Сплаў вопыту і маладосці

Сплаў вопыту і маладосці

Сплаў вопыту і маладосці

30 ноября 2024 71

На вуліцы Мінскай, пры самым уездзе ў Навагрудак, знаходзіцца Навагрудскі дзяржаўны каледж – адна са старэйшых навучальных устаноў вобласці, якая сёлета адзначае свой 80-гадовы юбілей. 


– Школа механізацыі сельскай гаспадаркі, вучылішча, ліцэй, каледж – за 80 гадоў навучальная ўстанова прайшла складаны, але вельмі цікавы шлях. Мяняліся не толькі назвы і статус, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база, уводзіліся новыя спецыяльнасці, узрастаў прэстыж рабочых прафесій. І сёння каледж па праву можна назваць кузняй высокакваліфікаваных кадраў, – расказвае дырэктар УА «Навагрудскі дзяржаўны каледж» Эльвіра САРОКА. – За гады працы ў нашай навучальнай установе падрыхтаваны дзясяткі тысяч спецыялістаў самых запатрабаваных прафесій. Трактарысты, вадзіцелі,слесары па рамонце сельгасмашын і абсталявання, электрагазазваршчыкі, тынкоўшчыкі, повары, афіцыянты – няма ў раёне, напэўна, ніводнага працоўнага калектыву, дзе б не працавалі нашы выпускнікі. І не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Мы пастаянна працуем над удасканаленнем вучэбнага працэсу і адкрываем новыя спецыяльнасці. Нядаўна ў каледжы ўведзена падрыхтоўка па кваліфікацыі «машыніст крана аўтамабільнага». А ў наступным навучальным годзе ў супрацоўніцтве з заводам газавай апаратуры плануецца адкрыццё падрыхтоўкі па новай кваліфікацыі – «электразваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах».

Эльвіра Аляксееўна з гонарам адзначае, што сярод выпускнікоў ёсць Героі сацыялістычнай працы. Дзясяткі былых выпускнікоў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і адзначаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

У рытме часу


У каледжы створана эфектыўная сістэма выхаваўчай работы, якая дазваляе кожнаму навучэнцу рэалізаваць сябе ў грамадска-карыснай дзейнасці, у творчасці, у спорце, у прафесійным станаўленні. Працуюць 11 аб'яднанняў па інтарэсах, гурткі прафесійнай накіраванасці, ваенна-патрыятычны клуб «Кастрычнік». У маі гэтага года ў рэспубліканскім конкурсе «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» праект каледжа сумесна з БПЦ прызнаны лепшым сярод больш за 260 работ.

– Выхаваць ініцыятыўную, стваральную і свядомую моладзь, навучыць працаваць у камандзе, быць адказнымі адзін перад адным, перад грамадствам за вынікі сваёй працы – адна з задач педкалектыву, – дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена ГАЎРАШ. – Сёння ў каледжы створана структура самакіравання, працуе савет навучэнцаў. Да слова, навучэнец 2 курса каледжа Аляксей Грамыка ўвайшоў у склад Рэспубліканскага савета навучэнцаў каледжаў і прыняў удзел у яго першым пасяджэнні.

Студэнцкія атрады і працоўныя брыгады сёлета аб'ядналі і далі першы вопыт працоўнай дзейнасці 156 навучэнцам. Алена Генадзьеўна пераканана, што важна не толькі даць прафесійныя веды, але і прывіць павагу да працы, навучыць любіць прафесію, ганарыцца ёй і быць патрыётамі сваёй краіны. З гэтай мэтай з 2023 года ў каледжы рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання працоўнай культуры ў навучэнцаў». Перамогі ў рэспубліканскіх фестывалях «АРТ-вакацыі», аглядах тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, міжнародных кулінарных кубках штогод папаўняюць скарбонку дасягненняў каледжа. Сакрэт шматлікіх поспехаў – у зладжанай рабоце ўсяго калектыву. «Мы – сапраўдная каманда аднадумцаў», – падкрэслівае Алена Гаўраш. 

З 2020 года каледж у ліку лідараў у рэйтынгу ўстаноў сістэмы сярэднеспецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці.

Многае зроблена ў каледжы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. За апошнія гады машынны парк навучальнай установы папоўніўся двума трактарамі «Беларус 1025», прычапным апырсквальнікам «БеламаПро» з камп’ютарным кіраваннем, грэбенеўтваральнікам, бульбаўборачным камбайнам.


– Мы прытрымліваемся тэндэнцыі на актыўнае ўвядзенне ў сельскую гаспадарку элементаў дакладнага земляробства, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Пётр ДУНЬЧЫК. – За кошт пазабюджэтных сродкаў набыты і ўстаноўлены на адзін з трактараў навігатар «Aq Lieder», што дазволіла пазнаёміць навучэнцаў з магчымасцямі выкарыстання падобных устройстваў пры выкананні розных сельскагаспадарчых аперацый.

Для адпрацоўкі навыкаў работы на сучасным, высокапрадукцыйным абсталяванні навучэнцы штогод выязджаюць у цэнтры кампетэнцый ва ўстановы Гродзенскай вобласці па кваліфікацыях «повар», «электрагазазваршчык», «трактарыст-машыніст», «слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання». Цеснае супрацоўніцтва з такімі прадпрыемствамі, як завод газавай апаратуры, ДРБУ-189, ДЭУ-56, камбінат школьнага харчавання і іншымі дазваляе падмацаваць атрыманыя веды на практыцы.

Майстар вытворчага навучання Сяргей КРЫВІЦКІ ў каледжы працуе ўжо 25 гадоў.


Выпускнік СПТВ-193, ён у 1999 годзе ва ўзросце 19 гадоў вярнуўся ў роднае вучылішча, але ўжо ў якасці майстра вытворчага навучання.

