Знакамiтага ва ўсiм свеце паэта Адама Мiцкевiча 226 гадоў таму, напярэдаднi каталiцкага Раства, нарадзiла наша беларуская зямля. Менавіта з Навагрудчынай цесна звязана жыццё і ўся паэтычная творчасць Адама Міцкевіча.
Адам Міцкевіч стаў паэтам і ўславіў Навагрудчыну ў сваіх неўміручых творах. Менавіта любоў да роднай зямлі, разважанні пра яе лёс натхнілі Адама Міцкевіча да стварэння яго найбольш значнага твора – паэмы «Пан Тадэвуш», якую з поўным правам называюць шэдэўрам сусветнай літаратуры. Аб тым, што падзеі адбываюцца на Навагрудчыне, сведчаць назвы вёсак Брацянка, Кашалева, Купіск, Ятра і іншыя.
Паэма перакладзена на 34 мовы свету, у Доме-музеі ёсцьпераклады на 18 мовах, частка якіх выстаўлена на пастаянна дзеючай выстаўцы «Пан Тадэвуш » – праз гады і народы».
Адам Міцкевіч пакінуў родны край ва ўзросце 25 гадоў. Пакінуў вымушана, і, як аказалася, назаўсёды. Але куды б потым не закінуў яго жыццёвы лёс, душа яго назаўжды засталася сярод людзей і вобразаў «зямлі Навагрудскай – роднага краю».
Жыццёвыя сцежкі Адама Міцкевіча пачаліся на Навагрудчыне, а праляглі затым праз Вільню, Коўна, Пецярбург, Адэсу, Еўпаторыю, Бахчысарай, Маскву, Дрэздэн, Рым, Веймар, Лазану, Парыж, Лондан, Стамбул, вывелі яго на арбіту агульнаеўрапейскую. Ды не толькі шырокая еўрапейская геаграфія мясцін, дзе жыў, тварыў, дзейнічаў Адам Міцкевіч, рабіла яго паэтам еўрапейскага маштабу, але і тое, з кім ён сустракаўся, быў у сяброўстве, супольнасці, канфрантацыі, таксама мела свой уплыў на рост розгаласу паэтычнай славы Адама Міцкевіча, узбуйняла яго постаць як грамадскага дзеяча, настаўніка і прафесара, як генія сваёй зямлі, свайго народа.
У Расіі Адам Міцкевіч сябраваў і сустракаўся з дзекабрыстамі Кандраціем Рылеевым і Аляксандрам Бястужавым, пісьменнікамі Аляксандрам Грыбаедавым, Мікалаем Палявым, паэтамі Аляксандрам Вяземскім, Дзмітрыем Веневіцінавым, Яўгеніем Баратынскім, Міхаілам Пагодзіным, Антонам Дэльвігам, Міхаілам Глінкам. У кастрычніку 1826 г. у Маскве адбылася сустрэча двух вялікіх паэтаў – Міцкевіча і Пушкіна.
Асабліва ўражвалі Пушкіна міцкевічаўскія імправізацыі, з якіми ён выступаў у маскоўскіх і пецярбургскіх салонах. Антоній Адынец пазней успамінаў: «У час адной з такіх імправізацый у Маскве Пушкін, у гонар якога быў дадзены гэты вечар, раптам ускочыў з месца і, кудлацячы валасы, бегаючы па зале, усклікваў: «Які геній! Які свяшчэнны агонь! Што я побач з ім!» І тут жа кінуўся Адаму на шыю, абняў яго і пачаў цалаваць, як брата».
У 1829 годзе А. Міцкевіч выязджае за мяжу. У Берлінскім універсітэце ён наведвае лекцыі знакамітага філосафа Гегеля. Затым быў госцем на юбілеі вялікага нямецкага паэта І.В. Гётэ, якому на той час споўнілася 80 гадоў. І сёння ў Доме-музеі захоўваецца гусінае пяро як напамін аб падарунку, які зрабіў тады Гётэ Міцкевічу.
Таксама за мяжой сустракаўся з французскімі пісьменнікамі Анарэ дэ Бальзакам і Вікторам Гюго, Жорж Санд, кампазітарам Фрыдрыгам Шапэнам.
Сёння дакрануцца да гістарычнага мінулага нашай зямлі, наблізіцца да літаратурнай зоркi свайго часу – Адама Міцкевіча – можна на беларускай зямлі ў адноўленым мемарыяльным комплексе-музеi сядзібе Міцкевічаў «Завоссе» і Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку. А таксама музеі ёсць за мяжой. Ва ўсім свеце ў гонар паэта ўзведзена больш за 60 помнікаў.
Паважаныя навагрудчане і госці горада, запрашаем наведаць Дом-музей Адама Міцкевіча. Вы падрабязней даведаецеся пра паэта, а таксама ўбачыце рэчы, якімі пры жыцці карыстаўся Міцкевіч і зможаце ўбачыць прыжыццёвыя выданні генія зямлі Навагрудскай.
Instagram | YouTube | TikTok |