Паспрабуйце заплюшчыць вочы і ўспомніць слова, якое сагравае вас лепш за самую цёплую коўдру. Хутчэй за ўсё, гэта будзе слова з вашай роднай мовы. Бо менавіта на гэтай мове навакольны свет стаў для нас зразумелым і добрым. «Сонейка», «мама», «дом» – гэтыя словы гучаць менавіта на той хвалі, на якую настроена наша душа.
У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, мы гаворым пра галоўнае: пра любоў да Радзімы, пра памяць і самабытнасць. У сучасным свеце, дзе сціраюцца межы, вельмі лёгка згубіцца ў патоку чужой інфармацыі. Але той, хто памятае і шануе сваю мову, ніколі не згубіцца ў натоўпе.
У Любчанскім дзіцячым садзе ўсе заняткі вядуцца на роднай мове. Юныя любчанцы з радасцю паўтараюць за выхавальнікамі прыгожыя і напеўныя радкі беларускіх вершаў, расказваюць аб сваіх дзіцячых уражаннях і лічаць матчыну мову самай прыгожай і зразумелай.
– Быць беларусам – гэта не проста жыць у краіне, але і шанаваць яе традыцыі, ведаць гісторыю і мастацтва, берагчы прыроду і помнікі культуры, каб захаваць іх для будучых пакаленняў, – гаворыць загадчык ДУА «Любчанскі дзіцячы сад» Аліна ШАРАЕВА. – Усё гэта закладваецца ў дзяцінстве як аснова, на якую потым будуць накладвацца новыя веды, новыя эмоцыі. І хто, як не выхавацелі дзіцячага сада, павінны граматна і разумна фарміраваць у дзяцей пачуццё любові да Бацькаўшчыны, да свайго народа.
– Ужо сем гадоў у нашай установе існуе этнаграфічны куток «Беларуская хатка», – дапаўняе выхавальнік Ала ГІРЫС. – Пры яго стварэнні мы ставілі задачу расказаць нашым дзецям пра беларускія традыцыі, паказаць каларыт беларускай вёскі: як жылі раней іх прабабулі і прадзядулі, якімі рэчамі карысталіся.
Міні-музей уяўляе сабой сялянскую хату, у якой сабраныя прадметы ткацтва, калаўроты, гліняны посуд, чыгункі для прыгатавання ежы, маслабойка, рэчы бытавога ўжывання. Адразу пры ўваходзе знаходзіцца печ – галоўнае месца ў кожнай сялянскай хаце. Крыху далей – ложак, засланы прыгожай саматканай посцілкай, на ім гара падушак, пакрытых вышыванкай. Каля ложка – калыска, сплеценая з лазы. Усяго сабраны 31 экспанат, частку з якіх прынеслі мясцовыя жыхары. Так, кошык, які калісьці выкарыстоўваўся пры сяўбе, – падарунак Таццяны Гірыс, драўлянае карыта прывезена з Капашчава. У афармленні этнаграфічнага кутка ўдзельнічалі ўсе работнікі дзіцячага сада, і многія рэчы зроблены іх спрытнымі рукамі.
– Дзеці любяць прыходзіць у гэты пакой, – адзначае Аліна Шараева. – Тут праводзяцца заняткі па роднай мове. Калыханкі, вершы, казкі, расказы пра родны Любчанскі край, пра Беларусь – праз іх хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца пазнаваць навакольны свет, адкрываюць для сябе мудрасць, вопыт і веды многіх пакаленняў. Родная мова – гэта не проста словы. У ёй наша гісторыя, наш характар і наша будучыня. Калі мы размаўляем на мове продкаў, мы захоўваем іх памяць і культуру.
Instagram | YouTube | TikTok |



