Несумненна, працаваць у калектыве майстроў і педагогаў, якія ведалі яго як навучэнца, было складана і вельмі адказна. Таму Сяргей Анатольевіч удзячны старэйшым калегам за падтрымку і разуменне.

Сваю першую групу пад нумарам 53 майстар памятае выдатна – трэці курс, прафесія «трактарыст». Хлопцы былі ненашмат малодшыя за яго, аднак гэта акалічнасць не перашкодзіла хутка знайсці з імі агульную мову.

– Каледж, можна сказаць, наша сямейная навучальная ўстанова, – усміхаецца Сяргей Крывіцкі. – Акрамя мяне, тут вучыліся мой родны брат, трое дваюрадных братоў і пляменнік.

Майстар вытворчага навучання Наталля БОРЫС – таксама выпускніца гэтай навучальнай установы.


Вось ужо больш за дзесяць гадоў яна працуе майстрам вытворчага навучання ва ўстанове, якую некалі закончыла сама, і смела называе сваіх былых выкладчыкаў калегамі.

– Мне падабаецца мая работа, падабаецца працаваць з дзецьмі, дзяліцца з імі сакрэтамі кулінарнага майстэрства, – прызнаецца яна.

Наталля Борыс не толькі выдатны кулінар і адмысловы афарміцель страў і караваяў. Яна яшчэ вядзе ў каледжы гурток па карвінгу. Калісьці Наталля Рыгораўна вельмі захапілася гэтым мастацтвам рэзкі па гародніне і садавіне, а потым захапіла і навучэнцаў. Спачатку былі майстар-класы на розных мерапрыемствах. Затым – удзел у кірмашах і кулінарных конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў і – адпаведна – прызавыя месцы!

Ірына ЖАЎНЕРЧЫК – выкладчык, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі каледжа.


Першым працоўным месцам выпускніцы Горацкай сельгасакадэміі была пасада інжынера па ахове працы. Затым, пасля перападрыхтоўкі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі, Ірына Міхайлаўна стала выкладчыкам вучэбных прадметаў прафкампанента. Менавіта пры яе ўдзеле ў каледжы была адкрыта новая спецыяльнасць «дарожны рабочы». Прыемна, што аўтарам і распрацоўшчыкам вучэбнапраграмнай дакументацыі па гэтай кваліфікацыі ў рэспубліцы з’яўляецца менавіта Ірына Жаўнерчык.

– Мы імкнемся знаходзіць новыя цікавыя падыходы ў рабоце, выхоўваць прафесіяналаў, сапраўдных грамадзян сваёй краіны, – дзеліцца выкладчык . – Адзін з элементаў навучання – супрацоўніцтва з базавымі прадпрыемствамі. Важна паказаць моладзі магчымасці іх прафесіі, як стаць паспяховымі і ў прафесіі, і ў жыцці.

 Зоя КАШЫНА – адзін з найбольш вопытных і кваліфікаваных спецыялістаў, ветэран працы.


Спецыяльнасць Зоі Аляксееўны Кашынай – тэхнік-тэхнолаг мясной і малочнай прамысловасці – аказалася запатрабаванай у Навагрудскім СПТВ-193, куды яна прыйшла на работу ў лістападзе 1982 года майстрам вытворчага навучання групы «лабарант», «гаспадыня сядзібы». Прызнаецца, што спачатку было няпроста: навучэнцы аказаліся ўсяго на гадоў 10 маладзейшымі за яе, і педагагічнага вопыту не было.

Яна не саромелася вучыцца не толькі па кнігах, але і ў старэйшых калег. А калектыў у гэтай навучальнай установе заўсёды быў дружным і высокапрафесійным.

– Я вельмі хутка зразумела: каб працаваць з дзецьмі, трэба гэтых дзяцей любіць, – гаворыць Зоя Аляксееўна. – Ім патрэбныя веды, але падтрымка і разуменне дарослых патрэбныя не менш.

Колькі юнакоў і дзяўчат з яе дапамогай асвоілі прафесію – падлічыць складана. Многія былыя выпускнікі прыводзяць у каледж ужо сваіх дзяцей, а хтосьці нават унукаў. А былая вучаніца Святлана Гладкая цяпер сама працуе майстрам вытворчага навучання.

Актыўныя, зацікаўленыя, перспектыўныя – такія яны, сённяшнія навучэнцы. Вучоба ў каледжы для іх – магчымасць атрымаць запатрабаваную прафесію, а разам з ёй і перспектыву кар’ернага росту.

Аляксей ГРАМЫКА прызнаецца, што прыйшоў у Навагрудскі дзяржаўны каледж па прыкладзе свайго брата, які таксама тут вучыўся. Юнак выбраў прафесію повара і за гады вучобы пераканаўся, што не памыліўся ў выбары. «Повар для мяне – гэта навука, сумежная з мастацтвам», – дзеліцца ён.


– Дастойная навучальная ўстанова, – лічыць трэцякурснік Іван РУКША. – Я разглядаў розныя варыянты, але маім пажаданням адпавядаў толькі гэты каледж. Іван займаецца спортам, ахвотна асвойвае прафесію і ў будучым плануе вярнуцца ў каледж майстрам вытворчага навучання.

Другакурсніца Дар’я ПІСАРЫК лічыць свой выбар навучальнай установы ўзважаным і невыпадковым.


– Тут вучылася мая мама, маміны сёстры, – расказвае дзяўчына. – Водгукі толькі самыя лепшыя. А прафесія повара, якую я выбрала, цікавая, важная і дае магчымасці для развіцця і перспектывы. Рабяты віншуюць свой любімы каледж і дасылаюць калектыву навучальнай установы самыя найлепшыя пажаданні.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 


Аўтар: Вольга Навагран, «НЖ»