! Дружба!”. Дзеці атрымалі індывідуальныя і калектыўныя заданні на заўтрашні дзень і вялікае жаданне прадэманстраваць усе свае веды, уменні і стаць пераможцамі! Запамінальнымі, інтэлектуальна значымымі былі ўсе прадметныя дні тыдня.


Асабліва святочным і ўрачыстым стаў дзень беларускай мовы, які меў прыгожую назву  “З любоўю да роднай мовы”.

Арганізоўваючы цікавае і змястоўнае падарожжа па роднай мове, нам хацелася не толькі  далучыць вучняў да самабытнай беларускай культуры, стварыць умовы  для фармірання цікавасці да беларускай мовы, выхавання любові і павагі да духоўных скарбаў свайго народа, але і яскрава паказаць, што роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і, якую павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

Дзяўчынка Васілінка сустрэла ўдзельнікаў нашага свята хлебам-соллю, бо такі добры звычай маюць беларусы здаўна. Нездарма наш народ лічыцца самым гасцінным і добразычлівым.


У ходзе сур’ёзнай і цікавай  вандроўкі вучні пераканаліся, што мова нясе ў сабе культуру і звычаі той краіны, дзе на ёй размаўляюць. Усе без выключэння сталі ўдзельнікамі турніру “Знаўцы родннай мовы”, дзе ў ходзе цікавых спаборніцтваў разгадалі мноства загадак, сустрэліся з героямі любімых беларускіх казак, адчулі практычнае значэнне народных прыкмет, падзівіліся мудрасці беларускіх прыказак і прымавак, пабывалі ў краіне “Фразеалогія”. У нашым турніры ўсе сталі пераможцамі, бо кожны з удзельнікаў, хоць і маленькі, але адчуў, што   менавіта яму, як прадстаўніку новага пакалення, неабходна  захаваць родную мову, бо толькі на гэтай мове магчыма перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, а таксама і ўнутраны свет чалавека.

 Удалае спалучэнне розных інтэрактыўных форм правядзення  дазволіла зрабіць кожны дзень асаблівым, які меў сваю прадметную накіраванасць, свой дэвіз і тэматыку. Па выніках арганізаваных спаборніцтваў былі выяўлены пераможцы інтэлектуальных конкурсаў, якія атрымалі свае ўзнагароды.


Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень пачатковай школы прайшоў у атмасферы зацікаўленасці, творчасці, даследавання, супрацоўніцтва, бо лейтматывам яго стаў заклік “Вучыцца з радасцю!”. Ён паказаў высокую выніковасць работы пачатковых класаў, інтэлектуальны патэнцыял нашых вучняў, якія, бясспрэчна,  упішуць свае імёны ў слаўны гістарычны летапіс нашай установы адукацыі.

Ірына Рачко,

настаўнік пачатковых класаў Валеўскага д/с-СШ