Выязджаць на заробкі за мяжу – такая тэндэнцыя ўласціва грамадзянам розных краін. Не выключэнне і беларусы. У пошуках лепшай долі нашы суайчыннікі часцей за ўсё накіроўваюцца ў Расію і перш за ўсё – у Маскву, дзе ўладкоўваюцца па рабочых спецыяльнасцях на будоўлях, у сферы абслугоўвання альбо ў гандлі. Прынята лічыць, што гэта выгадна: у суседзяў-расіян узровень заработнай платы прыкметна вышэйшы.
Цяжкі шлях гастарбайтара
Але праца за мяжой – не толькі магчымасць зарабіць грошы. Гэта яшчэ і шэраг дадатковых праблем, цяжар якіх многія з так званых гастарбайтараў адчулі на ўласным вопыце.
23-гадовы навагрудчанін І. на заробкі ў Расію паехаў вясной 2017 года.
– Спачатку ўсё складвалася добра: працаваў будаўніком у Маскве, жыў у інтэрнаце, – гаворыць ён. – А потым згубіў пашпарт, і пачалося…
Будаўнічую брыгаду, у якой працаваў наш зямляк, перавялі на другі аб’ект, а яго з сабой не ўзялі. З інтэрната таксама выселілі. Вось і застаўся малады мужчына літаральна на вуліцы – без жылля, без дакументаў і без грошай. «Бамжаваў», – прызнаецца ён. Разам з такімі ж бяздомнымі жыў у пакінутай на вуліцы няспраўнай аўтамашыне. Канешне ж, было і голадна, і холадна. Некалькі разоў пападаў у бальніцу.
Па першым часе ён званіў сваёй цётцы, а потым сувязь абарвалася. У студзені бягучага года цётка звярнулася ў міліцыю з просьбай аб аказанні дапамогі ў вышуку яе пляменніка.
– Масква – горад вялікі. Знайсці там чалавека няпроста, аднак менш чым праз месяц месцазнаходжанне навагрудчаніна І. было ўстаноўлена, – расказвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Навагрудскага РАУС Андрэй Марцішэўскі.
Дапамагла нязначная, на першы погляд, дробязь. Аналізуючы тэлефонныя званкі, якія паступалі сваякам прапаўшага мужчыны, работнікі міліцыі звярнулі ўвагу на адзін з расійскіх нумароў. Дзякуй жанчыне, якой належаў гэты нумар: з яе дапамогай удалося адшукаць навагрудчаніна. Яго гісторыя, на шчасце, завяршылася добра.
– Выпадкі, калі людзі едуць на заробкі за мяжу і прападаюць, нярэдкія, – працягвае Андрэй Марцішэўскі. – Прычыны самыя розныя. Да прыкладу, жыхар Навагрудскага раёна Г. у лістападзе мінулага года са сваім знаёмым паехаў у Маскву і быў прыняты на працу ў будаўнічую брыгаду. Літаральна праз некалькі дзён Г. быў шпіталізаваны ў медыцынскую ўстанову, з якой пасля выпіскі пайшоў у невядомым напрамку і да месца работы не вярнуўся. Як аказалася, мужчына быў затрыманы пры спробе ўчыніць крадзеж. У цяперашні час ён адбывае пакаранне на тэрыторыі Расіі.
У падобную сітуацыю трапіў і навагрудчанін А. На заробкі ў Маскоўскую вобласць ён накіраваўся ў студзені 2017 года, а ў красавіку таго ж года ўчыніў крадзеж і быў асуджаны да 6 месяцаў арышту. Пакаранне адбыў і пэўны час працаваў плітачнікам у Тамбоўскай вобласці. У ноч на 6 студзеня 2018 года мужчына адмарозіў ступні ног і трапіў на стацыянарнае лячэнне. Пасля выпіскі быў накіраваны ў аддзяленне начнога знаходжання ў г. Тамбоў, адкуль яго забралі сваякі.
Абмарожванне абедзвюх ног замест абяцанага заробку атрымаў і навагрудчанін Т. Аб яго прапажы ў Навагрудскі РАУС заявіў брат. З сакавіка 2017 года па красавік 2018 года Т. не выходзіў на сувязь, і гэта стала для яго родных падставай для абгрунтаванага хвалявання. Знайшлі мужчыну ў адным з прытулкаў для бамжоў.
