Таленавітая вакалістка з Навагрудка Сафія Грабовік пакарыла жыхароў і гасцей Анапы – напрыканцы лета ў гэтым сонечным горадзе прайшоў фестываль Саюзнай дзяржавы «Творчасць юных». Мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным і праводзіцца для дзяцей і моладзі Беларусі і Расіі з 2005 года.
Сафія Грабовік, нягледзячы на свой юны ўзрост, з’яўляецца пастаяннай удзельніцай канцэртных праграм у нашым раёне і за яго межамі. А яшчэ лаўрэатам шматлікіх рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў – «Зорны дождж», «Масты надзей», «Вясёлка талентаў», «Таленавітыя дзеці» і інш. Сёлета Сафія ўпершыню выступала за межамі Беларусі – дзяўчынка прайшла строгі адбор і ў складзе дэлегацыі Беларусі прадстаўляла Гродзеншчыну на фестывалі Саюзнай дзяржавы «Творчасць юных» у Анапе.
– Я вельмі рада, што мне давялося пабываць на такім вялікім фестывалі і ў вельмі прыгожым месцы, – падзялілася Сафія. – Адкрыццё адбылося на стадыёне «Антэй» дзіцячай здраўніцы «Жамчужына Расіі». Затым на працягу некалькіх дзён праходзілі канцэрты, дыскатэкі і іншыя мерапрыемствы, дзе выступалі ўдзельнікі. У першы дзень трохі хвалявалася, але, як толькі выйшла на сцэну, уся боязь прапала. На фестывалі выконвала песні «Ледзі джаз», «У свеце ўсё проста», «Лета». І па некалькі разоў.
У гэтым годзе на фестываль, які ладзіўся на працягу тыдня, прыехала больш за 90 беларусаў і 110 расіян ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Яго заснавальнікамі і арганізатарамі штогод выступаюць Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі і пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы. За гады існавання мерапрыемства стала не толькі выдатным прыкладам яднання двух славянскіх народаў, але і важнай вехай у развіцці культурных адносін дзвюх краін.
– Усе артысты вельмі таленавітыя, – працягвае размову дзяўчынка. – Многія з іх не раз выступалі на прэстыжных міжнародных конкурсах. Таму пазнаёміцца з імі і спяваць разам на адной сцэне – для мяне вялікі вопыт і незабыўныя ўражанні.
Сафія расказала, што на працягу ўсіх дзён на фестывалі панавала творчая і сяброўская атмасфера. У заключным канцэрце нават былі сумесныя нумары. Надоўга запомніць дзяўчынка і гучныя апладысменты ад удзячных гледачоў, якія не раз давялося ёй чуць пасля сваіх выступленняў.
– Вядома, я хацела б яшчэ не раз там пабываць. Ды і не толькі на гэтым фестывалі. Любы выканаўца марыць выступаць на розных сцэнах, у тым ліку і за межамі сваёй краіны. І дзеці таксама, – сцвярджае Сафія. – Хачу падзякаваць сваім бацькам Наталлі Уладзіміраўне і Сяргею Георгіевічу за веру ў мяне і пастаянную падтрымку. А таксама педагогу па вакале Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе я вучуся, Наталлі Аляксандраўне Раманюк за развіццё маіх здольнасцей і натхненне.
Анастасія Пятрова, «НЖ»