Таямніца рукапіснага слова Лаўрышаўскага Евангелля
Таямніца рукапіснага слова Лаўрышаўскага Евангелля
02 мая 2019 2597
Сёння кожны з нас добра ведае, што такое кніга і як яна выглядае. Але хто ведае, як выглядалі кнігі, напісаныя ў ХІV стагоддзі? У нас з вамі ёсць унікальная магчымасць даведацца пра гэта. У Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі экспануецца выстаўка аднаго прадмета, прысвечаная Лаўрышаўскаму Евангеллю.
Археалагічныя раскопкі пацвердзілі, што ў ХІ-ХІІ стст. у Навагрудку ўжо існавала пісьменнасць. Археолагі знайшлі надпісы кірыліцай і лацінкай, прылады для пісьма, зашчэпкі для кніг. Асобнае месца сярод гэтых матэрыялаў займаюць спецыяльныя інструменты для пісьма – пісалы. Яны маюць выгляд стрыжня з вастрыём на адным канцы і лапатачкай на процілеглым. У Навагрудку археолагі знайшлі 14 пісал.
Акрамя інструментаў для пісьма, выяўлена шмат прадметаў з надпісамі, асобнымі літарамі і літарападобнымі знакамі.
Значнымі пісьмовымі цэнтрамі Навагрудчыны, якія мелі вялікія кніжныя зборы, былі манастыры. У ХІІІ стагоддзі такія цэнтры знаходзіліся ў Лаўрышаве і Любчы. Гістарычныя звесткі пра Любчу сведчаць, што тут дзейнічаў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі дамініканскі кляштар і на яго аснове ў 1250 годзе было заснавана Літоўска-Рускае біскупства на чале з Вітам. Традыцыі праваслаўнай культуры добра прасочваюцца на прыкладзе любчанскіх рукапісных кніг.
Буйнай з’явай духоўнага жыцця ХІV стагоддзя стала напісанне Лаўрышаўскага Евангелля, якое датуецца 1329 годам. Лаўрышаўскае Евангелле – рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ–XIV стст. – было напісана для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам.
Лаўрышаўскае Евангелле складаецца з дзвюх частак – евангельскіх чытанняў, размешчаных у парадку літургічнага года і евангельскіх чытанняў, складзеных у парадку каляндарнага года. Сваёю паўнатой гэтая кніга больш за іншыя рукапісы таго перыяду набліжаецца да поўнага Евангелля, у ёй выкарыстаны тэксты Евангелля ад Мацвея, Марка, Лукі, Іаана.
Лаўрышаўскае Евангелле ілюстравана 19 мініяцюрамі, на якіх выявы евангелістаў і сцэны на біблейскія сюжэты. Некаторыя з іх займаюць цэлыя старонкі. Абклад Евангелля (XVI ст.), зроблены з дошак, якія абцягнуты аксамітам малінавага колеру. На верхняй вокладцы чатыры навугольнікі – срэбныя пласціны, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі: бірузой, смарагдамі, рубінамі. Цэнтральная частка верхняй вокладкі мае форму прамавугольніка, у якім на срэбнай пласціне выява воіна са шчытом і дзідаю. Некаторыя даследчыкі лічаць што гэта выява Дзмітрыя Салунскага, іншыя – князя Войшалка. На ніжняй вокладцы, у цэнтры – срэбны крыж, на якім выгравіравана ўкрыжаванне Ісуса. На першым аркушы кнігі выява архангела Міхаіла – апекуна княжацкай улады. Евангелле напісана на царкоўнаславянскай мове, таксама прысутнічаюць надпісы на старабеларускай мове.
У другой палове ХV-ХVІ стст. на палях Лаўрышаўскага Евангелля з’яўляюцца запісы, якія, у асноўным датычацца ахвяраванняў на манастыр мясцовага насельніцтва – дзясяткі імёнаў даравальнікаў. На палях Евангелля таксама былі зроблены ілюстрацыі да вельмі папулярнага ў старажытнасці перакладу «Аповесці пра Варлаама і Іасафа», аднаго з самых ранніх беларускіх спісаў гэтага твора, які паходзіць з Навагрудскага базыльянскага манастыра.
У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (паміж 1842-1882 гадамі) Лаўрышаўскае Евангелле было вывезена ў Кракаў і захоўваецца ў бібліятэцы князёў Чартарыйскіх. У 1887 годзе кніга была адрэстаўрыравана.
Праз сувязь шматвяковых культурных традыцый Лаўрышаўскае Евангелле з’яўляецца супольнай гістарычнай каштоўнасцю чатырох краін – Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Факсімільнае выданне ўнікальнай рукапіснай кнігі было ажыццёўлена ў Кіеве ў канцы мінулага года. Дзякуючы выдавецкаму ўзнаўленню, рукапісны помнік ранняга перыяду гісторыі Вялікага Княства Літоўскага стаў даступны даследчыкам і аматарам спадчыны беларускага Сярэднявечча.
Г. КАВАЛЬЧУК,
старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея
Стоит почитать:У Навагрудку ва "Уязной браме" ўстаноўлена скульптура рыцара (+Відэа)Школьники городских учреждений образования стали участниками квеста «Познай Новогрудок»