Выпрабаванне для родных
– У кожнага, хто адправіўся за мяжу на заробкі, ёсць родныя, сваякі, і яны за іх хвалююцца, – перакананы Андрэй Марцішэўскі. – У многіх выпадках – небезпадстаўна. – На сённяшні дзень у вышуку знаходзяцца 15 жыхароў Навагрудскага раёна, якія прапалі без вестак. З іх шэсць у розны час паехалі на заробкі ў Расійскую Федэрацыю і не вярнуліся. Вячаслаў Вараніцкі, да прыкладу, пакінуў Навагрудак у 2000 годзе, Сяргей Загорскі – у 1993 годзе. Іх месцазнаходжанне не ўстаноўлена. І можна ўявіць, як хвалююцца за іх сваякі і блізкія.
Тым, хто выбраў месцам работы іншую краіну, варта падтрымліваць рэгулярную сувязь са сваімі роднымі. Абавязкова раскажыце, з кім вы едзеце, а па прыездзе на месца неадкладна паведаміце адрас пражывання і работы, кантактныя тэлефоны свае і наймальніка. Людзей, якія не хочуць праблем, павінна насцярожыць, калі наймальнік забірае пашпарт работніка і захоўвае яго ў сябе.
Адрас працы – замежжа
– Жыццё – не прыгожая казка, і кожны павінен паклапаціцца пра сябе сам, – папярэджвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. – Выязджаючы за мяжу, трэба абавязкова ўзяць з сабой грошы і мець у запасе тую суму, якая неабходная для вяртання дадому. Пашпарт і грошы захоўваць у патаемным месцы, пра якое ведаеце толькі вы.
Варта зарэгістравацца ў сацыяльных сетках, да прыкладу, у ВКонтакте, паведаміце сваякам свой уліковы запіс, каб яны маглі перапісвацца з вамі. Зносіны з роднымі можна ажыццяўляць праз тэлефонны месенджар (Viber і інш.). Пры ўладкаванні на працу абавязкова заключайце працоўны дагавор з наймальнікам: у адваротным выпадку гэта будзе падман. Не пакідайце наймальніку свой пашпарт, пасля афармлення дакументаў патрабуйце яго вярнуць.
Падтрымлівайце сувязь са сваякамі рэгулярна, пры змене месца жыхарства паведамляйце ім пра гэта і ўказвайце новы адрас.
У многіх выпадках каталізатарам праблем за мяжой з’яўляецца спіртное. Трэба ведаць, што ўжываць алкагольныя напіткі ў сумніўных месцах (на вакзалах, у дваровых тэрыторыях і незнаёмых кватэрах) небяспечна: могуць прапанаваць няякасны алкаголь альбо падсыпаць снатворнае. У выніку можна застацца без дакументаў і грошай і нават стаць ахвярай злачынства.
Андрэй Марцішэўскі звяртае ўвагу, што пасля завяршэння працоўнага дагавора і атрымання разліку, грошы пажадана раздзяліць на некалькі частак і захоўваць у розных месцах (сумцы, кашальку, кішэнях). Пры вяртанні дадому лепш не выкарыстоўваць выпадковы транспарт, больш бяспечна перамяшчацца афіцыйна на цягніку ці аўтобусе. Перад ад’ездам варта паведаміць сваякам, як і на чым будзеце дабірацца (нумар рэйса, нумар аўтобуса і інш.). Калі едзеце на аўтамашыне са знаёмымі – назавіце іх даныя і нумары тэлефонаў.
Калі ж вы ўсё-такі апынуліся на вуліцы, згубілі грошы, дакументы і мабільны тэлефон, вам няма дзе жыць, супрацоўнікі міліцыі раяць неадкладна звярнуцца ў бліжэйшы аддзел паліцыі. Раскажыце аб тым, што з вамі здарылася, і папрасіце звязацца з вашымі роднымі.
Дадзеныя рэкамендацыі не гарантуюць, што праца за мяжой складзецца так, як вы хочаце. Але шанцы на гэта істотна павысяцца, упэўнены Андрэй Марцішэўскі.
Вольга Навагран, «НЖ»
Фото носит иллюстративный характер (из интернета)
Стоит почитать:
В Новогрудке прошел тренинг-семинар по ведению предпринимательской деятельности
В Новогрудке проходит акция «День безопасности. Внимание всем!»


















